Салігорск: калійны гігант і эйфелева вежа

Актуальное

Салігорск — адзін з самых маладых гарадоў Беларусі. Летась ён адсвяткаваў сваё 60-годдзе. Будаўніцтва горада было пачата ў 1958 годзе ў сувязі з прамысловым засваеннем Старобінскага радовішча калійнай солі, найбуйнейшага запасу ў Еўропе.


Сёння ў раёне працуе дваццаць прамысловых прадпрыемстваў. Самым вядомым з’яўляецца ААТ «Беларуськалій» — адзін з найбуйнейшых у свеце вытворцаў і пастаўшчыкоў калійных мінеральных угнаенняў. На долю гэтага прадпрыемства прыпадае кожная сёмая тона хларыстага калія, які выпускаецца ў свеце.
На тэрыторыі Салігорскага раёна знаходзяцца 166 помнікаў гісторыі, архітэктуры і археалогіі, дзевяць з якіх унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.

На тэрыторыі раёна месціцца самы вялікі па колькасці асобнікаў музей птушак. Знаходзіцца ён у Краснадворцах. Акрамя гэтага, на Салігоршчыне ёсць краязнаўчы музей (г. Салігорск), музей Працоўнай Славы (ААТ «Беларуськалій), музей партызанскага краю імя Васіля Каржа (аг. Хорастава), музей маці (Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі).

У Салігорску рэгулярна з’яўляюцца новыя цікавыя архітэктурныя аб’екты, здольныя прыцягнуць увагу турыстаў. Да прыкладу, мініяцюрная «Эйфелева вежа». Узвядзенне вежы было прымеркавана да дня нараджэння горада. Яна атрымалася роўна ў 100 разоў меншай, чым аднайменнае збудаванне ў Парыжы.

Сямейны адпачынак у Салігорску, у першую чаргу, атаясамліваецца ў гараджан з новым Паркам чатырох стыхій. Пасля рэканструкцыі ён стаў адной з асноўных славутасцяў горада. Расцягнуўшыся больш чым на 18 га, парк заваяваў статус любімага месца не толькі салігарчан, але і турыстаў, якія прыехалі на адпачынак у Беларусь. Праект парка распрацаваны архітэктарам Аляксандрам Сабалеўскім.

У Салігорску знаходзіцца яшчэ адзін унікальны аб’ект, на гэты раз аховы здароўя — рэспубліканская бальніца спелеалячэння. Гэта папулярная здраўніца ў лячэнні і рэабілітацыі хворых, якія пакутуюць на бранхіяльную астму, хранічную абструктыўную хваробу лёгкіх, паліноз, алергічныя захворванні органаў дыхання.

Санаторый пачаў працу ў 1990 годзе. За гэты час тут аздаравіліся дзясяткі тысяч беларусаў, гасцей з Расіі, Украіны, краін Балтыі. Здраўніца мае наземную частку (сам санаторый, які размешчаны ў лясным масіве) і падземную, на глыбіні 420 м.

Рэгіён таксама славіцца народнымі абрадамі, фестывалямі музычнага мастацтва, шматлікімі творчымі праектамі.

У 2009 калядны абрад «Шчадрэц» вёскі Рог унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь як унікальная праява лакальнай культурнай традыцыі. Абрад праводзіцца ў ноч з 13 на 14 студзеня. Галоўны дзеючы персанаж — дзед Продак у берасцяной масцы, аналагаў якой няма ў Беларусі.

Салігорск — горад творчы. Пастаянную прапіску тут атрымалі рэгіянальны фестываль фальклорнага мастацтва «Сугалоссе”, фестываль тэатральнага мастацтва “ТЭАТРОН-line”, абласны конкурс харэаграфічнага мастацтва “ХАРЭАГРАФіЯ”, міжнародны конкурс джазавай і эстраднай музыкі “JAZZ-TIME”, фестываль класічнай музыкі “Калядныя музычныя асамблеі».

БелТА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *