Футбольная ліга дзяўчат: каманда Чэрвеньскай СДЮШАР прывезла са Жлобіна шэсць ачкоў

Актуальное Спорт

У мінулую суботу каманда Чэрвеньскай СДЮШАР у пяты і апошні раз з’ездзіла на гульні групавога этапу рэспубліканскіх спаборніцтваў «Футбольная ліга дзяўчат» у далёкі Жлобін. Каляндар турніру прадугледжваў, што яна згуляе ў 9-10 турах два матчы.

Аднак насамрэч атрымалася згуляць толькі адзін. Першы сапернік нашых дзяўчат, каманда Жыткавічаў, не прыехала на гульню і атрымала тэхнічнае паражэнне- 0:3.
Што да гульні з відавочным аўсайдэрам дывізіёну, камандай Рагачова, то ў ёй, як і чакалася, паўнавартаснымі гаспадарамі былі нашы дзяўчаты. Ужо на першай хвіліне сустрэчы прастрэльную перадачу Аліны Ласоўскай замкнула на дальняй штанзе Дар’я Ермаковіч. Яе ж магутны ўдар з дабівання на 10-й хвіліне прымусіў футбалістак Рагачова ў другі раз пачынаць з цэнтра поля.

Пасля перапынку выхаванкі Чэрвеньскай СДЮШАР забілі трэці мяч, амаль пад капірку з першым: папярэчную перадачу Аліны Ласоўскай замкнула на левым фланзе Дар’я Ермаковіч, аформіўшы тым самым хет-трык.

Футбалісткі ж Рагачова за ўсе паўгадзіны матча не здолелі ні разу прабіць па варотах Веранікі Кудлянковай. За гэты час наш галкіпер, якая пакуль што не прапусціла на турніры ніводнага мяча, без праблем магла б прачытаць увесь суботні нумар «Раённага весніка».

Такім чынам, нашай камандзе, якая ўзначальвае дывізіён «Рагнедка», засталося згуляць у групавым турніры тры матчы ў Мар’інай Горцы. Два з іх — з прамымі канкурэнткамі ў барацьбе за адзіную пуцёўку ў фінальную частку спаборніцтваў — футбалісткамі Жлобіна і Светлагорска. І яшчэ адзін — з новымі гаспадынямі поля.
Каб ісці далей, трэба перамагаць.

 

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *