І пявуння, і працаўніца — на ўсе рукі майстрыца — жыхарка вёскі Горкі Чэрвеньскага раёна

Люди и судьбы Общество

Ёсць людзі, як праменьчыкі сонца ў пахмурны дзень: пры сустрэчы з імі свет вакол робіцца больш цеплым, светлым і радасным. Пра такую жанчыну, да таго ж таленавітую – наш расповяд. Тым больш, што з’явілася прыемная нагода расказаць пра яе. Марыя Мікалаеўна Грышановіч — адна са старэйшых жыхарак вёскі Горкі – на гэтым тыдні адзначыла свой 90-гадовы юбілей.

У гэтай весцы яна нарадзілася, тут прайшло яе дзяцінства, юнацкія гады. Да вайны Марыя паспела скончыць толькі чатыры класы. І калі ў вёску прыйшла жахлівая вестка аб пачатку вайны, дзяўчыне было дванаццаць гадоў. Памятае, як лютавалі карнікі ў суседніх вёсках,   як здзекваліся над старымі і малымі, як тапілі ў студнях людзей… Прыгадвае сваю маці, якая пякла хлеб партызанам, хаця ў сям’і і сваіх ртоў было нямала — пяцера дзяцей. Як выжывалі ў той час – аднаму  Богу вядома…

Пасля вайны дзяўчыне вучыцца не давялося. Пайшла працаваць у калгас. У 1954 годзе сустрэла свой лёс. Мікалай быў хлопец майстравы. Каб у сям’ю прыйшоў дастатак, ён і на палявых работах працаваў, і араў, і касіў, і пчаляром быў — за любую справу браўся. Да жонкі ставіўся з любоўю і разуменнем, ніколі слова дрэннага не сказаў. Паважаным у вёсцы чалавекам быў. Пяцера дзяцей яны нарадзілі і выхавалі дастойнымі людзьмі. Хату пабудавалі, у якой да гэтага часу збіраецца вялікая сям’я Грышановічаў —  дзеці, 10 унукаў і 10 праўнукаў. Яны часта наведваюць Марыю Мікалаеўну, якая ўжо дваццаць чатыры гады, як засталася адна,  каб дапамагчы ёй па гаспадарцы і пабалаваць яе “гарадскімі” пачастункамі.

— Усе дзеці нашы паспявалі і вучыцца добра, і хатнімі справамі займаліся, — прыгадвае Марыя Мікалаеўна. — Ва ўсіх былі свае абавязкі, з якімі яны безагаворачна спраўляліся.  Гаспадарка ў нас на той час была вялікая – карова, свінні, гусі, качкі, куры, ды яшчэ трэба было і калгасу дапамагчы –  бульбу ўбіралі, буракі, лён ірвалі, сена нарыхтоўвалі…  Усім работы хапала.

Да гэтага часу ў гаспадарцы памятаюць гэтую ўвішную працалюбівую жанчыну. Пра гэта сведчаць яе шматлікія граматы і падзякі, якімі неаднойчы яна была ўзнагароджана і якія беражліва захоўваюцца да гэтага часу.

    А поплеч з працай вернай сяброўкай Марыі Мікалаеўны была песня. Спяваць яна любіла з дзяцінства. А калі ўладкавалася працаваць у гаспадарку, вядома ж, стала адной з самых актыўных удзельніц сельскай мастацкай самадзейнасці. Самадзейныя артысты — яны заўсёды самыя заўзятыя завадатары на ўсіх мерапрыемствах, удзельнікі не толькі мясцовых, але і раённых святаў.

— Мы былі вельмі захопленыя самадзейнасцю. Бывала, пасля працы беглі ў клуб на спеўкі, — працягвае жанчына. —  Пра нас і ў раённай газеце пісалі. А мне нават пашчасціла аднойчы і на тэлебачанні выступаць. Спявала там калядную песню. Дык ёй зацікавіўся сам Анатоль Ярмоленка, кіраўнік “Сяброў”.

І Марыя Мікалаеўна праспявала яе:

“…Даждаліся каляд – сват са сватам, з братам – брат,

Хлопец — з дзеўкай, з бабай — дзед і з суседкаю — сусед.

 Пойдзем мы калядаваць, людзям добрае жадаць,

Каб і елі, і пілі, і да сто гадоў жылі…”

А потым і вялікі верш пра Хатынь прачытала.  І я па-добраму пазайздросціла – ў такім шаноўным узросце жанчына мае цудоўную памяць. На маё здзіўленне, Марыя Мікалаеўна адказала, што чытае газеты, асабліва любіць “раёнку” і для трэніроўкі памяці вершы мясцовых аўтараў вучыць.  

Яшчэ пра такіх, як Марыя Мікалаеўна, кажуць: залатыя рукі. Прозвішча Марыі Мікалаеўны ёсць на старонках энцыклапедыі “Беларускі фальклор”. Яна прадстаўлена як майстрыха па аздабленню беларускага кута, дакладней – па вышыванню. Да яе і вучняў тады яшчэ Горкаўскай школы прыводзілі паглядзець на яе вырабы. А рукатворных работ у яе нямала. І яны, нібы выпраменьваюць цяпло рук, якія далі ім жыццё. Нават немудрагелістыя сурвэткі, вышытыя майстрыхай, — быццам візітная картка беларускай душы, дзе прысутнічаюць любоў і радасць.

Умее жанчына яшчэ і ткаць, і вязаць, і нават лапці плесці, ды не звычайныя, а з вяровак, што навучылася рабіць яшчэ ў вайну. А літаральна днямі закончыла вязаць кручком абрус для ўнучкі. Сама напрала нітак ільняных на калаўроце, які зрабіў унук Дзіма. Ен жа змайстраваў і кросны, якія разам са старымі кроснамі, якія захоўваліся на гары, падаравала Марыя Мікалаеўна Горкаўскаму Дому фальклору.

Вось такая яна, Марыя Мікалаеўна, чалавек-праменьчык, пагутарыўшы з якой, становіцца лёгка і светла на душы. 29 красавіка ў дзень яе юбілею было шмат гасцей. Невялікая хата не ўмясціла ўсіх нашчадкаў жанчыны – свята ладзілі ў гарадскім рэстаране. Як жа гэта цудроўна, калі цябе любяць і паважаюць. Бо нездарма кажуць: пасееш дабро вакол сябе — яно ў сто разоў прарасце і дабром вернецца!

Віншуем Вас, шаноўная Марыя Мікалаеўна, з юбілеем! Жадаем моцнага здароўя, бадзёрасці і шмат яшчэ радасных дзён.

Таццяна МАРЦЬЯНАВА.

Фота аўтара і з архіву сям’і Грышановіч

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *