Ветэран Яўген Дуброўскі прыгадвае дзяцінства, апаленае вайной

75 лет со дня освобождения Беларуси Люди и судьбы

Пакаленне 30-х… На іх долю выпала шмат выпрабаванняў, самым жудасным з якіх была вайна… Чым далей у гісторыю адыходзіць гэты час, тым яскравей паўстаюць у памяці сталых людзей драматычныя падзеі, сведкамі якіх яны былі…

Яўгену Ігнатавічу Дуброўскаму споўнілася 11 гадоў, калі пачалася Вялікая Айчынная. У той дзень было цёплае летняе надвор’е і разам з іншымі хлопчыкамі яго роднай вёскі Багушэвічы Бярэзінскага раёна Жэня быў у лесе. Спелі суніцы… Жаночым плачам сустрэла вёска іх вяртанне дамоў… На наступны дзень праз яе пайшлі першыя бежанцы. А праз тры дні з’явіліся і немцы…

Бацька Яўгена, былы ўдзельнік Першай сусветнай вайны, ведаў, што трэба абараняць сям’ю, яна была вялікай. З бярвенняў, што засталіся ад лесасплаву, у лесе ён пабудаваў зямлянку.  Па яго прыкладу гэта рабілі і іншыя вяскоўцы. 

Давялося малому Жэню ўбачыць на свае вочы жудасныя карціны масавага знішчэння яўрэяў. Да гэтага часу памятае, як  іх выводзілі на рэчку і расстрэльвалі… Людзі дзесяткамі падалі ў ваду і па рацэ плылі іх  целы, нібы бярвенні…

Пазней у Багушэвічах зрабілі нямецкі гарнізон, і веску абнеслі дротам. За ім стаялі вакол кулямёты. Немцы не дазвалялі мірным жыхарам выходзіць за межы вёскі.  Бацька Яўгена паспеў да прыходу немцаў пайсці  ў лес. Там быў сфарміраваны партызанскі атрад. З сабой ён забраў карову, каб тая не дасталася немцам.  Маці з чатырма дзецьмі засталася дома.  Карміць  дзяцей не было чым. Тады вырашылі, што Жэня, як самы старэйшы, павінен быў неяк дабірацца да лесу і насіць адтуль малако. Маці пашыла хлопцу з белай прасціны халат, і ён, рызыкуючы жыццём, лазіў пад дрот, каб забяспечваць сям”ю ежай.

Аднойчы, прабіраючыся такім спосабам да лесу, знянацку зачапіў дрот. Успыхнулі пражэктары, пачалася страляніна, паляцелі ракеты і  адна з іх трапіла хлопцу ў нагу. Боль быў невыносны. Але Жэня, мужна перасільваючы боль і страх, дабраўся да лагера. Адбітак ад гэтага ранення застаўся на ўсё жыццё…

Шмат чаго давялося перажыць хлапцу падчас акупацыі, ды і пасля вызвалення жыццё не было лёгкім. Пачалося аднаўлення гаспадаркі: людзей не хапала, а з “тэхнікі” – некалькі трафейных коней і валоў. Але нават гэтыя неверагодныя цяжкасці не зламалі тых, хто наладжваў жыццё на весцы  і адраджаў разбураныя калгасы. Яўгену таксама давялося працаваць разам з дарослымі. Адшчыраваў ў гаспадарцы да 1950 года. Адсюль пайшоў у войска. Пасля службы скончыў вучылішча механізацыі, а потым, вярнуўся ў родныя мясціны і працаваў трактарыстам,  камбайнерам. Ажаніўся, стварыў сям”ю.

У 1960 годзе ўжо з жонкай і сынам пераехаў у Чэрвень. З Багушэвічаў перавёз дом разам з бацькамі, якіх потым і сам даглядаў. Уладкаваўся ў Чэрвенскі камбінат бытавога абслугоўвання. Але знянацку прыйшла бяда ў гэтую дружную працавітую сям”ю.  Памерла гаспадыня. Без яе цяжка было мужчыне і сына выхоўваць, і за гаспадаркай даглядаць. Праз пэўны час лёс звёў Яўгена Ігнатавіча з маладой удавой Зінаідай, у якой таксама быў  маленькі сын. На той час яна працавала старшынёй у Хутарскім сельсавеце. Вырашылі  жыць у Чэрвені. Тут нарадзіўся ў сям’і яшчэ адзін сын – Міхаіл.

Трыццаць гадоў адшчыраваў Яўген Ігнатавіч Дуброўскі вадзіцелем у Чэрвенскім КБА. Абслугоўваў на вёсцы комплексна-прыёмныя пункты. Удзячныя жыхары праз раённую газету неаднаразова дзякавалі яму за добрую работу. Ён і зараз захоўвае гэтыя надрукаваныя добрыя словы ў яго адрас. Быў камуністам, старшынёй таварысцкага суда ва ўстанове, узначальваў вулічны камітэт. Заўсёды меў прынцыповую пазіцыю, адстойваў справядлівасць. Людзі звярталіся да яго па розных пытаннях. Дзяліцца вопытам работы Яўгена Ігнтавіча запрашалі нават на рэспубліканскія галіновыя мерапрыемствы.

Унукі і праўнукі, якія вельмі любяць прыязджаць да дзядулі і бабулі ў госці, з задавальненнем слухаюць яго расповеды пра жыццё. І яму ёсць пра што расказаць…

Сёння ветэрану спаўняецца 89 гадоў. Шчыра віншуем Вас, шаноўны Яўген Ігнатавіч з Днём нараджэння, зычым моцнага здароўя, дабрабыту і больш нагод для радасці!

 Таццяна МАРЦЬЯНАВА. Фота аўтара

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *