Малая радзіма касманаўта Навіцкага і мастака Суціна: медыяпраект «Міншчына дзіўная» завяршае свой марафон у Чэрвенскім раёне

Актуальное Год малой радзімы

Гісторыя нашага раёна  – гэта сімвал непарыўнай сувязі часоў, суквецце багатых традыцый мінулага, дасягненняў сучаснасці, радзіма вядомых ва ўсім свеце таленавітых і мужных людзей.

ЗНАКАМІТЫЯ ЗЕМЛЯКІ

Трэці беларускі касманаўт – родам з Чэрвеня

Напэўна, няма на бязмежных прасторах былога Саюза і па-за яго межамі чалавека, які  б пасля 2012 года не ведаў Чэрвеншчыну і яе ўраджэнца Алега Навіцкага. Менавіта ў гэты час  наш зямляк  здзейсніў  першы палёт ў космас. Праз чатыры гады ён ажыццяўляе другі палёт, які доўжыцца 197 сутак.

Алег Віктаравіч, калі надараецца час наведаць малую радзіму, заўсёды жаданы госць у працоўных калектывах раёна. Асабліва чакаюць сустрэчы з ім вучні школ. Дарэчы, у роднай школе касманаўта – СШ№2 г. Чэрвеня – у 2013 годзе створаны музей, у якім сабраны больш за 4000 экспанатаў. Яны адлюстроўваюць гісторыю развіцця касманаўтыкі і першаадкрывальнікаў космасу. Непадалёк ад гэтай школы закладзены Сквер касманаўтаў, у якім падчас Міжнароднага касмічнага форуму пасадзіў дрэвы разам са сваімі калегамі Алег Навіцкі.

Музей Манюшкі

Чэрвеншчына – калыска  вядомага ў свеце кампазітара Станіслава Манюшкі. Непадалёку ад месца, дзе ен нарадзіўся (м. Убель) ў пасёлку Азёрны ў 1969 годзе  быў створаны адзіны ў свеце музей кампазітара, якому  ў тым жа годзе было прысвоена званне “Народны”. Шматлікія замежныя госці, наведваючы раён,  выказваюць жаданне дакрануцца да спадчыны  вялікага майстра, пабачыць на свае вочы экспанаты, якіх тут сабрана больш за 500 адзінак. Гэта і тэатральныя касцюмы з опер “Галька” і “Парыя”, падораныя Позненскім оперным тэатрам, і сцэнічныя касцюмы Варшаўскага опернага тэатра, і ноты, напісаныя рукой кампазітара, і  копіі малюнкаў бацькі кампазітара Чэслава Манюшкі, на якіх адлюстраваны партрэты сына, настаўнікаў і мясцовыя пейзажы.

А сёлета, 5 красавіка, роўна за месяц да 200-гадовага юбілею славутага земляка, у  Смілавічах, дзе дзейнічае музычная гасцёўня Манюшкі, адкрылася  пастаянная музейная кампазіцыя, прысвечаная яго жыццю і творчасці.

Прастора Суціна і Царфіна

Не меншую цікавасць выклікае ў гасцей Чэрвенскага раёна створаны ў 2008 годзе па ініцыятыве Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА музей “Прастора Хаіма Суціна”, які прысвечаны жыццю і творчасці таксама ўраджэнца Чэрвеншчыны – аднаму  з самых вядомых мастакоў Парыжскай школы Хаіму Суціну.

Экспазіцыя разгорнута ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі ў г.п. Смілавічы. У выставачных залах змешчана інфармацыя пра сям’ю, дзіцячыя, юнацкія гады, вучобу Суціна ў Мінску і Вільне, рэпрадукцыі твораў мастака, яго сяброў. У зале «Парыжскага кафэ» наведвальнікі акунаюцца ў атмасферу парыжскіх вуліц. Яе стварае ўтульнае  памяшканне, стылізаванае пад тыповае  парыжскае кафэ з барнай стойкай, столікамі, дзе можна атрымаць асалоду ад  кубка  кавы і на некаторы час ўявіць сябе сучаснікам  мастака. У 2015 годзе ў музеі  створаны трэці  зал, прысвечаны яшчэ аднаму ўраджэнцу Смілавіч мастаку Шрагу Царфіну.

***

Знакамітая Чэрвеншчына і вядомымі архітэктарамі Тамарай Пракаповіч,  Яўгеніяй Гляцэвіч, Валянцінай Токаравай, Уладзімірам Каралём – выпускніком  школы №1, імя якога носіць цяпер гэтая навучальная ўстанова.

Шмат творчых людзей узрасціла чэрвенская зямля. У іх ліку пісьменнікі Мікола Вяршынін, Міхась Пянкрат, Эдуард Ярашэвіч, этнограф-фалькларыст Янка Крук,  гісторык і літаратуразнаўца Аляксей Каўка, кампазітары Альфрэд Шутаў і Кім Цесакоў. У Ігумене ў 1869 годзе нарадзілася Марыя Мякота, маці класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча.

Тут малая радзіма алімпійскага чэмпіёна па цяжкай атлетыцы Валерыя Шарага; чэмпіёнкі Паралімпійскіх гульняў у Турыне і Ванкуверы Людмілы Валчок; удзельніц Алімпіяды -2004 у Афінах легкаатлетак сясцёр Святланы і Ілоны Усовіч; срэбранага прызёра  міжнароднага турніру па вольнай барацьбе Алены Кароль, іграка нацыянальнай зборнай  Беларусі па футболу Андрэя Лаўрыка.

