За добрасумленную працу атрымала Падзяку

Общество

Мінская абласная арганізацыя грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства інвалідаў па зроку” ўзнагародзіла старшыню праўлення Чэрвенскай раённай пярвічнай арганізацыі гэтага аб’яднання Алену Пляшкевіч.

У Падзяцы гаворыцца: “…За дасягненне высокіх паказчыкаў у абласным конкурсе “Лепшая пярвічная арганізацыя 2018 года”.

Гэта не першая высокая ацэнка работы старшыні праўлення чэрвенскай пярвічкі. Алену Мікалаеўну  і ў мінулыя гады неаднаразова ўзнагароджвалі Дыпломамі і Граматамі за добрасумленную працу.

Яе 12 гадоў запар выбіраюць старшынёй пярвічкі. Жанчына добра ведае сваіх падапечных, а іх у яе 106 чалавек: 33 – інваліды па зроку першай групы, 37 — інваліды па зроку другой групы, 30 – трэцяй. Шэсць чалавек уваходзяць у склад пярвічкі на правах відушчых. У горадзе пражывае 54 чалавекі, на вёсцы – 46. Адзін чалавек з сям’і загінуўшага.

Ніхто не застаецца ў Алены Мікалаеўны па-за ўвагай, яна наведвае і гараджан, і вяскоўцаў, вывучае матэрыяльна-бытавое становішча людзей, пытаецца, каму якая дапамога патрэбна. І дапамагае: «камусьці гуманітарку» даставіць, кагосьці ў бальніцу правядзе, а каго і ў санаторый адправіць. На святы павіншуе, у горы падтрымае.

Яе ж, у сваю чаргу, падтрымліваюць сацыяльныя работнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Многія члены  арганізацыі знаходзяцца на надомным абслугоўванні.

Летась члены пярвічкі актыўна ўдзельнічалі ў розных конкурсах і святах, выставах народнай творчасці. Шмат гадоў удзельнічаюць у абласным конкурсе інвалідаў па зроку “Брэйн-рынг”. Зараз члены пярвічнай арганізацыі рыхтуюцца да абласнога конкурсу “Музычная палітра”, які адбудзецца ў Мінску напрыканцы красавіка. Жадаем ім поспехаў!

 

Таццяна МАРЦЬЯНАВА. Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *