Нашы чытачы: Казіміру Ваўжынцавічу Вяржбіцкаму — 95 год

Люди и судьбы

22 лютага адзначыў юбілей ветэран Вялікай Айчынная вайны, выдатнік народнай асветы шаноўны Казімір Ваўжынцавіч Вяржбіцкі. Ваша газета шмат пісала пра гэтага чалавека. І ён, пакуль дазваляла здароўе, супрацоўнічаў з газетай, дасылаў шмат матэрыялаў на маральна-этычныя тэмы.Зараз шаноўны ўзрост не дазваляе ветэрану весці актыўны лад жыцця. Але газеты ён па-ранейшаму чытае з вялікай цікавасцю, асабліва “Раённы веснік”.


Любіць размаўляць з людзьмі, якія наведваюць сям’ю Вяржбіцкіх. У час такіх сустэч ён часта ўспамінае вайну. Гэта асабліва балючыя ўспаміны. Здзіўляе памяць гэтага чалавека і тое, што смерць некалькі разоў была побач. Як гаворыць сам Казімір Ваўжынцавіч, толькі цудам ён заставаўся жывым. А я лічу, што лёс збярог яго для мірнага жыцця таму, што ён выбраў прафесію настаўніка. У Лядах і зараз ёсць жыхары, якіх у пачатковых класах вучыў Казімір Ваўжынцавіч.

Яго жыццё і праца – узор служэння людзям, а унёсак у развіццё адукацыі нашай мясцовасці – значны. Не кожны з кіраўнікоў можа ганарыцца тым, што будаваў школу. А Казімір Ваўжынцавіч мае непасрэднае дачыненне да будаўніцтва Рэчкаўскай школы, дырэктарам якой ён працаваў і якая першы час месцілася ў некалькіх хатах.

Колькі было цяжкасцяў – вядома толькі Казіміру Ваўжынцавічу. Будавалі з лесу, асноўны транспарт – коні. Але малады дырэктар паспяхова справіўся з пастаўленай задачай, школа была здадзена ў тэрмін. Сюды хадзілі вучні з навакольных вёсак: Луч, Бярозаўка, Гарадок, Малінаўка, Задабрычча. Школа працавала, пакуль не скарацілася колькасць вучняў.

У жыцці Казіміра Ваўжынцавіча адбыліся змены: у 1961 годзе яго прызначылі дырэктарам Лядзенскай сярэдняй школы. Трэба ж так супасць, што і гэта школа месцілася ў некалькіх драўляных будынках. Вучняў было шмат, па 2 класы “А” і “Б”, таму прынялі рашэнне аб будаўніцтве тыповага будынка. Праўда, тут ужо было лягчэй. Як дырэктар, ён кантраляваў якасць будаўнічых работ, што вяліся арганізацыяй.

У 1978 годзе новы будынак гасцінна прыняў вучняў. А наперадзе было яшчэ шмат працы па абсталяванню кабінетаў і добраўпарадкаванню тэрыторыі. Калектыў на чале са сваім дырэктарам паспяхова справіўся з гэтай задачай… Школа стала адной з лепшых у раёне. А Казімір Ваўжынцавіч працаваў дырэктарам да выхаду на заслужаны адпачынак, потым яшчэ колькі гадоў – настаўнікам.

Пакуль дазваляла здароўе, ён вёў актыўнае жыццё. Узначальваў ветэранскую арганізацыю пры Лядзенскім сельвыканкаме, удзельнічаў у раённых мерапрыемствах, наведваў школу. Зараз больш часу праводзіць дома. Сродак сувязі – тэлефон: тэлефануюць сябры, дзеці. Рады ветэран, што яго не забываюць, наведваюць знаёмыя: ёсць з кім пагаварыць, успомніць былое. Частыя госці ў хаце Вяржбіцкіх і вучні школы, настаўнікі, якія віншуюць Казіміра Вяржбіцкага са святамі.

Яшчэ ўдзячны ветэран жонцы, Але Пятроўне. Нягледзячы на свой узрост, яна клапоціцца пра мужа, яго здароўе, стварае для яго дома камфорт і ўтульнасць. Адчувае Казімір Ваўжынцавіч любоў і клопат і з боку дзяцей. І сын, і дачка жывуць у Мінску, але кожны тыдзень наведваюць бацькоў, дапамагаюць ім з хатнімі справамі. А вечарам за кубачкам духмянай гарбаты слухаюць успаміны Казіміра Ваўжынцавіча і Алы Пятроўны. Дзеці шануюць кожны дзень, праведзены разам з бацькамі.

Радуюць Казіміра Ваўжынцавіча і Алу Пятроўну і ўнукі, падрастаюць праўнукі.

Канешне ж, усе яны ўжо павіншавалі самага блізкага і дарагога чалавека з юбілеем.

Хочацца і мне ад сябе асабіста, ад былых калег юбіляра, настаўнікаў-пенсіянераў, ад сяброў – сям’і Навакоўскіх і Расолька, павіншаваць Вас, Казімір Ваўжынцавіч. Зычым Вам здароўя, бадзёрасці, усіх даброт. Вы па праву заслужылі гэта.

З павагай – Клаўдзія Міхіевіч, старшыня ветэранскай арганізацыі пры
Лядзенскім сельвыканкаме



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *