ААТ “Чэрвенскі райаграсэрвіс” – у лідарах сяўбы

Аграрный сектор Актуальное

Паводле звестак райсельгасхарчу на сённяшнюю раніцу, гаспадаркі раёна пасеялі 1462 гектары яравых зерневых культур. Па тэмпах сяўбы ў лідарах ААТ “Чэрвенскі райаграсэрвіс”, дзе гэты від работ выкананы ўжо на 454 гектарах з 1603 неабходных.

Механізатар Міхаіл Гатоўка (злева) і вадзіцель на загрузцы насення Міхаіл Голуб працуюць на сяўбе аўса

…На палетку ля вёскі Гарадзішча бадзёра гудзе рухавік магутнага “Джон Дзіра” з камбінаваным пасяўным глебаапрацоўчым агрэгатам “Тэра Дрыл”. Праход за праходам засявае пульхную глебу аўсом вопытны механізатар Міхаіл Гатоўка.

Невялікі перапынак надараецца, калі трактар пад’язджае да аўтамашыны-загрузчыка, каб напоўніць бункер чарговай партыяй насення.

– Вясна сёлета рання, але асаблівых праблем не стварае, – усміхаецца Міхаіл. – Палеткі хутка падсыхаюць, тэхніка працуе надзейна, настрой – супер! Таму не сумняваюся, што адсеемся, як мае быць. Вось гэты палетак – трыццаць чатыры гектары – сёння пачалі, сёння і скончым…

Улічваючы тое, што землі ААТ “Чэрвенскі райаграсэрвіс пасля мінулагодняга далучэння да яго ААТ “Лядзенскі” прасціраюцца на вельмі значную адлегласць, апрацоўваюць іх па занальнаму прынцыпу.

Механізатар на сяўбе Яўген Шняк

– Пасяўныя плошчы пароўну размеркавалі паміж астраўскім і лядзенскім участкамі, – распавядае дырэктар гаспадаркі Генадзь Шэршань. – Так рабілі ўжо з восені. Зараз уся глебаапрацоўчая і пасяўная тэхніка сканцэнтравана паблізу цэнтральнай сядзібы. Затым пераедзем у лядзенскую зону. Там мы захавалі машынны двор, каб можна было пакідаць на ноч і запраўляць трактары, камбайны. Што да грабянецкай зоны, то там, з улікам нізкай прыроднай урадлівасці глебы, яравыя зерневыя сеем па мінімуму, а больш – кармавыя культуры.

– Сёлета будзем сеяць 800 гектараў аўса, па 400 – ячменю і пшаніцы, – далучаецца да размовы галоўны аграном гаспадаркі Аляксандр Забаўскі. – Акрамя таго – 450 гектараў культур аднагадовай групы. З 1000 да 1300 гектараў пашыраем плошчы пад кукурузу. 80 гектараў зойме бульба.

Работы арганізаваныя ў комплексе. На падрыхтоўцы глебы задзейнічаны механізатары Андрэй Кушнер і Павел Сасункевіч, на сяўбе, акрамя Міхаіла Гатоўкі, шчыруе Яўген Шняк. На ворыве глебы заняты Аляксандр Канапелька. Двума самаходнымі агрэгатамі “Раса”, на якіх працуюць Аляксандр Розум і Вадзім Козел, актыўна вядзём падкормку азімых. Па рапсу і свірэпіцы яе ўжо завяршаем, падкармілі больш паловы зерневых…

Аляксандр Розум, які задзейнічаны на падкормцы азімых зерневых (злева) і галоўны аграном гаспадаркі Аляксандр Забаўскі

Сёлета ў гаспадарцы разлічваюць на трыццаць працэнтаў павялічыць валавы збор зерня. Такі эфект павінна даць  павышэнне ўраджайнасці  зерневых культур на далучаных землях былога ААТ «Лядзенскі». Летась там правялі комплекс агратэхнічных мерапрыемстваў па барацьбе са злакавым пустазеллем, вялікую увагу надалі паляпшэнню культуры земляробства.

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара

 



1 комментарий по теме “ААТ “Чэрвенскі райаграсэрвіс” – у лідарах сяўбы

  1. Пришла горячая пора для хлеборобов и крестьян. И как мы сработаем на начальном этапе битвы за урожай — таким он и будет. Так что вперед передовики сельского хозяйства, мужества и профессионализма вам, в вашем нелегком труде.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *