Юбілеі нашых чытачоў: жывуць побач з намі героі працы

Люди и судьбы

«Добрая, спагадлівая, заўсёды гатовая дапамагчы і даць слушную параду», — так кажуць пра сваю маці, свякроў і бабулю сваякі жыхаркі вёскі Матусоўка Аляксандру Іванаўну Касцевіч, якая адзначыла ў аўторак сваё 85-годдзе.

Дабрыня Аляксандры Іванаўны свеціцца ў яе ўсё разумеючых вачах, якія нібы глядзяць у душу, і кожнае слова ўспрымаюць з жывым удзелам. Яна шмат паспела пабачыць за сваё доўгае неспакойнае жыццё — жыццё цэлага пакалення.

Да гэтага часу памятае ваеннае ліхалецце, як падчас акупацыі са сваёй малодшай сястрой засталіся сіротамі. Бацькі трапілі пад нямецкую аблаву ў Чэрвені і іх разам з іншымі жыхарамі расстралялі на яўрэйскіх могілках.

Дзвюх сястрычак узяла да сябе цётка, маміна сястра. У яе было трое сваіх дзяцей, таму Аляксандры, як самай старэйшай, давялося не толькі прыглядваць за малодшымі, але і дапамагаць па гаспадарцы. У 11 гадоў пайшла працаваць у калгас, адноўлены пасля вызвалення ў вёсцы Палянка. Спачатку разам з іншымі падлеткамі нараўне з дарослымі завіхалася ў полі, а з пятнаццаці гадоў – на ферме, дзе ёй даручылі групу кароў у пятнаццать жывёлін. Паміж дойкамі жалі жыта. Аднойчы Аляксандра сярпом зрэзала за дзень пяць гектараў збажыны. Тагачасны старшыня калгаса Сямён Стэльмашонак быў вельмі здзіўлены такім працоўным подзвігам маладой дзяўчыны. Ад імя праўлення Аляксандру ўзнагародзілі першай прэміяй – 200 рублёў. А потым і іншыя ўзнагароды прыйшлі да Аляксандры Іванаўны. Пра яе самаадданую працу і высокія паказчыкі пісалі ў раённай газеце, уручалі шматлікія граматы і падзякі, яе фотаздымак размяшчаўся на раённай Дошцы Гонару. У 1957 годзе на ўрачыстым сходзе ў Мінскім Доме афіцэраў ёй уручылі наручны гадзіннік. У 1958 годзе ў Доме Урада – медаль “За працоўную адзнаку”. Па пошце да Аляксандры прыходзіла шмат паштовак і пісем з усяго былога Саюза з просьбай падзяліцца вопытам работы.

Замуж Аляксандра пайшла ў Матусоўку. Тут нарадзіліся трое дзяцей. Новы старшыня калгаса Уладзімір Габец прапанаваў жанчыне даглядаць 18 коней у Матусоўцы. На той час гэта лічылася вельмі адказнай работай, бо коні былі асноўнай цяглавай сілай гаспадаркі. Тры гады Аляксандра іх карміла, пасвіла, чысціла. За гэтую працу толькі падзякі чула ад людзей. Потым коней забралі ў Падасінаўку, а ў Матусоўцы зрабілі цялятнік. Загадчыцай яго запрасілі Аляксандру, маўляў, правераны, добрасумленны чалавек. Далі дзвюх памочнікаў. Але тыя хутка адмовіліся ад цяжкай працы. Засталася Аляксандра Іванаўна адна на 160 галоў. І да гэтай справы жанчына аднеслася з разуменнем і адказнасцю. Цяляткі раслі з добрымі прывагамі. Аднойчы заехаў на ферму першы сакратар райкама партыі Аляксандр Мяцельскі і быў вельмі ўражаны стараннасцю, працавітасцю і сціпласцю Аляксандры. Старшыня райкама не мог пакінуць без увагі такія адносіны жанчыны да працы. На наступны дзень яе выклікалі ў Чэрвень, далі грашовую прэмію і прадставілі да медаля “За працоўную доблесць”. Яе Аляксандра Іванаўна атрымала ў 1986 годзе.

Канешне, без падтрымкі і дапамогі мужа і дзяцей паспець усюды было б немагчыма, бо на той час сям’я трымала вялікую хатнюю гаспадарку — каня, 3 каровы, свіней, некалькі свінаматак, статак авечак, шмат гусей. Цяпер Аляксандра Іванаўна засталася адна. Муж даўно пайшоў з жыцця, дзеці стварылі свае сем’і, жывуць асобна.

Перажытыя нягоды і цяжкасці не зламалі характар гэтай жанчыны, а наадварот, навучылі шанаваць жыццё і кожны пражыты дзень. Аляксандра Іванаўна і сёння трымае вялікую гаспадарку: двух свіней, коз, курэй, пчол (ажно 9 вулляў), дзве авечкі, якіх стрыжэ сама, прадзе з воўны ніткі і вяжа родным цёплыя шкарпэткі і камізэлькі. Агарод і кветнік — у ідэальным стане. Летась сама прапалола 40 сотак пасеваў бульбы. Дзеці шкадуюць маці, угаворваюць паехаць жыць да іх. А яна не згаджаецца, бо не ўяўляе сваё жыццё без працы на зямлі, без сваёй гаспадаркі. У госці да бабулі прыязджаюць 4 унукі і 4 праўнукі, наведваюць знаёмыя, сяброўкі, дзеці яе сяброў, нават тых, каго ўжо няма. Прывозяць бабулі гасцінцы, а яна іх адорвае сваімі прысмакамі.
Паважаная Аляксандра Іванаўна, шчыра віншуем з шаноўным юбілеем! Захапляемся вашым характарам, жыццёвай стойкасцю, шчырасцю і дабрынёй у адносінах да людзей. Зычым здароў’я, бадзёрасці, радасных вестак ад дзяцей, унукаў і праўнукаў.

Галіна ГАМЕЗА. Фота аўтара
і з архіва сям’і Касцевіч.