Не без падтрымкі пажылыя і інваліды: у Рудні працуе аддзяленне кругласутачнага знаходжання

Общество

З першага студзеня 2007 года ў Чэрвенскім тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва працуе аддзяленне забеспячэння кругласутачнага знаходжання для адзінокіх пажылых людзей і інвалідаў, створанае ў будынку былой Руднянскай участковай бальніцы. Разлічана яно на пражыванне 30 чалавек.

У асноўным, сюды трапляюць адзінокія людзі, якім патрабуецца догляд Дзеля гэтага тут створаны ўсе ўмовы. За апошні час зроблены рамонт жылой часткі будынка. Сцены ў калідорах абліцаваны пліткай, адрамантаваны санвузлы. Добраўпарадкавана тэрыторыя.Максімальна ў адным пакоі знаходзяцца 3 – 4 чалавекі. Але ў асноўным пражываюць па двое. Ёсць і такія, хто жыве адзін. Абслугоўваючы персанал да кожнага падыходзіць індывідуальна. Людзі розныя, кожны са сваім характарам, перавагамі. Падбіраюць суседзяў па пакоях згодна пажаданняў.

Насельнікам прадастаўляюць розныя сацыяльныя паслугі: бытавыя, кансультацыйныя, пасрэдніцкія (па афармленню дакументаў) і медыцынскія. Наладжана добрае харчаванне. Мяса, рыба, сокі натуральныя, кандытарскія вырабы, кефір – усе гэтыя прадукты ёсць у рацыёне.

У вольны час жадаючыя могуць наведваць гурток “Умелыя рукі”. Некаторыя аддаюць перавагу кнігам, хтосьці вяжа, пляце з лазы, з паперы, вырабляе кветкі, арыгамі і іншае. Летам, хто мае патрэбу і магчымасць, ходзіць у лес у ягады. Вясной займаюцца агародніцтвам, добраўпарадкоўваюць і ўтрымліваюць у парадку тэтыторыю. Тут ладзяцца святы. Калектыў супрацоўнічае з Руднянскай школай, з сельскім Домам культуры. Вартаўнік Сяргей Копаць грае на баяне. Ён і забяспечвае музычнае суправаджэнне ўсіх святочных мерапрыемстваў.

 

Раней тэрмін знаходжання ў аддзяленні быў абмежаваны да шасці месяцаў. Цяпер чалавек мае права жыць тут да моманту яго пераводу ў інтэрнат або пастаянна. Сёння ў аддзяленні большасць такіх.

 

— Хаця наша ўстанова і прызначана для адзінокіх, адзінока пражываючых і тых, хто страціў здольнасць па догляду за сабой, — гаворыць загадчык аддзялення Вольга Сасункевіч, — мы маем магчымасць у выключных выпадках аформіць і не зусім адзінокага пажылога чалавека. Праўда, дзеля гэтага у нас павінны быць свабодныя месцы і пры згодзе дзяцей або родных аплочваць пражыванне. На жаль, у нас сёння ёсць насельнікі, якія бавяць тут дні пры жывых дзецях, таму што тыя не забяспечылі за імі належны догляд і самі з’яўляюцца нядобранадзейнымі. Адна з такіх нашых пражываючых Ядзвіга Мікалаеўна Курсевіч (на здымку).

— З аднаго боку, гэта вельмі добра – мець такія ўстановы, а з другога – самі ж і параджаем утрыманства, — завяршаючы размову, адзначыла загадчыца. — І гэта асабліва адчуваецца тут, у прытулку сталых і абяздоленых людзей ….

Таццяна МАРЦЬЯНАВА.
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *