Гаспадаркі Чэрвеньшчыны пачалі касьбу траў першага ўкосу. Паводле звестак райсельгасхарчу на раніцу ўчарашняга дня, гэты від работ выкананы на 1580 гектарах, што складае 11 працэнтаў ад неабходнага. З траў першага ўкосу нарыхтавана 2712 тон сенажу: 1666 – у эксперыментальнай базе “Натальеўск”, 701 – у СВФ “Аграбуд” ААТ “Мінскжалезабетон”, 345 – у філіяле “Агра-Бокс” СП “Унібокс”.
У адкрытым акцыянерным таварыстве “Раванічы” касавіцу пачалі з люцэрны. Яе назапашваюць рулонамі ў палімернай упакоўцы.
На палетку ля вёскі Валадута зялёную масу зграбае ў валкі ветэран працы гаспадаркі Аляксандр Маслоўскі. Пяць гадоў таму ён выйшаў на заслужаны адпачынак, але дагэтуль шчыруе на трактары ў гарачую пару сезонных работ у полі.

Рулонную тэхналогію нарыхтоўкі сенажу ў палімернай упакоўцы паспяхова асвоіў механізатар Вячаслаў Ніціеўскі. Другі сезон ён спрытна ўпраўляецца з прэс-падборшчыкам, які гаспадарка набыла летась…
Некалькі апошніх гадоў ААТ “Раванічы” займае лідзіруючыя пазіцыі ў раёне па корманарыхтоўцы. Штогод тут перазалужаюць не менш за 500 гектараў кармавых палеткаў. Перавагу аддаюць канюшыне і яе сумесі з цімафееўкай. Сёлета дадаткова плануюць пасеяць 100 гектараў люцэрны.

Як распавёў дырэктар гаспадаркі Сяргей Кіпець, на масавай нарыхтоўцы кармоў будуць задзейнічаны тры касілкі, чатыры кормаўборачныя комплексы і 12-14 адзінак тэхнікі на адвозцы зялёнай масы. На зімовы стойлавы перыяд (з улікам палеткаў РСУП “Ганута-Агра”, якое знаходзіцца ў аператыўным кіраванні ААТ “Раванічы”) неабходна нарыхтаваць 20 тысяч тон сенажу і 800 тон сена.
Паводле слоў старшыні прафкама сельгаспрадпрыемства Тамары Цітавец, на перыяд корманарыхтоўкі арганізавана гарачае харчаванне яе ўдзельнікаў на рабочых месцах, распрацаваны ўмовы аплаты працы і меры матэрыяльнага заахвочвання, наладжана ўнутрыгаспадарчае спаборніцтва па відах работ са штодзённым падвядзеннем вынікаў.
Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара