Два юбілеі майстара саламяных дзівосаў

Люди и судьбы

Нядаўна загадчык установы “Сектар народнай творчасці рамёстваў” Тамара Пятроўна Шалупенка адзначыла два значныя юбілеі. Яе віншавалі з 60-годдем з дня нараджэння і 25-гадовым стажам работы ў галіне культуры раёна. Гэтую жанчыну ведаюць не толькі на Чэрвеншчыне, а і далёка за яе межамі. Дакладней, яе дзіўныя, непаўторныя вырабы з саломкі, якія пабывалі ўжо ў Італіі, Англіі, Францыі. У Луганскай і Вінніцкай абласцях Украіны праходзілі выставы творчасці гэтай цудоўнай майстрыхі. Дэлегацыі нашага раёна, наведваючы розныя фестывалі і конкурсы, абавязкова бяруць з сабою ў падарунак саламяныя вырабы Тамары. Ёсць саламяная Беларусачка нават у Цэнтры касмічных палётаў у Маскве.

Захапленне гэтым майстэрствам пачалося яшчэ дванаццаць гадоў таму, калі Тамара Пятроўна ўпершыню наведала майстар-клас спецыяліста абласнога Цэнтра творчасці па саломапляценню, які праходзіў у раённым Цэнтры культуры. І “захварэла” саломапляценнем. Аднаго дня хапіла, каб зразумець, што гэта яе справа. Тады на майстар-класе прысутнічалі яшчэ 12 работнікаў устаноў культуры, але цярпення і ўпартасці ў асваенні складанай творчасці хапіла толькі Тамары Пятроўне. Шмат сакрэтаў гэтай справы спасцігала самастойна праз кнігі, сама фантазіравала і прыдумвала вобразы.

І вось ужо каторы год з рук майстра выходзяць сапраўды дзівосныя рэчы з саломы. Вырабляе яна і маленькія прадметы, і вялікія. Радуюць вока вазы, лялькі, млыны, павукі-абярэгі і іншыя вырабы. Гледзячы на такія вытанчаныя рэчы, ніхто не здагадваецца, якая цяжкая праца па падрыхтоўцы матэрыялу папярэднічае гэтаму. З чэрвеня кожны дзень Тамара на палях збірае салому. Ды не кожная падыходзіць для яе шэдэўраў. Выбірае роўную, прыгожую, сакавітую. Потым маленькімі снапамі падвешвае пад страху. Высушвае да “цёмнай” белізны, сартыруе па размерах. На апошнім этапе запарвае салому, а потым фантазіруе і стварае прыгажосць.

Але не толькі саломкай захапляецца Тамара Пятроўна. Калі ў 1989 годзе ёй прапанавалі працу ў Вайнілаўскім клубе, няўрымслівая, здатная да творчасці, яна з цікавасцю, выдумкай і энтузіязмам рыхтавала цікавыя мерапрыемствы для аднавяскоўцаў. Акрамя таго, збірала па хатах і гарышчах даўнія прылады сялянскай працы, вышыванкі, адзенне. Усё гэта паступова назапашвалася і з часам не без яе ініцыятывы ў клубе стварылі Дом фальклору, які яна ўзначаліла. Ён быў добра вядомы не толькі ў нашым раёне, але і за яго межамі. Да таго ж здатная да рукадзелля ад прыроды, Тамара пляла паясы з дзецьмі, якія наведвалі гурткі ў клубе, вязала кручком, ткала палатно на старажытным станку.
А яшчэ майстрыха вельмі любіць кветкі. Шмат іх радуе вока на яе прысядзібным участку, а ў доме яны красуюцца ажно ў ста вазонах!

Напрыканцы лістапада Тамара Пятроўна прымала ўдзел у абласным фестывалі нацыянальных культур “Мой родны кут”, прысвечаным Году малой радзімы. Ладзіў фестываль абласны Савет ветэранаў. Там майстар прадставіла некалькі сваіх работ: “Герб г.Чэрвеня”, “Млын”, “Пастушок” і іншыя. Ганаровую грамату і падарунак ва ўрачыстай абстаноўцы ёй уручыў старшыня раённага савета ветэранаў Іван Фёдаравіч Ладуцька. А работнікі культуры падаравалі цёплыя віншаванні і кветкі.

Шаноўная Тамара Пятроўна, шчыра віншуем Вас! Жадаем здароўя, радасці, новых творчых здзяйсненняў, прызнання. Няхай Вашы саламяныя дзівосы заўсёды радуюць людзей і будзе невычэрпнай крыніцай Ваша фантазія.

Галіна ГАМЕЗО. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *