Раённая бібліятэка: памяці Уладзіміра Дарагужа

Актуальное Культура

“Я люблю гэтую зямлю” – пад такой назвай прайшла літаратурная гадзіна, прысвечаная 85-годдзю з дня нараджэння краязнаўцы, нашага земляка Уладзіміра Дарагужа.

Прайшло два гады як пайшоў з жыцця старшыня літаратурна-паэтычнага клуба “Ветразь”. Амаль трыццаць гадоў ён аддана і сумленна кіраваў гэтым аб’яднаннем. Пра асноўныя вехі жыцця і творчасці Уладзіміра Георгіевіча распавёў былы настаўнік роднай мовы і літаратуры Яўген Несцяровіч. Ён таксама ўзгадаў і пра пра тое, што звязвала іх сем’і. Яўген Антонавіч і Аляксандра Пятроўна вучылі Людмілу і Уладзіміра Дарагуж, разам ездзілі ў падарожжы з вучнямі. Уладзімір Георгіевіч дзяліўся кнігамі з асабістай бібліятэкі, Яўген Антонавіч пераняў у яго жаданне і ўменне фатаграфаваць…

Узгадвалі свайго настаўніка былыя вучні — Анатоль Турбал і Святлана Бабровіч. Уладзімір Дарагуж у розныя гады быў у іх класным кіраўніком.

Анатолю Сцяпанавічу пашчасціла вучыцца і ў бацькоў Уладзіміра Георгіевіча – Георгія Данілавіча і Алены Аляксандраўны. Ён звярнуў увагу на ўсебаковую адукаванасць свайго класнага кіраўніка, які самастойна авалодаў тэхнікай эсперанта, ігрой на гітары, захапіўся фатаграфіяй. Анатоль Турбал прадэманстраваў фотаздымкі з паходаў, за працай у кабінеце фізікі і іншыя. Дзякуючы настаўніку, вучань пабываў у Прыбалтыцы і на свае вочы ўбачыў арган.

Залатая медалістка Святлана Бабровіч прыгадала патрабавальнасць і справядлівасць свайго класнага кіраўніка. Ён выдатна ведаў свае прадметы – фізіку і астраномію і даваў трывалыя веды вучням. Цудоўна праводзіў настаўнік тэматычныя вечары, прысвечаныя мастакам, пісьменнікам і кампазітарам.

Пра Уладзіміра Георгіевіча – артыста расказала бібліёграф Алена Шульга. Разам яны ўдзельнічалі ў драматычным тэатры, які быў створаны пры Доме культуры.
Доктар сельскагаспадарчых навук Леанід Шофман распавёў, што ўпершыню знаёмства з Уладзімірам Дарагужом адбылося на пасяджэнні літаратурна-паэтычнага клуба “Ветразь”, сустрэчы ў якім насілі дыскусійны характар.

Сябра клуба Зоя Сушкевіч назвала юбіляра чалавекам стагоддзя. Яна не аднойчы была ў доме Уладзіміра Георгіевіча. Яе ўражвалі асабістыя бібліятэка і фанатэка гаспадара. Ён расказваў пра гатункі агародніны і садавіны, якія вырошчваў на сваім прысядзібным участку. Зоі Альбертаўне пашчасціла мець два гатункі – яблыні і ажыны, якімі ён падзяліўся. У.Г.Дарагуж быў нязменным фатографам на пасяджэннях клуба для пажылых людзей “Собеседник”, які ўзначальвае Зоя Альбертаўна.

Былы настаўнік роднай мовы і літаратуры Уладзімір Адамовіч прыгадаў, што Уладзімір Георгіевіч нарадзіўся, жыў і працаваў на сваёй малой Радзіме, адзначыў, што ён меў выключную памяць: дэкламаваў напамяць вершы не толькі на беларускай мове, але і польскай, украінскай і французскай, а таксама прачытаў любімы верш краязнаўцы “Пагоня” Максіма Багдановіча.

Удзельнікі вечарыны з задавальненнем праглядзелі на мультымедыйнай устаноўцы хроніку жыцця нашага земляка ў фотаздымках ад нараджэння і да апошніх дзён.
Усе прысутныя праслухалі адзін з любімых твораў Уладзіміра Дарагужа “Магутны Божа” у выкананні хора «Унія».

Супрацоўнікі бібліятэкі рыхтуюць да выдання кнігу ўспамінаў пра Уладзіміра Дарагужа і запрашаюць усіх, хто можа, падзяліцца сваімі ўспамінамі пра стасункі з гэтым чалавекам.

Дзякуем дзецям Уладзіміра Георгіевіча – Людміле і Уладзіміру за прадастаўленыя фотаздымкі з сямейнага альбома і музычныя творы.

Святлана ЖДАНОВІЧ,
загадчык аддзела абслугоўвання і
інфармацыі Чэрвенскай цэнтральнай раённай бібліятэкі.
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *