Уздзеншчына – своеасаблівы куток Беларусі, які вядомы далёка за яе межамі. Тут бярэ пачатак найбуйнейшая рака Беларусі Нёман, раскінуліся непаўторныя па прыгажосці салаўіныя гаі і дубровы. На тэрыторыі раёна знаходзяцца два прыродныя заказнікі, 22 помнікі археалогіі, 7 помнікаў архітэктуры.
На ўскрайку вёскі Каменнае знаходзіцца помнік прыроды рэспубліканскага значэння «Валуны «Каменскія».
Два велізарныя валуны ледніковага перыяду, на адлегласці ўсяго трох метраў адзін ад аднаго, у свой час былі прынесены з тэрыторыі Скандынавіі ў час сожскага зледзянення 220-150 тысяч гадоў таму назад. Гэта самая буйная па памерах група валуноў у Мінскай вобласці.
Упрыгажэннем райцэнтра з’яўляецца Царква Святых апосталаў Пятра і Паўла, пабудаваная з цэглы ў 1848 годзе па праекце мінскага архітэктара Струева на сродкі Фадзея Завішы. Храм дзейнічае і па сённяшні час.
Царква Пакрова Прасвятой Багародзіцы ў аграгарадку Хатляны – унікальны пяцікупальны храм-помнік драўлянага дойлідства, пабудаваны ў канцы ХІХ стагоддзя на сродкі мясцовых жыхароў па тыпавым праекце знакамітага рускага архітэктара Канстанціна Тона, аўтара праектаў такіх вядомых збудаванняў, як храм Хрыста Збавіцеля, Вялікі Крамлёўскі палац, Збройная палата ў Маскве. Царква згарэла ў час пажару ў 2013 годзе. Дзякуючы намаганням бацюшкі Віталія і неабыякавых людзей храм адрадзіўся за няпоўныя тры гады.
Да нашых дзён захаваўся Кальвінскі збор – пратэстанцкі храм сярэдзіны ХVІ стагоддзя ў пасёлку Першамайск, на тэрыторыі сядзібна-паркавага комплексу «Кухцічы». Гэта архітэктурна-рэлігійны помнік абарончага тыпу, пабудаваны адным з першых уладальнікаў сядзібы Мацвеем Кавечынскім.
Дарэчы, у сядзібе Кухцічы нарадзіўся вядомы археолаг Ян Казімір Завіша – прадстаўнік аднаго з самых уплывовых і знакамітых беларускіх родаў. Кухцічы памятаюць сваю клапатлівую гаспадыню, дачку Яна Казіміра Завішы, вядомую мецэнатку княгіню Магдалену Радзівіл. Яна адкрыла тры беларускія пачатковыя школы, займалася грамадска-палітычнай дзейнасцю. Дзякуючы яе дапамозе, выйшаў у свет зборнік вершаў Максіма Багдановіча «Вянок», кнігі Канстанцыі Буйло і Якуба Коласа, іншых беларускіх пісьменнікаў. У знак падзякі на тытульным аркушы зборніка вершаў Максіма Багдановіча «Вянок» быў змешчаны родавы герб Завішаў «Лебедзь».
Для гасцей Уздзеншчыны, акрамя сядзібы «Кухцічы», будуць цікавы яшчэ два сядзібна-паркавыя комплексы – «Талкачэвічы», у якім захаваўся векавы парк, і «Наднёман», у якім жыў і рабіў свае навуковыя адкрыцці таленавіты беларускі навуковец-прыродазнаўца Якаў Наркевіч-Ёдка.
На гарадскіх могілках Узды можна ўбачыць найцікавейшы аб’ект –пірамідальную грабніцу, пабудаваную ў другой палове ХІХ стагоддзя як пахавальня роду Завішаў. Яна нагадвае па сваёй форме піраміду егіпецкіх фараонаў.
На Уздзеншчыне шмат гістарычных месцаў, звязаных з жыццём і дзейнасцю выдатных людзей розных эпох. Гэты край можна лічыць адным з першых месцаў беларускага кнігадрукавання. Паслядоўнік Францыска Скарыны, адзін са знакамітых дзеячаў беларускага Адраджэння, Сымон Будны ў 1572 годзе напісаў ва Уздзе ўступленне да Бібліі, а асветнікі браты Кавячынскія – Прысвячэнне да яе. Апошнія раздзелы Бібліі друкаваліся ў маёнтку Кухцічы.
Уздзенскі раён часта называюць «салаўіным краем»: тут увабралі народную мудрасць паэты і пісьменнікі Кандрат Крапіва, Паўлюк Трус, Пятро Глебка і іншыя. За працоўныя дасягненні больш за 300 жыхароў раёна ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі, у тым ліку больш за 40 чалавек – ордэнам Леніна.