МАЛАВЯДОМЫЯ ФАКТЫ

Грабёнку наведваў Якуб Колас

Чэрвенская зямля была ўвекавечана  Якубам Коласам у яго трылогіі «На ростанях».  У Грабёнскую школу, што месціцца ў маляўнічым кутку Чэрвеншчыны, прывозіў Лабановіч (герой трылогіі)  экзаменаваць сваіх вучняў. І гэта не мастацкая выдумка. Вядома, што факталогія трылогіі Коласа мае непасрэдныя суадносіны з летапісам жыцця пісьменніка. З пачатку студзеня па 25 жніўня 1906 г. Канстанцін Міцкевіч працаваў настаўнікам у Верхменьскім народным вучылішчы былога Ігуменскага павета (цяпер Смалявіцкі раён) і вазіў вучняў для здачы экзаменаў ў Грабёнскае народнае вучылішча ў маі 1906 года. Гэты перыяд свайго жыцця пісьменнік апісаў у першай частцы трэцяй кнігі трылогіі, якая называецца «Верхань». І старшыня экзаменацыйнай камісіі Шчарбачэвіч, які высока ацаніў веды вучняў, сапраўды жыў калісьці ў Ігумені, выкладаў у Ігуменскім гарадскім вучылішчы.

Прататып Дуброўскага жыў у Раванічах

Яшчэ адзін малавядомы, але цікавы факт у гісторыі Ігуменшчыны. Мяркуецца, што прататыпам галоўнага героя аповесці А.Пушкіна «Дуброўскі» стаў збяднелы дваранін з вёскі Раванічы Павел Астроўскі. Пасля вайны 1812 года Астроўскія не змаглі даказаць правы на свой маёнтак, бо ўсе дакументы былі згубленыя падчас пажару.

Павел Астроўскі стаў беззямельным дваранінам і служыў настаўнікам у памешчыка Яна Памарнацкага. Пасля стаў актыўным удзельнікам вызваленчага паўстання 1830-1832гг, быў арыштаваны. Яму ўдалося ўцячы. Ёсць меркаванне, што ён вярнуўся ў Раванічы, дзе яго потым і не шукалі.

Гэтую гісторыю распавёў у верасні 1832 года А.Пушкіну яго сябар, паэт П.Нашчокін. Агульнавядомы факт, што першапачаткова Пушкін даў «Дуброўскаму» рабочую назву «Астроўскі».

ВЫДАТНЫЯ МЯСЦІНЫ  І СВЯТЫНІ

З вёскай Раванічы звязана легендарнае імя — памешчыка Антонія Слатвінскага, які разбагацеў на «напалеонаўскім золаце». Згодна легендзе, высякаў неяк яго прыгонны селянін лес, потым стаў паліць пні. І раптам з-пад аднаго паплыла невядомая жоўтая маса. Кінуўся селянін да пана за тлумачэннем, а той яму за знаходку прапанаваў 25 рублёў.  Пасля гэтага мужык моцна стаў на ногі, а сам пан разбагацеў настолькі, што змог і палац пабудаваць, і Касцёл Святога Антонія ўзвесці, і парк дзіўны закласці. Так з’явіўся ў гэтай мясцовасці палацава-паркавы комплекс Слатвінскіх – помнік архітэктуры з рысамі класіцызму, які ўключае  палац, жылыя і гаспадарчыя пабудовы. Перад ім – вялікая паляна, якая вядзе да вадаёма і аточана векавымі дрэвамі. Гонар  парка – адзіныя ў рэспубліцы  экземпляры дуба белага і клёна срэбранага.

Чэрвенскі касцёл Узвышэння Святога Крыжа

Яшчэ адзін помнік архітэктуры ХІХ-пачатку XX стагоддзя псеўдагатычнага  і неагатычнага стылю з элементамі мадэрнізму – палац Манюшкаў-Ваньковічаў у Смілавічах. У розныя часы маёнтак належаў Кезгайлам, Сапегам, Завішам. У XVIII стагоддзі гаспадаром яго стаў гетман Вялікага Княства літоўскага Міхаіл Казімір Агінскі. У 1791 годзе маёнтак адышоў да сям”і Манюшкі. Будаўніцтва палацу вялося Станіславам Манюшкам (дзедам кампазітара Станіслава Манюшкі) і яго сынамі. Казімір Манюшка заклаў багатыя батанічны і фруктовы сады. А будаўніцтва комплексу было завершана Лявонціем Ваньковічам. З 2013 года ўладальнікам  палацавага комплексу і яго тэрыторыі з”яўляецца арганізацыя “Вінктэх-трэйд”, якая цяпер праводзіць комплекс рамонтных і рэстаўрацыйных работ.

Таксама ў Смілавічах дзейнічае  Свята-Георгіеўская царква, пабудаваная ў 16 стагоддзі. Настаяцель храма – пратаіерэй Валерыян Бугаенка,  – адзін з тых нямногіх святароў, якіх Мітрапаліт Філарэт блаславіў на службу “Малебна пра нядужных”. Акрамя таго,  уладыка Філарэт узнагародзіў айца Валерыяна правам нашэння мітры.

Калі крыху збочыць са Смілавіч  паміж вёскамі Гудавічы і Вярхлес можна патрапіць на Святую Горку, дзе знаходзіцца камень-следавік. Мясцовыя жыхары лічаць, што на ім адбітак следа Божай Маці або святой Магдаліны.

Помнікі сучаснай архітэктуры – Крыжаўздвіжанскі касцёл і Свята-Нікольская царква –  ўпрыгожваюць цэнтральныя  плошчу і вуліцу Чэрвеня. Абодва пабудаваныя ў 90-я гады на сродкі прыхажан. Першая служба ў касцёле адбылася ў верасні 1993 года, у  царкве – у студзені 1991.

І гэта далёка не ўсё, чым можа падзяліцца, здзівіць, уразіць і парадаваць Чэрвеншчына. Жыхары яе – працалюбівыя  гаспадары – заўсёды рады гасцям.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *