Інваліды па зроку: калі ў сям’і лад, тады гора не бяда

Люди и судьбы

Шмат гадоў крочаць разам па жыцці Раіса Іванаўна і Уладзімір Вітальевіч Фалькоўскія з вёскі Калодзежы. Абодва яны – дзеці вайны, інваліды па зроку.

Уладзімір Вітальевіч атрымаў інваліднасць на рабоце. Аднойчы падчас пасяўной давялося аднаму працаваць на сеялцы. Нацягаўся мяхоў з зернем, і здарылася бяда: адбылося адслаенне сятчаткі вока. Па некалькіх бальніцах у Мінску вазілі, пакуль у інстытуце працоўнай рэабілітацыі зрабілі аперацыю. Урачы правае вока выратавалі, а левае – не… Далі другую групу інваліднасці. Давялося прыстасоўвацца ў жыцці да новага статусу.

Часта прыгадвае Уладзімір Вітальевіч сваю маладосць, не выходзяць з памяці гады ваеннага ліхалецця. Акурат перад вайной бацькі пабудавалі дом, але нядоўга давялося пажыць у ім. Напрыканцы акупацыі ён быў спалены, і толькі, дзякуючы роднаму дзядзьку, сям”я цудам засталася ў жывых. Часта ўсплываюць малюнкі, калі бацька, які быў сувязным у партызанах, вяртаўся з задання, апаноўваюць успаміны пра тыя далёкія і страшныя гады. Пра іх цяжка думаць, але і немагчыма забыць…

Пасля вайны Уладзімір скончыў пяць класаў. Вучыцца далей не давялося. Маці хварэла, трэба было працаваць. Пайшоў у калгас. У 11 гадоў пачаў за плугам хадзіць, з 15 гадоў — пасвіць кароў у вёсцы. Пасля працаваў на фабрыцы, у кола-вознай майстэрні, дзе рабілі калёсы, сані, аглоблі, дышалі. Пазней на гатары рабіў, дошкі пілаваў. Потым паставілі тралёўшчыкам. Падчас работы ў Бярэзінскім раёне пазнаёміўся з будучай жонкай. Ажаніліся. Праўда, спачатку Раіса ніяк не магла паехаць па месцу жыхарства мужа, бо ў той час цяжка было атрымаць пашпарт. Давялося амаль год даглядаць ёй дзяцей у старшыні сельсавета, каб той выдаў дакумент. А калі атрымала яго, пераехала ў Калодзежы. Сама яна са шматдзетнай сям”і, у якой было ажно 13 дзяцей. Вучыцца не было магчымасці, таму скончыўшы толькі 7 класаў, пазнала цяжкую сялянскую працу. А маці навучыла яе ўсім жаночым прамудрасцям.

Уладзімір пасля таго, як яму далі групу, працаваў у таварыстве інвалідаў па зроку ў Чэрвені: збіраў разеткі, патроны, потым яму прапанавалі надомную працу. Але на вытворчасці з ім адбыўся непрыемны выпадак, калі яго абвінавацілі ў нядобрасумленнасці. Ніхто не захацеў разбірацца ў гэтай справе, з яго вылічылі грошы, таму пакрыўджаны, ён пакінуў вытворчасць.

Пайшоў зноў у саўгас начным даглядчыкам жывёлы і нарыхтоўшчыкам. А калі зрок пагоршыўся, давялося усё ж пакінуць работу.

Са сваёй жонкай яны жывуць у ладзе і згодзе без малога вось ужо 60 год. Выхавалі чацвёра сыноў, маюць пяцёра ўнукаў і чацвёра праўнукаў.
Увесь час трымалі гаспадарку: па дзве каровы, па пяць свіней, шмат качак, каня. Цяпер сілы ўжо не тыя, цяжка спраўляцца з жывёлай. Вось толькі кот адзін і застаўся…
Радуюцца бацькі, калі сыны кожныя выхадныя наведваюць іх, клапоцяцца. Задаволеныя і тым, што нягледзячы ні на што, да гэтага часу крочаць па жыцці разам.
Жадаю вам шаноўныя, здароўя, бадзёрасці і разам сустрэць яшчэ не адзін світанак!

Алена ПЛЯШКЕВІЧ,
старшыня раённай
арганізацыі грамадскага аб’яднання “БелТІЗ”.
Фота Таццяны Марцьянавай



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *