“Беларускі саюз жанчын”: лідарам раённай арганізацыі зноў абрана Ала Шахоцька

Актуальное Общество

У гэты дзень у раённым Цэнтры культуры і адпачынку панавала асаблівая, па-сямейнаму ўтульная атмасфера. Яе стваралі прадстаўніцы слабага полу, якія сабраліся тут на справаздачна-выбарную канферэнцыю раённай арганізацыі грамадскага аб”яднання “Беларускі саюз жанчын”.

Больш за 130 яе ўдзельніц — прыгожых і стыльных, усмешлівых і сур”ёзных, упэўненых у сябе і энергічных, ініцыятыўных і актыўных, якія ўмела сумяшчаюць прафесійную дзейнасць з грамадскай, сабраліся каб падвесці вынікі сумеснай работы, зацвердзіць новы склад жансавета і абмеркаваць накірункі далейшай дзейнасці. Атмасферу святочнасці і камфортнасці ўзмацнялі прыгожа аформленая сцэна, мяккі голас дыктара падчас дэманстрацыі фільма аб дзейнасці грамадскага аб”яднання жанчын і класічная музыка ў выкананні ансамбля “Ігуменскія крыніцы” ў фае ўстановы культуры. Магчыма таму, асабліва дарэчы быў і зварот да ўдзельніц урачыстасці старшыні раённай арганізацыі грамадскага аб”яднання Алы Шахоцька, якая распачала канферэнцыю словамі “дарагія сяброўкі, паплечніцы” , і тым самым выклікала прыхільнасць прысутных да шчырай размовы.

Што было зроблена прадстаўнікамі жаночай грамадскасці за два з паловай гады, ці ўсе пастаўленыя мэты былі здзейснены, якія ёсць праблемы і як іх мае намер вырашаць грамадская арганізацыя – пра гэта распавяла старшыня раённага аб”яднання ў сваім справаздачным выступленні, у якім ахапіла ўсе бакі дзейнасці арганізацыі за апошнія гады.
Адзначаны не толькі праблемы ў сферы сям’і, ладу жыцця, але і станоўчыя вынікі работы. Гэта сведчыць пра дастойны ўнёсак жанчын у паляпшэнне дабрабыту роднага краю. Жансавет цесна супрацоўнічае з Чэрвенскім аб”яднаннем прафсаюзаў, раённай арганізацыяй “Белая Русь”, раённай ветэранскай арганізацыяй, воінамі-афганцамі, Фондам міру, таварыствам Чырвонага Крыжа, прадстаўнікамі праваслаўнай царквы. Такое ўзаемадзеянне—перш за ўсё аб’яднанне намаганняў, накіраваных на ўмацаванне аўтарытэту жанчыны, прэстыжу інстытута сям’і і маральнасці, выхаванне падрастаючага пакалення, падтрымку шматдзетных сем’яў, сірот, хворых і дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі.

Члены раённай арганізацыі не праходзяць міма, калі бачаць, як дэградуе сям’я. Заўсёды памятаюць, што чужых дзяцей, як і чужой бяды, не бывае. Жансавет падтрымлівае курс дзяржавы на стабільнасць і развіццё, таму заўсёды актыўны ў падрыхтоўцы і правядзенні важных палітычных кампаній.

Раённая арганізацыя актыўна ўдзельнічае ў акцыях «Нашы дзеці»,» Бяспечны дом», «Збяром дзяцей у школу», конкурсах «Уладар сяла», «Лепшая шматдзетная сям’я». Пры падтрымцы раённай арганізацыі праводзяцца святы, прымеркаваныя да Дня пажылых людзей, Дня маці, які праходзіць кожны год у розных сельсаветах. Заснаваны ў 2014 годзе пераходзячы сімвал марафону—Лялька-сялянка — пабывала ўжо ў Кліноцкім і Смілавіцкім, Лядзенскім, Чэрвенскім, Валявацкім сельсаветах. У рамках навагодняй акцыі «Нашы дзеці» штогод уручаюцца падарункі 10-15 дзецям з катэгорыі сямей, у якіх непаўналетнія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Члены арганізацыі пастаянныя госці ўстаноў адукацыі на Апошнім званку і пры правядзенні Дня ведаў. Сёлета, напрыклад, ад раённай арганізацыі саюза жанчын лепшаму вучню ўручаны планшэт, арэлі для гульневай пляцоўкі СШ №3 г. Чэрвеня, школьныя наборы першакласнікам Запольскай сярэдняй школе.

Пачэсна і прыемна, што нашы жанчыны і сярод лаўрэатаў «Жанчына года Міншчыны». Сёлета гэты пачэсны тытул атрымала Валянціна Навіцкая, маці нашага земляка-касманаўта.

У скарбонцы жаночай арганізацыі шмат і ўласных ініцыятыў, карысных спраў. Так, асаблівай падзеяй 2017 года стала адкрыццё памятнага знаку ў гонар воінаў-афганцаў у г. Чэрвені. Жаночая арганізацыя прыняла ў гэтай высакароднай справе самы актыўны ўдзел: аказвала дапамогу ў афармленні дакументаў, збірала фінансавыя сродкі. Урачыстае адкрыццё помніка стала гонарам жанчын раёна ў памяць аб сынах, якія аддалі свае жыцці пры выкананні воінскага абавязку.

Жанчыны сталі ініцыятарамі і другой справы — добраўпарадкавання горада. Пад кіраўніцтвам раённай арганізацыі ў горадзе ўстаноўлена 41 лаўка для камфорту жыхароў. Пры актыўным удзеле жансавета традыцыйнымі сталі правядзенне ў раёне святаў вёсак, фестываля праваслаўнай культуры «Велікодны перазвон». У планах арганізацыі – стварэнне музея жанчын, дзе будзе адлюстравана ўся гісторыя жаночага руху ў раёне.

Прадстаўнікі жаночай грамадскасці шмат увагі надаюць і прафілактыцы шкодных звычак у маладзёжным асяроддзі, сямейнага гвалту, абароне правоў дзяцей. Праводзяцца мерапрыемствы ў навучальных установах і калектывах, рэйды, пасяджэнні калегіяльных органаў – КСН, камісіі садзейнічання сям’і і школе, камісіі па прафілактыцы п’янства і алкагалізму і іншыя. Арганізуюцца акцыі «Бяспечны дом», «Свет у сям’і – грамадства без гвалту», «Шчаслівае дзяцінства», «Прафілактыка і ты» і інш. Ужо той факт, што члены камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама, каардынацыйнага савета па рэалізацыі Дэкрэта №18, савета па дэмаграфічнай бяспецы, назіральнай камісіі, раённай рабочай групы па прафілактыцы пажараў і многіх іншых грамадскіх і дзяржаўных калегіяльных органаў узначальваюць члены БСЖ і ў большай частцы складаюцца з яе членаў, гаворыць пра ўплыў жаночага руху ў раёне на сферу прафілактыкі.

Алла Шахоцька агучыла і яшчэ шмат станоўчых момантаў у рабоце арганізацыі, адзін з якіх — павелічэнне колькаснага яе саставу. За два с паловай гады членамі арганізацыі сталі больш за 250 жанчын, аб”яднаных у 17 пярвічных. Да таго ж, за справаздачны перыяд створаны дзве новыя “пярвічкі” — у Чэрвенскім доме-інтэрнаце для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і маладых інвалідаў і ў раённай бальніцы.

Разам з тым, старшыня праўлення адзначыла і некаторыя праблемы, якія існуюць ў грамадстве і патрабуюць пашырэння сферы ўплыву жаночага руху ў раёне. Так, актуальным застаецца пытанне працаўладкавання жанчын, развіццё жаночага прадпрымальніцтва, асабліва на сельскіх тэрыторыях.

Недастаткова ў рабоце раённай арганізацыі надаецца ўвагі пытанням спорту і фізічнай культуры, правядзенню мерапрыемстваў і акцый, накіраваных на фарміраванне фізічнай актыўнасці дзеля здароўя жанчын. Патрабуе новага падыходу інфармацыйная падтрымка жаночага руху, цікавых ініцыятыў з выкарыстаннем інтэрнэт-прасторы. Важнае значэнне мае работа ў “пярвічках” па вырашэнню прафесійных і вытворчых задач, пашырэнню сферы ўплыву жаночай раённай арганізацыі на моладзь, захаванню актыўнасці жанчын, якія выйшлі на пенсію.

Дапоўнілі лідэра раённай арганізацыі выступіўшыя на канферэнцыі дэлегаты: старшыні пярвічных арганізацый Лядзенскага сельсавета Алена Гамеза, Чэрвеньскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Людміла Шаркова, упраўлення па адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Ірына Змачынская, якія прызналі работу праўлення Чэрвенскай раённай грамадскай арганізацыі “Беларускі саюз жанчын” здавальняючай.

Самыя актыўныя члены арганізацыі атрымалі ўдзячныя лісты старшыні раённай арганізацыі грамадскага аб”яднання “Беларускі саюз жанчын”, а таксама ад сацыяльных партнёраў – Чэрвенскага аб”яднання прафсаюзаў, раённых арганізацый “Белая Русь”, “БРСМ”, ветэранаў вайны ў Афганістане.

Удзельніцы канферэнцыі, выбралі новый склад праўлення, яго старшыню, намесніка і членаў рэвізійнай камісіі. Сваім лідэрам адзінагалосна зноў абралі Алу Шахоцька, намесніка старшыні райвыканкама па сацыяльнай сферы і ідэалагічнай рабоце.

З гэтай нагоды яе павіншавала старшыня Мінскай абласной арганізацыі грамадскага аб”яднання “Беларускі саюз жанчын” Святлана Сарока, якая прыняла ўдзел у справаздачна-выбарнай канферэнцыі, і дала высокую ацэнку рабоце раённай арганізацыі і яе лідэра, падзяквала за актыўную дзейнасць, ініцыятыўнасць, цікавыя набыткі і назапашаны значны вопыт работы, варты пераймання іншым раёнам, і адзначыла, што “неабходна працягваць добрыя і патрэбныя традыцыі Беларускага саюза жанчын, шчыра ганарыцца і радавацца поспехамі і творчымі дасягненнямі кожнага, адчуваць падтрымку і ўзаемадапамогу калег, таму што разам мы — жанчыны, і ў гэтым наша моц”. Яна выказала ўпэўненасць, што на рахунку арганізацыі будзе яшчэ нямала добрых спраў, накіраваных на стварэнне і росквіт нашай цудоўнай краіны і яе грамадзян. Святлана Рыгораўна ўручыла Але Шахоцька, а таксама самым ініцыятыўным і актыўным членам раённай арганізацыі жаночага руху Лідзіі Шчацінка, Алене Калтовіч і Любоў Джафаравай Ганаровыя граматы абласной арганізацыі за добрасумленную працу, якаснае і адказнае выкананне сваіх абавязкаў.

Пажадаем і мы новаму праўленню, яе лідэру і ўсім верным паплечніцам у іх высакароднай справе быць ”за все в ответе – за детский смех и радость стариков». Менавіта гэты радок з гімна Беларускага саюза жанчын адлюстроўвае сутнасць і прызначэнне гэтай арганізацыі.

Канферэнцыя скончылася на лірычнай нотке, якую ўнеслі ў атмасферу гэтага мерапрыемства чэрвенскія самадзейныя спевакі і наш земляк, лаўрэат шматлікіх конкурсаў Яўген Доліч, і кранальным моманце — ўручэнні Таццяне Ганчарык з аг.Рудня і Наталлі Вахцінай з в. Заполле “Ордэнаў маці”, атрыманых з рук старшыні раённага Савета дэпутатаў Мікалая Лойкі.

Людміла РАБЕЦКАЯ
Фото Галіны Гамеза



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *