Крок у новае стагоддзе

Актуальное

Сёння ў нас – юбілей. Менавіта 13 студзеня 100 гадоў таму пабачыў свет першы нумар “раёнкі”. За гэты час многае змянілася: краіна, людзі. Мянялася і газета, яе фармат, паліграфічнае выкананне, назва: “Известия Игуменского уездного военно-революционного комитета”, “Известия Игуменского уездного исполкома”, “Голос труженика”, “Чэрвеньскі партызан”, “Калектывіст”, “Уперад”, “Раённы веснік”. Нязменным заставалася адно – цікавасць нашых чытачоў да друкаванага слова.

Рэдактар газеты Сняжана Каўгарэня (справа), намеснік рэдактара Людміла Рабецкая і загадчык аграпрамысловага аддзела Ігар Адамовіч

Раённая газета — гэта своеасаблівы летапіс Ігуменшчыны-Чэрвеншчыны ў падзеях і фактах, ўвасобленых у друкаваныя радкі, фотаздымкі. Гэта – дзённік, люстэрка, пульс жыцця ўсіх яе жыхароў. Газета заўсёды была блізкая людзям, распавядала пра асноўныя падзеі, пра тых, хто памнажаў славу раёна, пра важныя вехі гістарычнага шляху, які наш рэгіён прайшоў разам з краінай. Яе жыццё можна вымераць колькасцю публікацый, аўтараў, а можна – бяссоннымі начамі і творчымі пакутамі. Нараджэнне кожнага нумара – гэта карпатлівая штодзённая праца журналістаў, усяго рэдакцыйнага калектыву. Гэта – тэрміновасць заданняў, хуткасць паведамленняў, абмежаванасць у часе, пошук новых тэм, палёт фантазіі. Гэта знаёмыя і незнаёмыя прозвішчы, імёны, працоўныя будні, лёсы людзей у артыкулах, нататках, замалёўках, крытычных і аналітычных матэрыялах, лістах чытачоў…

Адказны сакратар Вольга Дземенкавец, загадчык аддзела рэкламы Ірына Калмакова і карэктар Ірына Мірановіч

Колькі сіл і працы ўкладзена ў кожны нумар газеты! І заўсёды яе стваралі таленавітыя, адказныя энтузіясты, майстры сваёй справы, закаханыя ў прафесію. З удзячнасцю ўзгадваем тых, з кім давялося працаваць поплеч на працягу многіх гадоў, і хто быў сапраўдным настаўнікам для кожнага супрацоўніка: нядаўняга рэдактара газеты Аляксандра Станіслававіча Бушэнку, які аддаў газеце паўстагоддзя свайго жыцця, адказнага сакратара Эмілію Іванаўну Мікульскую, карэктара Алу Пятроўну Козел.

Бухгалтар Тамара Снытко і спецыяліст аддзела кадраў Наталля Міхаленя

Кожны год для рэдакцыі раённай газеты быў чымсьці асаблівым і знамянальным. Разам працавалі, бывала, без сну і адпачынку, разам адпачывалі. Зрэшты, як і сёння. Цяперашні калектыў рэдакцыі — гэта згуртаваная каманда аднадумцаў, якія працягваюць лепшыя традыцыі “раенкі” мінулых гадоў і імкнуцца зрабіць яе своеасаблівай, прывабнай і запатрабаванай. Для іх газета – усё жыццё. Жыццё цікавае, напоўненае падзеямі, новымі людзьмі, творчасцю…

Але не толькі мы, журналісты, ствараем сённяшнюю газету, якую з нецярплівасцю чакаюць жыхары раёна. У розныя часы яе насычалі карыснай і цікавай інфармацыяй вы, нашы чытачы. Менавіта дзякуючы вам, героям публікацый і нашым сааўтарам, на старонках з’яўляюцца карэспандэнцыі, рэпартажы, замалёўкі, інтэрв’ю . Менавіта вы іншы раз падказваеце новыя тэмы і цікавых людзей, якія жывуць побач, крытыкуеце і давяраеце нам сваё самае патаемнае, заўсёды пачынаючы свае лісты з такіх дарагіх для нас слоў “шаноўная рэдакцыя”. Кожны ваш ліст, кожную карэспандэнцыю мы ўважліва чытаем і, у большасці, друкуем на старонках.

Актыўна супрацоўнічаюць з рэдакцыяй многія службовыя асобы, спецыялісты розных галін дзейнасці, якія ў сваіх матэрыялах даносяць чытачам карысную, а часам, і жыццёва неабходную інфармацыю. У размовах з падпісчыкамі даводзіцца чуць словы ўдзячнасці за публікацыі, якія даюць магчымасць чалавеку атрымаць патрэбную кансультацыю, звярнуць увагу на сваё здароўе, зацікавіцца добрай парадай, скарыстаць рэкамендацыю.

Не змяншаецца актыўнасць і нашых пастаянных пазаштатных аўтараў. Даўно сябруюць з газетай Іван Ярашэвіч, Наталля Сівак, Таццяна Ждановіч, Людміла Драпеза, Святлана Ждановіч, Галіна Ворнік, Ала Лаўрыновіч, Людміла Дужава, Ірына Вабішчэвіч, Ірына Змачынская, Рэгіна Шалупенка. Яны не толькі нашы пастаянныя аўтары, але і добрыя дарадчыкі, якія не раз падказвалі тэмы для публікацый.

Творчая інтэлігенцыя складае аснову літаратурнага аб’яднання, працягваючы традыцыі папярэдніх пакаленняў. Гэта Раіса Вераціла, Леанід Шофман, Валерый Захараў, Зінаіда Калтовіч, Лілія Мікоша, Уладзімір Холад, Раіса Церашонак, Генадзь Красоўскі, Міхаіл Знак, Марыя Бяжан і іншыя. За апошнія гады з’явілася шмат новых маладых прозвішчаў на старонках газеты. Нярэдка з нашых юных карэспандэнтаў пасля вырастае творчая асоба. І такіх прыкладаў у нас шмат.

А яшчэ мы вельмі даражым тымі, хто чытае адразу дзве версіі газеты – папяровую і электронную. Гэта дае надзею, што і наступныя гады будуць не менш насычанымі для нашага няўрымслівага творчага калектыву.

Газета жыве сёння ў няпростых эканамічных умовах. Сама на сябе зарабляе, будуе планы на заўтра. Змяняецца знешні выгляд “раёнкі”: яна становіцца больш прывабнай, сучаснай, раз-пораз друкуецца ў паўнакаляровым фармаце. З кожным годам павялічваецца колькасць рэкламы, аб’яў, віншаванняў. І гэта таксама патрабаванне часу, водгук на вашы запыты.

Адбываюцца змены і ў нашым творчым калектыве. Год назад яго ўзначаліла малады, крэатыўны рэдактар Сняжана Каўгарэня. Адказным сакратаром да нядаўняга часу працавала Кацярына Шумко, а цяпер яе змяніла Вольга Дземенкавец. Абедзве пачыналі свой шлях у журналістыку менавіта з “Раённага весніка”. Моладзь прыносіць новыя ідэі і павевы не толькі на старонкі друкаванай газеты, але і ў яе электронную версію, актыўна працуе на сайтах. Як добрых знаёмых, чытачы ўспрымаюць прозвішчы нашых штатных аўтараў – Ігара Адамовіча, Наталлі Каралькевіч, Таццяны Марцьянавай, Галіны Гамеза. Шмат гадоў працуюць у калектыве спецыяліст па рэкламе Ірына Калмакова, карэктар Ірына Мірановіч. Не магу не назваць і іншых нашых супрацоўнікаў, паколькі рэдакцыя – каманда, у якой кожны займае сваё адказнае месца. Гэта вадзіцель Рыгор Блізнюк, бухгалтар Тамара Снытко і спецыяліст аддзела кадраў Наталля Міхаленя.

Юбілейная дата – гэта не толькі этап у развіцці раёна, часткай якога з’яўляецца наша газета, а яшчэ нагода падзякваць тым, хто садзейнічае і дапамагае нам, яе стваральнікам. У першую чаргу, нашым заснавальнікам – Чэрвенскаму раённаму выканаўчаму камітэту, раённаму Савету дэпутатаў за разуменне і павагу, на якіх будуюцца ўзаемаадносіны і супрацоўніцтва. Мяркуем, што гэта партнёрства аднолькава важнае для абодвух бакоў.

Словы падзякі – цяперашняму калектыву і ветэранам Чэрвенскай друкарні, намаганнямі якіх на працягу 100 гадоў бачыць свет раённая газета; работнікам вузла паштовай сувязі, якія прыносяць “раёнку” ў дамы і кватэры нашых чытачоў і нагадваюць, што надышоў час працягнуць падпіску. Мы дзякуем таксама ўсім за тую ацэнку, якая была дадзена нашай працы ў розныя гады, спадзяемся апраўдаць усе добрыя словы, сказаныя на адрас газеты, каб стаць яшчэ больш запатрабаваным, аб’ектыўным, цікавым і, самае галоўнае, аўтарытэтным і ўплывовым выданнем. Каб журналісцкае пяро адлюстроўвала рэчаіснасць сённяшняга дня, каб на старонках газеты гучала абдуманае, адказнае, культурнае і заўсёды цёплае слова.

Юбілей – гэта свята ўсіх, хто мае непасрэднае дачыненне да “раёнкі”, а для нас – яшчэ і магчымасць падвесці своеасаблівую рысу пад першым стагоддзем і, абапіраючыся на вопыт мінулых гадоў, ісці наперад, радаваць і здзіўляць нашых чытачоў.

Вялікі дзякуй усім за падтрымку, давер, за адданасць газеце. Будзем і надалей разам!

Людміла РАБЕЦКАЯ.
Фота Вольгі Дземенкавец і Ігара АДАМОВІЧА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *