Акцыя “Наш жывёлавод” у ААТ «Валевачы»

Аграрный сектор Актуальное

На Чэрвеншчыне працягваюцца мерапрыемствы рэспубліканскай прафсаюзнай акцыі “Наш жывёлавод”. У пятніцу яны праходзілі ў ААТ «Валевачы». З раніцы старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Ларыса Ефіменка, дырэктар гаспадаркі Андрэй Грыцкевіч і старшыня прафкама сельгаспрадпрыемства Галіна Новік завіталі на малочнатаварную ферму “Ягодка”. Дзякуючы мясцовым жывёлаводам за працу, Андрэй Грыцкевіч з прыемнасцю зазначыў, што за апошнія два гады ферма крок за крокам нарошчвае вытворчасць малака. Ён выказаў надзею на тое, што і надалей станоўчая дынаміка развіцця тут будзе захоўвацца.


Андрэй Грыцкевіч уручыў Падзякі адміністрацыі і прафкама гаспадаркі і падарункі загадчыцы фермы Наталлі Агейчык і аператару машыннага даення кароў Зінаідзе Заголька, а Ларыса Ефіменка – Падзяку райкама прафсаюза работнікаў АПК і падарунак аператару машыннага даення Тамары Лубенька.

Затым арганізатары акцыі сустрэліся за кубкам гарбаты з работнікамі МТФ “Валевачы”. Яе калектыў паспяхова завяршыў мінулы вытворчы год і з істотнай прыбаўкай надояў пачаў сёлетні. Гэтымі днямі прадукцыйнасць дойнага статка складае тут 15,23 кілаграма малака, што на 5,45 кілаграма больш, чым на такі ж час летась.


Шчыра дзякуючы жывёлаводам за працу, Ларыса Ефіменка паведаміла, што сёлетні фармат акцыі “Наш жывёлавод” прадугледжвае правядзенне напрыканцы года раённага мерапрыемства, на якім будуць ушаноўваць лепшыя калектывы і работнікаў галіны. Яна адзначыла, што МТФ “Валевачы” мае добрыя шанцы на тое, каб быць прадстаўленай на ім.

Пакуль жа Падзякай райкама прафсаюза работнікаў АПК адзначаны аператар машыннага даення кароў Ніна Бабовіч і жывёлавод Аляксандр Бялясаў. Падзякамі адміністрацыі і прафкама гаспадаркі заахвочаны аператар машыннага даення кароў Святлана Сасноўская, жывёлаводы Ала Асташонак, Павел Акінчыц і Віктар Яроцкі, механізатары Іван Мішкевіч і Мікалай Нягодзька. Усе яны таксама атрымалі падарункі.

А ўвечары Падзякі і падарункі ўручылі работнікам яшчэ дзвюх фермаў гаспадаркі. Сельгаспрадпрыемства адзначыла імі плённую працу аператараў машыннага даення кароў Вольгі Корзун, Тамары Повышавай і жывёлавода Алега Ястрэмскага з МТФ “Ялча”, аператара машыннага даення кароў Галіны Ігнатовіч, жывёлаводаў Алены Лісіцы, Міхаіла Жылінскага з МТФ “Чаргаградзь” і загадчыцы гэтай фермы Алесі Бахар. Райкам прафсаюза работнікаў АПК узнагародзіў загадчыцу МТФ “Ялча” Валянціну Кошалеву і аператара машыннага даення кароў МТФ “Чарнаградзь” Аксану Акуліч.

Як распавёў “Раённаму весніку” Андрэй Грыцкевіч, за мінулы год гаспадарка амаль на 10 працэнтаў павялічыла валавую вытворчасць малака, на столькі ж – прадукцыйнасць дойнага статка. Значная прыбаўка па ацёлах, якая чакаецца ў першым квартале, дастатковая колькасць першацёлак, а таксама захады, што зроблены для ўдасканальвання тэхналогіі кармлення кароў, павінны забяспечыць далейшы рост надояў.

Але, паводле слоў Андрэя Грыцкевіча, ёсць яшчэ і нявыкарыстаныя рэзервы. Сярод іх – цесната ў хлявах. Сёння ў гаспадарцы на 800 пастановачных месцах знаходзіцца 1105 кароў. Праблему маюць намер вырашыць за кошт рэканструкцыі будынкаў былых птушнікаў.

Ігар АДАМОВІЧ.
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *