Сёння на Чэрвеншчыне пачалася прафілактычная акцыя «Пешаход»

Актуальное

Доўжыцца яна будзе да 12 красавіка.

З пачатку года ў раёне з шасці зарэгістраваных дарожна-транспартных здарэнняў два адбыліся з удзелам пешаходаў. Пры гэтым два чалавекі атрымалі траўмы. У абодвух выпадках наезды адбыліся на пешаходных пераходах.

Падчас прафілактычных мерапрыемстваў рэйдавыя групы міліцыі штодня ў цёмны час сутак ладзяць выезды ў прылеглыя да аўтамабільных дарог населеныя пункты, выяўляюць пешаходаў, веласіпедыстаў, вадзіцеляў гужавога транспарту, якія не выкарыстоўваюць святловяртальныя элементы.

Да адміністрацыйнай адказнасці таксама будуць прыцягваць вадзіцеляў,  якія не прадстаўляюць пешаходам перавагу ў руху на пешаходных пераходах. Варта нагадаць, што за невыкананне асобай, якая кіравала транспартным сродкам, патрабаванняў дарожных знакаў або разметкі, а роўна не прадастаўленне асобай, якая кіравала транспартным сродкам, перавагі ў руху пешаходам надыходзіць адміністрацыйная адказнасць у выглядзе штрафу ў памеры ад 1 да 5 базавых велічынь.

Што тычыцца адказнасці пешаходаў згодна Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь, то яна такая:

— у дачыненні да пешахода, які ў цёмны час сутак рухаецца па праезнай частцы не пазначыўшы сябе флікерам, прымяняюцца штрафныя санкцыі ў памеры ад 1 да 3 базавых велічынь ці папярэджанне. Калі парушэнне ім Правілаў дарожнага руху пацягнула стварэнне аварыйнай сітуацыі, то памер штрафу складае ад 3 да 8 базавых велічынь. На суму ад 3 да 5 базавых велічынь штрафуецца пешаход, калі ён знаходзіцца на дарозе ў стане алкагольнага ап’янення. У выпадку калі парушэнне Правілаў дарожнага руху пацягнула прычыненне пацярпеламу лёгкага цялеснага пашкоджання, альбо пашкоджанні транспартнага сродку, грузу, дарожнага пакрыцця, дарожных i iншых збудаванняў або iншай маёмасцi, вінаваты падвяргаецца штрафу ад 5 да 20 базавых велічынь.

Дзяржаўтаінспекцыя настойліва рэкамендуе вадзіцелям не перавышаць хуткасць, вытрымліваць дыстанцыю, быць вельмі ўважлівымі, асабліва паблізу населеных пунктаў, дзе ў любы час на дарозе можа апынуцца пешаход.

Пешаходам праяўляць асцярожнасць і ўважлівасць у дарожным руху, асабліва пры пераходзе нерэгулюемых пешаходных пераходаў. І такім важным элементам бяспекі ў цёмны час сутак як флікер — не варта грэбаваць!

Таксама звяртаем увагу і бацькоў на неабходнасць абазначэння святловяртальнымі элементамі юных удзельнікаў дарожнага руху! Флікеры павінны быць як на вопратцы, так і на школьнай сумцы дзіцяці! Але гэта ўсяго толькі маленькая дэталь, да якой яшчэ, безумоўна, неабходна веданне і выкананне Правілаў дарожнага руху!

Калі вы бачыце паблізу праезнай часткі пешахода, які знаходзіцца ў стане алкагольнага ап’янення, відавочна прадстаўляе небяспеку для руху, просім вас неадкладна паведаміць пра гэта ў міліцыю па тэлефоне 102. Магчыма, ваш званок зберажэ чыёсьці жыццё!

Аляксандр ІВАШКЕВІЧ, начальнік Дзяржаўтаінспекцыі Чэрвенскага РАУС

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *