Сацыяльная служба: жыццё пажылых можа быць цікавым і разнастайным

Общество

Садзейнічаюць гэтаму работнікі аддзялення забеспячэння дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту Чэрвенскага раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, якое пачало сваю дзейнасць са снежня 2014 года.

Узначальвае яго Аксана Бурлуцкая (на здымку). Разам з ёй працуюць спецыялісты Валянціна Баглова і Дзяніс Галавенчык. Пастаянна наведваюць аддзяленне 45 грамадзян пенсійнага ўзросту.

Дзейнасць яго накіравана на аказанне кансультацыйных, сацыяльна-псіхалагічных, пасрэдніцкіх паслуг грамадзянам пажылога ўзросту і падтрыманне іх актыўнага ладу жыцця.
Наведвальнікі аддзялення займаюцца ў клубах і гуртках, якімі кіруе Дзяніс Аляксандравіч Галавенчык. На базе гуртка “З песняй па жыцці” створаны ансамбль “Ігуменскі настрой”. Ён паспеў ўжо заваяваць сімпатыі не толькі чэрвенцаў, але і жыхароў раёна і нават г.Мінска. У гуртку “На крок наперадзе” пажылыя людзі вывучаюць камп’ютар на ўзроўні карыстальніка, у тым ліку вучацца арыентавацца ў Інтэрнет-прасторы.

У аддзяленні створаны аматарскія клубы “Собеседник”, “Пристань” і “Залатыя ручкі”. Пажылыя людзі з задавальненнем іх наведваюць. Тут ёсць усе ўмовы для навучання новым тэхнікам рукадзелля, развіцця творчых здольнасцей. У “Школе духоўнага адраджэння”, якая працуе сумесна з храмам Мікалая Цудатворцы, вывучаюць духоўную спадчыну пакаленняў, праводзяць гутаркі. Дзейнасць “Школы бяспекі для сталых людзей” накіравана на павышэнне ўзроўню дасведчанасці пажылых людзей пра бяспеку ўмоў пражывання. На заняткі ў гэтай школе спецыялісты аддзялення запрашаюць работнікаў аддзела па надзвычайных сітуацыях, унутраных спраў, юрысконсультаў, псіхолагаў, медыцынскіх работнікаў. Праводзяцца лекцыі, гутаркі, “круглыя сталы”. Для наведвальнікаў ладзяцца таксама спартыўныя і культурныя мерапрыемствы.

Напярэдадні Дня пажылых людзей па ініцыятыве саміх наведвальнікаў пачаў працаваць клуб “Садаводаў-аматараў”. Кіраўніцтва клубам узяла на сябе валанцёр Наталля Жданок.

Кожны месяц у аддзяленні праходзяць запланаваныя мерапрыемствы. Акрамя падрыхтоўкі і святкавання дзяржаўных святаў, дзён нараджэння, заняткаў у гуртках і клубах, сталыя людзі арганізоўваюць турыстычныя паездкі, пешыя вандроўкі, экскурсіі. Наведалі музей Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску, Батанічны сад, тэатры.

Таццяна МАРЦЬЯНАВА.
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *