Лясніцтвы Чэрвенскага лясгаса ўжо рэалізавалі 46 тон бярозавіку

Общество

 Найбольшыя аб’ёмы нарыхтоўкі бярозавага соку забяспечваюць гэтымі днямі ў Чэрвенскім лясніцтве. 

– Падсочванне зрабілі напрыканцы мінулага тыдня на двух участках, дзе дрэвы ў бліжэйшыя гады будуць  высякацца, – распавёў ляснічы Дзяніс Жаўняровіч. – Сок збіраем у пяцьсот поліэтыленавых мяшкоў. За выхадныя ўжо нарыхтавалі яго пяць з паловай тон – чвэрць ад плана. З іх дзве з паловай тоны рэалізавалі насельніцтву. Людзі ахвотна яго набываюць, нават з Мінска прыязджаюць да нас.  Мо, яшчэ і таму, што месцы нарыхтоўкі соку абіралі так, каб жадаючыя купіць яго мелі магчымасць пад’ехаць да лесу на машыне па нармальнай дарозе.

– Цэны на бярозавік у нас засталіся мінулагоднія, – заўважае намеснік дырэктара Чэрвенскага лясгаса па ідэалагічнай рабоце Жанна Чарнавец. – 12 капеек за літр, калі набываць яго з лесасекі, і 24 капейкі – у лясніцтве. Гэта таксама прываблівае людзей: з 46 тон нарыхтаванага ўжо лясніцтвамі соку 8 тон рэалізавалі насельніцтву. Асноўныя ж аб’ёмы накіроўваем на Чэрвенскі вытворча-харчовы завод і Мінскі завод безалкагольных напіткаў.

Варта памятаць, што нарыхтоўка бярозавіку грамадзянамі для ўласных патрэб хаця і ажыццяўляецца без выпіскі ляснога білета, але павінна рабіцца пад кантролем работнікаў лясной аховы, каб пазбегнуць парушэнняў тэхналогіі падсочвання. У лясніцтве па месцы жыхарства жадаючым пакажуць участкі, дзе можна збіраць сок, і правядуць адпаведны інструктаж.  

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *