На Чэрвеншчыне завяршылася рэспубліканская акцыя «Наш жывёлавод»

Аграрный сектор Актуальное

Апошнім яе акордам стала ўшанаванне работнікаў закрытага акцыянернага таварыства “Турэц”. Напярэдадні свята 8-га Сакавіка іх павіншавалі старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Ларыса Ефіменка, дырэктар ЗАТ “Турэц” Артур Дзямко і старшыня мясцовага прафкама Таццяна Рак.

Падзякі і падарункі ад раённай прафсаюзнай арганізацыі атрымалі начальнік участка Алена Лізура, аператары свінагадоўчага комплексу Галіна Іванюценка, Дзіна Чарткова і начальнік забойнага цэху Лілія Кіпцікава.


Прафкам ЗАТ “Турэц” адзначыў Граматамі і падарункамі работнікаў гаспадаркі Кацярыну Варэнік, Вераніку Былынка, Таццяну Белякову і Станіслава Смірнова. Цудоўным аздабленнем свята стала выступленне з канцэртнымі нумарамі ансамбля народнай песні “Завалінка” Турэцкага сельскага Дома культуры.

– Акцыя “Наш жывёлавод” праводзіцца ў раёне, як і па ўсёй рэспубліцы, ужо трэці год, – адзначыла Ларыса Ефіменка. – Сумесна з прафсаюзным актывам гаспадарак і сацыяльнымі партнёрамі мы наведваем аб’екты жывёлагадоўлі, каб не толькі сказаць словы падзякі іх работнікам, але і даведацца аб праблемах, што тут існуюць, знайсці шляхі іх вырашэння.

Сёлета акцыя ахапіла чатыры малочнатаварныя комплексы, дваццаць малочнатаварных фермаў, трынаццаць фермаў па вырошчванню маладняку і буйной рагатай жывёлы, адзін свінагадоўчы комплекс. Усяго мы пабывалі на 38 жывёлагадоўчых аб’ектах. За шчырую працу былі адзначаны 154 жывёлаводы.

Падчас сустрэч у працоўных калектывах ішла гаворка пра важнасць унёску кожнага жывёлавода ў фінансава-эканамічны дабрабыт гаспадарак і раёна ў цэлым. Абмяркоўваліся пытанні налічэння і выплаты заработнай платы, захавання працоўнай дысцыпліны, забяспечанасці спецадзеннем і сродкамі індывідуальнай абароны, аховы працы і стварэння належных санітарна-бытавых умоў на рабочых месцах. Многія праблемы вырашаліся аператыўна, у дзень акцыі.

Ігар АДАМОВІЧ.
Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *