Вялікдзень: сімвал Божага святла

Актуальное Духовность

Вялікдзень для кожнага праваслаўнага чалавека з’яўляецца самым чаканым, кранальным, важным царкоўным святам. І гэта падкрэслівае прывітанне-пажаданне, якім прынята абменьвацца пры сустрэчы: «Хрыстос уваскрос!» – «Сапраўды ўваскрос!»

Кацярына і Вадзім Апацкія, г.п.Смілавічы:

– Вялікдзень для нас асаблівы дзень яднання з Богам. Падчас яго адыходзіш ад паўсядзённых спраў і клопатаў, стараешся правесці яго з роднымі і блізкімі. З самай раніцы мы едзем у госці да бацькоў, каб пачаставаць іх кулічамі і фарбаванымі яйкамі. Мой муж сам фарбуе святочныя яйкі. Раней, калі я была не замужам і не было яшчэ нашага сыночка Марка, я прыязджала дадому і хадзіла да бабулі за пірагамі. У бабулі заўсёды яны былі вельмі пышныя, вялікія і самыя смачныя. Зараз мы і самі сустракаем гасцей. Звычайна пасля абеду да нас прыходзяць хросныя бацькі Марка, яны прыносяць Велікодныя кулічы, яйкі і падарункі для сына. Потым мы едзем на дачу, смажым шашлыкі, рыхтуем святочную вячэру і ўсёй сям’ёй збіраемся за сталом.

Сям’я Рамана ВОРНІКА, г.Чэрвень:

– Свята адзначаем дома. Мая мама пячэ булкі і фарбуе яйкі. Снедаем асвячоным яйкам. Наша сямейная традыцыя – спаборніцтвы ў разбіванні яек. А самая «смачная» частка свята – ласаванне велікоднымі кулічамі.

Вольга і Сяргей Ігнатчанкі, в.Натальеўск:

– Мая сям’я верыць у Бога.Мы ўсе праваслаўныя і любім сустракаць царкоўныя святы. Самым значным для нас лічыцца Вялікдзень. Ён прасякнуты любоўю, дабрынёй і клопатам. Напярэдадні свята заўсёды прыбіраем у хаце: мыем вокны, выкідваем непатрэбныя рэчы. У гэты светлы дзень да нас прыходзяць кумы. Нас шасцёра ў сям’і, чацвёра дзетак і мы з мужам. Таму святочны стол звычайна вялікі. Я сама пяку булкі ў суботу і раней у ноч хадзіла ў царкву, каб іх асвяціць. Сёлета не змагу пайсці, таму што трэба глядзець самага меньшага малога.
За сямейным сняданкам з мужам стараемся расказаць дзецям пра Вялікдзень, пра тое, чаму мы фарбуем яйкі і выпякаем кулічы.

Ганна і Андрэй ГАМЕЗА, аг.Любішына:

– Раніцай да нас прыходзяць кумы і па традыцыі прыносяць нашым дзеткам падарункі. Дзетак у нас чацвёра і ўсе чакаюць сваіх хросных бацькоў з радасцю. Гэта выдатны момант, калі ўсе родныя збіраюцца за адным сталом. Час заўсёды ляціць хутка і незаўважна. На стале шмат пачастункаў. Падчас святочнага сняданку распавядаем пра жыццё, дзяцей, бацькоў. А ўвечары выходзім на двор нашага шматпавярховага дома і ладзім агульнае свята з суседзямі. Разам смажым шашлыкі, абменьваемся кулічамі. Дзеці гуляюць, потым вячэраюць з задавальненнем, бо ежа заўсёды смачней на свежым паветры. У гэты момант усе становімся, быццам адна сям’я. У нас шмат агульнага з суседзямі і заўсёды ёсць пра што пагутарыць, асабліва ў такі светлы дзень.

Падрыхтавала Вольга ДЗЕМЕНКАВЕЦ, фото аўтара



1 комментарий по теме “Вялікдзень: сімвал Божага святла

  1. А мы на Пасху едем к бабушке в деревню и отмечаем всей большой семьёй этот светлый день. И не только семьёй, практически вся деревня собирается у нас в гостях. Мы бьемся яйцами и кушаем булки. Очень люблю этот праздник.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *