«Жыгулі» да перамогі прывялі

Актуальное Люди и судьбы

У Нясвіжы прайшла цырымонія ўзнагароджання пераможцаў конкурсу прафесійнага майстэрства “Майстар Мінскай вобласці-2018”. У ліку 25 прадстаўнікоў розных прафесій, якія атрымалі гэтае пачэснае званне – вадзіцель Чэрвенскага дом-інтэрната для дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця Валерый Крук .


Сёлета ён паспяхова выступіў у абласным галіновым конкурсе сярод сваіх калег. Валерый стаў пераможцам гэтых спаборніцтваў, набраўшы максімальную колькасць балаў у рашэнні задач па Правілах дарожнага руху і выкананні практыкаванняў на аўтадроме.

– Увогуле, не разлічваў на такое, – кажа ён. – Бо наслухаўся плётак, што ў конкурсах месцы размяркоўваюцца загадзя. А насамрэч судзілі па-сумленнаму. На абодвух этапах важна было выканаць заданні не толькі правільна, але і хутка. Хуткасць мне шмат у чым дапамагла. Ну і “Жыгулі” службовыя не падвялі. Цяпер вось абяцаюць за першае месца ў конкурсе на новую машыну для інтэрната грошы выдзеліць.

Аб тым, што Валерый Крук сапраўды вопытны майстар, сведчыць факты з біяграфіі. Разам з дыпломам Смілавіцкага сельгасліцэя ён атрымаў правы на ваджэнне ўсіх відаў аўтатрактарнай тэхнікі, акрамя камбайна. Да прыходу ў дом-інтэрнат працяглы час працаваў вадзіцелем “МАЗа” ў аўтапарку №20, удзельнічаў у будаўніцтве буйных аўтамагістраляў краіны.

Ігар АДАМОВІЧ.
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *