Аб тым, што зроблена летась, распавёў старшыня арганізацыі Васіль Ладуцька. Ён, у прыватнасці, адзначыў, што ў працоўных калектывах прадпрыемстваў і арганізацый, навучальных установах праводзіліся прафілактычныя гутаркі, вялася грунтоўная работа па размяшчэнню наглядных матэрыялаў, якія адлюстроўваюць правілы бяспечных паводзін на вадзе і лёдзе. Найбольш актыўна летась працавалі пярвічныя арганізацыі таварыства ў рыбгасе “Волма”, раённай бальніцы, лясгасе, друкарні, другой і чацвёртай гарадскіх, Турэцкай школах.
Таксама Васіль Ладуцька акрэсліў задачы арганізацыі на сёлета. Сярод іх – актывізацыя працы па навучанню плаванню дзяцей у школах і летніх аздараўленчых лагерах, якасная падрыхтоўка месцаў масавага адпачынку ля вады да купальнага сезону. Больш эфектыўна павінны выкарыстоўвацца для прапаганды бяспечных паводзін на вадзе насценны і перыядычны друк, інфармацыйныя стэнды, відэатэхніка.
Абмяркоўваючы справаздачны даклад, старшыня пярвічнай арганізацыі таварыства ратавання на вадзе чэрвенскай гімназіі Алеся Кавалёнак распавяла, што летась у навучальнай установе ладзілі гульню-віктарыну “Правілы паводзіны школьнікаў на вадзе”, інтэрактыўную гульню “Прагулка да рэчкі”, гутаркі “Дзецям пра купанне”, “Здароўе і бяспечнае купанне”, прагляд тэматычных відэафільмаў, вялі рэкламна-агітацыйную работу па прыцягненню ў шэрагі таварыства.
Вопытам сваёй працы таксама падзялілася старшыня пярвічнай арганізацыі Турэцкай базавай школы Алеся Стасілевіч. Тут праводзяць прафілактычную работу не толькі з дзецьмі, але і з іх бацькамі, работнікамі школы. У прыватнасці, арганізоўваюцца практычныя заняткі па аказанню першай дапамогі на вадзе, пры пераахалоджванні і абмаражэнні. Прафілактыка сярод малодшых школьнікаў наладжана у форме гульняў з выкарыстаннем навучальных мультфільмаў.
На сходзе адбыліся выбары новага складу прэзідыума раённай арганізацыі, зацверджаны план мерапрыемстваў на сёлета, абраны дэлегаты на абласную справаздачна-выбарную канферэнцыю.
Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара