Як жыхар Чэрвеня замест вады атрымаў дзірку з трубой

Актуальное Общество

У нумары “Раённага весніка” за 10 лістапада прачытаў публікацыю Ігара Адамовіча “А на кліентаў начхаць?”. Узнятая ў ёй праблема нізкай якасці абслугоўвання насельніцтва прыватнымі фірмамі закранула і мяне асабіста. Хачу пра гэта распавесці.

У 2016 годзе я вырашыў падвесці на свой падворак ваду. Паколькі падключэнне да цэнтральнага водаправода аказалася праблематычным, спыніўся на варыянце бурэння свідравіны ў двары. Выканаўцу работ выбіраў па аб’яве ў “раёнцы”. Іх было шмат. Спадабалася аб’ява індывідуальнага прадпрымальніка Сяргея Савенкава, дзе было напісана: “Бурэнне свідравін на ваду. Хутка, якасна, круглы год, на глыбіню ад 20 да 50 метраў”. Патэлефанаваўшы на пазначаны нумар, дамовіўся на бурэнне свідравіны глыбінёй 20 метраў коштам 500 тысяч рублёў за пагонны метр (да дэнамінацыі).

18 лютага да мяне прыехала брыгада з буравой устаноўкай, якую ўзначальваў Андрэй Паўловіч. Працавалі яны чатыры гадзіны, прасвідравалі 16 метраў.
Пры падпісанні дагавора аказалася, што кошт пагоннага метра “вырас” ужо да 660 тысяч рублёў. Грошы за працу – 10 мільёнаў 560 тысяч рублёў – я аддаў Паўловічу. Пры гэтым ніякай квітанцыі ён мне не даў, толькі пакінуў роспіс на дагаворы, што ўзяў аплату. Таксама не было складзена акта прыёмкі-перадачы, як гэта павінна быць па дагавору.
На ад’езд выканаўцы сказалі мне, каб увесну ўбраў зямлю пасля бурэння і набыў помпу “Ручаёк”. Маўляў, вада павінна быць.

Надышла вясна. Пры першым жа адпампоўванні вады высветлілася, што яна ідзе дрэнна. “Ручаёк” выпампоўвае той аб’ём, які назапасіўся ў трубе, за пяць хвілін. А потым трэба паўгадзіны чакаць, пакуль труба зноў напоўніцца. Хутчэй за ўсё праблема – у якасці фільтра.

Натуральна, што я пачаў шукаць выканаўцаў, каб яны выправілі свае недаробкі. Але, колькі ні тэлефанаваў на пазначаны ў аб’яве нумар, ніхто мне не адказваў. Акрамя таго, я двойчы, спачатку звычайным пісьмом, а потым заказным, звяртаўся да прыватнага прадпрымальніка Савенкава. Адказаў таксама не атрымаў.

Урэшце, сёлета патрапіў на прыём да старшыні раённага Савета дэпутатаў Мікалая Лойкі. Ён даручыў разабрацца з маёй праблемай спецыялістам райвыканкама. На іх запыт прадпрымальнік адказаў, што ён нібыта прыязджаў да мяне. І што быў зроблены кантрольны забор вады, які паказаў, што недахопаў у яе якасці або колькасці не выяўлена…
Але насамрэч ён да мяне не прыязджаў. А без мяне зрабіць кантрольны забор немагчыма, бо двор, у якім знаходзіцца свідравіна – за варотамі пад двума замкамі.

Праўда, не так даўно прыязджаў Андрэй Паўловіч, які браў грошы за работу. Ён нават прапаноўваў забраць трубы. Я кажу: “Добра, забірайце. Толькі грошы вярніце”. А грошай у яго не было…

Урэшце, Паўловіч сказаў, што яны прыедуць у сакавіку наступнага года і ўсё выправяць. Праўда, пісьмова пацвердзіць гэта адмовіўся. А ў лютым, між іншым, заканчваецца гарантыйны тэрмін на свідравіну. Мо, на гэта і разлічваюць у фірме? Ці на тое, што я стары (дзевяноста год ужо маю!), хворы і не дачакаюся, пакуль яны прыедуць…

Так ці інакш, але, заплаціўшы немалыя грошы, я атрымаў замест вады дзірку з трубой, што тырчыць з яе… Сцеражыцеся, людзі, такіх “прадпрымальнікаў”!

Аркадзь ХРОМАЎ,
жыхар Чэрвеня