На прыёме грамадзян у Смілавіцкім сельсавеце абмеркавалі праблемы якасці вады і дарог

Актуальное Власть

Сёння падчас Адзінага дня інфармавання дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Пётр Атрошчанка і старшыня Чэрвенскага раённага Савета дэпутатаў Мікалай Лойка правялі прыём грамадзян і сустрэчу з насельніцтвам у Смілавіцкім сельсавеце.

Дэпутат мясцовага Савета дэпутатаў Алег Коржаль прыйшоў на прыём з праблемай дрэннай якасці вады ў вёсцы Карзуны. Вырашыць яе разлічвалі, падключыўшы да свідравіны, якая сілкуе вёску, суседні аграгарадок Заполле. Меркавалася, што такім чынам атрымаецца палепшыць якасць вады за кошт павелічэння разбору. Аднак і па сёння ўзровень утрымання ў ёй жалеза застаецца высокім.

Тлумачачы сітуацыю, Мікалай Лойка зазначыў, што вырашэнню праблемы паспрыяла б будаўніцтва ў Смілавічах станцыі абезжалезвання вады. Ёсць падставы спадзявацца, што ўжо ў бліжэйшай перспектыве з’явіцца крыніца фінансавання адпаведнага праекту.

Таксама Алег Коржаль узгадаў пра дрэнныя дарогі ў так званым “зарэчанскім” раёне гарадскога пасёлка. Гэтая даўняя праблема смілаўчан знаходзіцца на кантролі ў райвыканкаме. Падчас гутаркі дэпутат пагадзіўся з тым, што найхутчэйшы шлях яе вырашэння – падзяліць выдаткі на рамонт дарог паміж уладамі і мясцовымі жыхарамі.

Пасля прыёму Пётр Атрошчанка, Мікалай Лойка і старшыня Смілавіцкага сельвыканкама Уладзімір Кулагін наведалі ў гарадскім пасёлку адзін з прыватных магазінаў і прадуктовы магазін раённага спажывецкага таварыства. Яны пацікавіліся асартыментам і якасцю тавараў, пагутарылі з прадаўцамі і пакупнікамі.

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *