Падчас пажару ў садоўніцкім таварыстве “Ялінка” атрымаў апёкі мужчына

Актуальное Происшествия

Паведамленне аб узгаранні гаспадарчай пабудовы ў садоўніцкім таварыстве “Ялінка” ля вёскі Дукоршчына Смілавіцага сельсавета паступіла ратавальнікам учора ў 16 гадзін 52 хвіліны.  Калі яны прыехалі на месца здарэння, высветлілася, што гараць хлеў і дачны дом на адным з участкаў.

У тушэнні пажару было задзейнічана 7 адзінак тэхнікі: са Смілавічаў,  Чэрвеня, а таксама з суседніх Пятровічаў, Свіслачы і Мар’інай Горкі.

Падчас самастойнага тушэння полымя пацярпеў мінчанін, брат гаспадара. З апёкамі твару і рук яго шпіталізавалі.

У выніку пажару знішчаны дах дачнага дома і хлява, пашкоджана маёмасць. Полымя перакінулася на тры суседнія дачныя дамы, але ратавальнікі не далі яму нарабіць тут вялікай шкоды. Праўда, на адным з участкаў згарэла цяпліца.

Як распавяла “Раённаму весніку” інспектар групы прапаганды і навучання Чэрвенскага РАНС Юлія Максіменя, пажар узнік з-за неасцярожнага абыходжання з агнём пры выпальванні смецця ў бочцы паміж дачным домам і гаспадарчай пабудовай.

І.УЛАДЗІМІРАЎ

Фота з інтэрнэт-сайта mchs.gov.by

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *