Не страціла аптымізму і цікавасці да жыцця

Люди и судьбы

Гэтую маленькую, жвавую, прывабную жанчыну, якая шматгадоў працавалазагадчыкам пенсійнага сектара ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Чэрвенскага райвыканкама, многія чэрвенцы сталага пакалення добра ведаюць. Зоя Альбертаўна Сушкевіч на заслужаным адпачынку ўжо дзесяць гадоў, і сёння ў яе 65-гадовы юбілей.

Марнаваць час Зоі Альбертаўне не даводзіцца: застаць яе дома – справа няпростая. У жанчыны шмат захапленняў. Амаль дзесяць гадоў яна ўзначальвае аматарскі клуб “Собеседник”, які працуе на базе аддзялення забеспячэння дзённага знаходжання для пажылых людзей Чэрвенскага раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. А ў пасяджэннях аматарскага літаратурна-паэтычнага клуба “Ветразь”, які працуе пры раённай бібліятэцы, яна актыўна ўдзельнічае больш за трыццаць гадоў, літаральна з дня яго існавання. Вось ужо тры гады наведвае танцавальны гурток для сталых людзей у Цэнтры культуры і адпачынку.

— Хаджу туды з задавальненнем, — распавядае Зоя Альбертаўна. – Развучваем танцы “Па-дэ-спань”, “Кракавяк”, “Ча-ча-ча”, “Польку-бабочку”. Шмат гадоў наведвала аматарскі клуб “Бонда”, асабліва любіла вандроўкі, якія ладзіла старшыня клуба Станіслава Баркоўская.

Навучылася вышываць бісерам. Гэта мяне захапіла. Колькі карцін вышыла за гэты час — ўжо и не ведаю зараз. Іх я дару сваім родным, сябрам. Нават і ў іншыя краіны адсылаю – у Нарвегію, Расію, Украіну…

Няўрымслівая жанчына імкнецца ісці ў нагу з часам, асвоіла камп’ютар, мае стасункі з сябрамі праз Інтэрнет, карыстаецца сацыяльнымі сеткамі, размаўляе па скайпу. Праз Інтэрнет і сяброў знайшла, з якімі перапісваецца. У Інтэрнеце сёння можна знайсці ўсё, што трэба. І песні любіць паслухаць мінулых гадоў, і знаходзіць якіясьці цікавыя тэмы для абмеркавання ў клубе, або якія-небудзь мерапрыемствы, якія таксама можна зладзіць у клубе.

Апошнім часам пачала пісаць апавяданні. На маю прапанову прынесці ў рэдакцыю, пакуль адмовілася, маўляў, трэба яшчэ іх дапрацаваць, каб можна было надрукаваць.
Трымае і невялічкую гаспадарку: трусоў, курэй, сабак, катоў, бо ёй без жывёлы сумна.

Моцная дружба звязвае Зою Альбертаўну з аднакласнікамі. Штогод збірае яна іх на сустрэчу. Так ужо павялося. Селета яны збяруцца ў маі ў 48 раз. Прыгадвае, што ў дзяцінстве была хваравітай дзяўчынкай і аднакласнікі дапамагалі ёй заўсёды. Яны і цяпер не пакідаюць яе без увагі. За гэта Зоя Альбертаўна, ў першую чаргу ўдзячна першай настаўніцы, Ніне Аляксандраўне Ладуцька (Пятровіч), якая адразу настроіла аднакласнікаў на беражлівыя адносіны да Зоі. З таго часу так і павялося.

Зоя Альбертаўна — карэнная жыхарка Чэрвеня. У бацькі Альберта Сцяпанавіча і маці Вольгі Нікіфараўны ўсіх было шасцёра дзяцей – два сыны і чатыры дачкі. Зоя – старэйшая. Калі бацька трагічна загінуў, дапамагала маці гадаваць меншых. Праўда, маці прапаноўвалі аддаць малых дзяцей у дзіцячы дом, але яна не пагадзілася. І калі памерла, з Зояй засталася жыць малодшая сястра Таццяна, пакуль яна не выйшла замуж…

Па стану здароўя і пасля аперацыі на сэрцы Зоя доўгі час не працавала. Але калі ў раённым аддзеле сацыяльнага забеспячэння з’явілася вакансія, ёй, як дзяўчыне з добрай рэпутацыяй, прапанавалі работу інспектарам. Пазней вывучылася на юрыста ў Мінскім тэхнікуме савецкага гандлю на аддзяленні правазнаўства. Пачала працаваць старшым інспектарам у аддзеле сацыяльнага забеспячэння, а паз некаторы час – загадчыкам пенсійнага сектара.

Ёсць у Зоі Альбертаўны сын Віктар і нявестка Алёна. Яны падаравалі бабулі ўнука Ягора і унучку Маргарыту, якія ўжо сталі самастойнымі.

—Не страціць аптымізму і цікавасці да жыцця мне дапамагаюць людзі, якія зрабілі мне шмат дабра. Да таго ж, лічу, што ў кожнага чалавека ў любым узросце абавязкова павінна быць мара. Таксама вельмі важна памятаць, што ты патрэбны сваёй сям’і, дзецям і ўнукам. А яшчэ — што выйшаўшы на пенсію, неабходна заставацца самадастатковым чалавекам, каб сям’я магла ганарыцца табой.

Быць маладой душой Зоі Альбертаўне дапамагае ўменне радавацца жыццю, атрымліваць асалоду ад моманту і ўспрымаць тое, што адбываецца з усмешкай.
Шаноўная Зоя Альбертаўна, прыміце шчырыя віншаванні з нагоды юбілею. Здароўя Вам, шчасця і дабрабыту.

Таццяна МАРЦЬЯНАВА.
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *