Да 100-годдзя сацыяльнай службы: чым сёння жыве дом-інтэрнат у Чэрвені?

Актуальное

Чэрвенскі дзіцячы дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця быў створаны ў 30-я гады на базе расфарміраванай вайсковай часткі. У ім пражывалі дзеці-інваліды с фізічнымі недахопамі, у асноўным – сіроты. У 2006 годзе дом-інтэрнат набыў новае аблічча…


Пра тое, чым жыве сёння гэтая ўстанова, распавядае яе дырэктар Эла Барысава:
— У нашым доме-інтэрнаце 281 выхаванец, з іх – 92 дзіцяці. Ступень страты здароўя ў кожнага розная. Ёсць выхаванцы з парушэннямі фізічнага, псіхічнага здароўя, тыя, каму аказваецца паліатыўная дапамога, гэта значыць, падтрыманне максімальна высокай якасці жыцця невылечна хворага дзіцяці і яго сям’і. Акрамя таго, у нас пражываюць маладыя інваліды.
Для выхаванцаў тут створаны добрыя ўмовы. З улікам спецыфічных асаблівасцяў абсталяваныя спальныя і гульнёвыя пакоі, сталовая, дзе ёсць усё неабходнае для арганізацыі разнастайнага харчавання. А гэта – восем розных меню, у тым ліку для дзяцей з пасцельным і агульным рэжымам.
Медыцынскае абслугоўванне адпавядае новым патрабаванням, якія прад’яўляюцца да ўстаноў такога тыпу. Ёсць кабінет лячэбнай фізкультуры, трэнажоры, масажная ванна. Для дзяцей, якія няздольныя самі стаяць і рухацца, ёсць 5 вертыкулярызатараў. І хаця на сённяшні дзень нам не хапае медыцынскіх сясцёр і двух урачоў, мы спраўляемся, аб чым сведчаць вынікі праверак. Калі неабходна планавае лячэнне або абследаванне, на дапамогу прыходзіць раённая бальніца і дзіцячая абласная. Атрымліваем таксама кваліфікаваныя кансультацыі ў дзіцячым хірургічным кардыялагічным цэнтры.
Нашы выхаванцы маюць магчымасць удзельнічаць у розных мерапрыемствах раённага, абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў. Штогод яны бяруць удзел у фестывалі “Мечты сбываются”, які ладзіць дабрачыннае грамадскае аб’яднанне “Мир без границ”. Сёлета ён праходзіў у Нясвіжы, дзе дзеці з дома-інтэрната занялі першае месца.
Неаднойчы нашы выхаванцы выступалі на сцэне тэатра імя Максіма Горкага ў Мінску з рознымі пастаноўкамі. І мелі поспех!
Зараз рыхтуемся да ўдзелу ў праекце развіцця сцэнічнага мастацтва “Большое искусство руками маленьких людей”. Гэта будзе тэатр ценяў.
Ёсць і спартыўныя дасягненні. Міжнародная арганізацыя “Special Olympics International» ладзіць спартыўныя мерапрыемствы па розных відах спорта — баскетбол, футбол, плаванне. У нас ужо ёсць залатыя, сярэбраныя і бронзавыя медалі. Прымаем удзел у спартыўных мерапрыемствах, якія праводзіць “Мир без границ”. Разам з Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны яны арганізуюць спартакіаду ў Стайках у студзені па некалькіх накірунках. Адно з іх — гульня ў “марскі більярд”. Для гэтай гульні патрэбны спецыяльны стол, шары. Наш работнік Іван Міхайлавіч Панкавец зрабіў такі стол. Вывучылі правілы гульні. Два-тры тыдні пагулялі, паехалі на рэспубліканскія спаборніцтвы і занялі там першае месца. Зараз у нас два такія сталы. Адзін нам падаравалі на спаборніцтвах.
У дома-інтэрната шмат сяброў, якія дапамагаюць дзецям і работнікам у многіх справах. Мы ўдзячны ім за тое, што яны знаходзяць час і сродкі для паездак да нас. Гэта Мінскі гарадскі камітэт судмедэкспертыз. Яны двойчы на год наведваюцца да нас у Дзень абароны дзяцей і на Новы год. Летась прывезлі 15 проціпролежневых матрацаў, ноўтбук, які нам неабходны для сцэнічных выступленняў. Супрацоўнікі гэтай установы праводзяць у нас суботнікі. Паставілі плот, усталявалі дзесяць лавак.


Дапамагаюць зрабіць жыццё дзяцей і маладых інвалідаў больш цікавым, разнастайным і духоўна насычаным дабрачынныя фонды — Спірыдона Трыміфунскага і “Спирос” імя Аляксандра Ціхановіча. Наведваюцца да нас часта з рознымі мерапрыемствамі, дапамагаюць матэрыяльна.
Сябруем з Мінскай абласной сельскагаспадарчай доследнай станцыяй (дырэктар Ігар Забаронак), Райаграсэрвісам (дырэктар Генадзь Шэршань). Наладжана цеснае супрацоўніцтва з праваслаўным храмам г.Чэрвеня. Выхавальнік 9-й групы Анатоль Іваноў з хлопчыкамі наведвае царкву на ўсе вялікія святы. Настаяцель протаіерэй Аляксандр Лазоўскі таксама часты госць у нашым дамашнім храме, які адчынілі ў верасні мінулага года.
Ёсць у нас таксама іншаземныя сябры. Гэта мясцовы дабрачынны фонд “Добра тут” (“Барренский Чернобыльский проект”, Ірландыя) і фонд “Chernobyl Chіldren’s Trust” (Ірландыя), куды мы можам заўсёды звярнуцца. Прыязджаюць валанцёры, арганізуюць розныя мерапрыемствы для дзяцей: паходы ў кіно, паездкі ў заапарк, у піцэрыю і г.д.
Сярод нашых фундатараў Фонд Ефрасінні Полацкай, старшыня Сяргей Барташэвіч; саветнік пры Мінскай гарадской епархіі, кіраўнік моладзевага тэатра аб’яднання моладзі Храма святой Марыі Магдалены Мікалай Шульмін.
Нядаўна з”явіліся яшчэ фундатары: у мінулым годзе італьянскі спонсар Джузэпе, сёлета — Андрэй Радзюкевіч з фірмы “АРТОСОФТ”, які з мая аказвае дапамогу ў суме 1500 рублёў штомесяц.
Свет не без добрых людзей. Хапае іх і сярод чэрвенцаў. Дапамагае нам сям’я прадпрымальніка Тараса Веснянкі. Яны купілі нам мясарубку ў сталовую і пералічваюць грошы на наш рахунак. У мінулым годзе атрымалі першае месца за самае прыгожае афармленне сваёй гандлёвай кропкі і падзяліліся сваёй прэміяй за перамогу ў суме 1000 рублёў.
Вельмі ўдзячны дырэктару спартыўнай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву Ігару Філічонку. Два гады запар у студзені-лютым у зручны для нас час нашы дзеці займаліся ў басейне, рыхтуючыся да спаборніцтваў па плаванню. Прадастаўлялі нам спартыўную залу пры падрыхтоўцы да спаборніцтваў па баскетболу.
Сябруюць выхаванцы з вучнямі СШ №3. Ладзім сумесныя мерапрыемствы з раённым цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Нашы дзеці наведваюць аддзяленне забеспячэння дзённага знаходжання, а пастаянныя наведвальнікі гэтага аддзялення прыходзяць у госці да нас у планах — супрацоўніцтва з Чэрвенскім будаўнічым ліцэем.
Прыемна адзначыць, што пачынаючы з 2016 года, пяцёра нашых выхаванцаў паступілі ва ўстановы прафтэхадукацыі. У ліцэі г.Узда хлопец атрымлівае спецыяльнасць слесара па рамонту сельгасмашын і абсталявання, двое вучацца ў Гродзенскім ліцэі бытавого абслугоўвання. У Чэрвенскім ліцэі адзін наш выхаванец набывае прафесію слесара-сантэхніка, другі ў Мінскім каледжы лёгкай прамысловасці і маркетынгу — зборшчыка верху абутку. Некаторыя нашы выхаванцы маюць магчымасць у далейшым стварыць сям’ю. Такія прыклады ў нас ёсць. Калектыў Чэрвенскага дома-інтэрната не толькі ахінае сваіх выхаванцаў клопатам і цяплом, але робіць усе неабходнае, каб многія з іх мелі магчымасць адаптавацца ў грамадстве і жыць паўнавартасным жыццём.

Занатавала
Таццяна МАРЦЬЯНАВА.
Фота з архіву
дома-інтэрната



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *