14 палотнаў пад назвай “Соль зямлі беларускай”

Культура

Прэзентацыя мастака Квяткоўскага  адбылася ў мінулую суботу ў Чэрвенскім раённым краязнаўчым музеі. Як адзначыла старшы навуковы супрацоўнік музея Ірына Вабішчэвіч, гэта не першая яго выстава ў нашым раёне. Папярэднія дзве былі таксама прысвечаны беларускім пісьменнікам і паэтам. На гэты раз гледачам прадстаўлены 14 палотнаў, сабраных ў адну серыю пад назвай “Соль зямлі беларускай”.

Сярод іх партрэты выдатных постацей Беларусі — беларускага барда Андрэя Хадановіча, беларускага гісторыка-этнолага і культуролага, былога старшыні Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антона Астаповіча, пісьменніка Кастуся Тарасава, пісьменніка Вітаўта Чаропкі, беларускай паэтэсы, літаратурнага крытыка Людмілы Рублеўскай, спевака, кампазітара Чэслава Немэна, Кузьмы Чорнага, паэта Віктара Шніпа, уласнага ўнука Дамініка Квяткоўскага, ізраільскага палітыка, ураджэнца Валожынскага раёна Шымона Пераса, кампазітара Ларысы Сімаковіч, пісьменніцы Святланы Алексіевіч, Уладзіміра Караткевіча.

Ірына Іванаўна прывяла некаторыя біяграфічныя звесткі мастака Алеся Квяткоўскага, ураджэнца Валожына, члена Беларускага саюза мастакоў. Яна расказала, што мастак працуе ў станкавым жывапісу, акварэлі, графіцы, манументальным мастацтве, выкладае на архітэктурным факультэце БНТУ малюнак, жывапіс. 25 гадоў узначальваў студыю выяўленчага мастацтва “Квецень” у Мінску. Карціны яго ў некаторым сэнсе алегарычныя.

Віктар Шніп, галоўны рэдактар выдавецтва “Мастацкая літаратура”, паэт, які прысутнічаў на адкрыцці і з”яўляецца не толькі яго сябрам, але і земляком, паведаміў, што быў сведкам стварэння некаторых палотнаў, прадстаўленых на выставе. Ён прачытаў таксама некалькі сваіх вершаў, у тым ліку прысвечаны Алесю Квяткоўскаму “Чарнобыльская малітва мастака”.

Лідзія Шчацінка, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Чэрвенскага райвыканкама, выказала спадзяванні, што наступная выстава мастака ў нашым раёне будзе месціцца ўжо ў новым будынку краязнаўчага музея.

Выстава будзе доўжыцца на працягу месяца. Інфармацыю можна атрымаць па тэлефоне: 28923.

Таццяна МАРЦЬЯНАВА.
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *