Сацыяльная служба: з душой да любой справы

Актуальное Люди и судьбы

У сацыяльнай службе Галіна Мікалаеўна Карбук працуе амаль сямнаццаць гадоў. Шчырая і адкрытая, працавітая і добрасумленная, яна хутка заваявала павагу сваіх падапечных.

Калі прыйшла на работу у сацыяльную службу, была ў яе вялікая зона абслугоўвання – вёскі Плецявішча, Дубнікі і Велікаполле. З цягам часу апусцелі вёскі і цяпер яна абслугоўвае сталых людзей толькі ў Велікаполлі. Іх у яе сем чалавек.
Працы хапае кожны дзень, як і ва ўсіх сацыяльных работнікаў на вёсцы, – дастаўка лекаў і прадуктаў, шматлікія хатнія клопаты – дроў прынесці, вады, прыбраць, каму і ежу згатаваць…

Чакаюць сваю “апякунку” падапечныя з нецярпеннем — яна заўсёды прыносціць з сабой добры настрой, з усмешкай заходзіць у кожную хату. Сталым людзям вельмі патрэбна ўвага, хочацца і пагутарыць. Іншы раз скардзяцца на хваробы, а то прыгадваюць сваю маладосць, ваеннае ліхалецце…

Родам з Валевачоўскага сельсавета, Галіна ў маладосці трапіла ў Калінградскую вобласць у Палескі раён. Скончыла там вучылішча і атрымала прафесію майстра-сырароба. Але працаваць па атрыманай прафесіі не давялося – выйшла замуж за капітана грамадзянскага судна. Нарадзілася ў сям’і двое сыноў. Але сямейнае жыццё не заладзілася… З мужам разышліся. Праз некаторы час Галіна зноў выйшла замуж і вярнулася ў Беларусь з мужам і двума сынамі. Прыехалі ў вёску Велікаполле. У сям”і нарадзілася дачка. Муж Піліп Піліпавіч працаваў начальнікам участка, а Галіна Мікалаеўна — на ферме. Гаспадарка выдзеліла дом, які цяпер напаўняецца дзіцячым гоманам і смехам, калі ў госці да бабулі прыязджаюць унукі.

Гэтым летам, у жніўні, здарылася непапраўнае гора – загінуў муж. Загінуў недарэчна, на рыбалцы. Гэты занятак быў яго любімай справай, ён жа і прынёс яму смерць…
— Ён вельмі любіў часопіс “Ну, за рыбалку!” – з горыччу ў сэрцы гаворыць жанчына. – Вось мужа няма, а часопіс прыходзіць…

Дзе б ні працавала Галіна Мікалаеўна, заўсёды вылучалі яе добрасумленнасць, адказнае стаўленне да работы. Яшчэ ў маладосці, калі працавала на пошце ў Калініградскай вобласці, была Ударнікам Камуністычнай працы, узнагароджвалася Ганаровымі граматамі ад кіраўніцтва ўстановы і раённай улады. Ды і на радзіме не абышлі ўвагай старанную жанчыну. Ёсць у яе Падзяка ад старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінскага аблвыканкама за добрасумленную працу, актыўны ўдзел у рабоце па сацыяльнай абароне насельніцтва, Удзячны ліст старшыні Чэрвенскага райвыканкама, Грамата ад упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва райвыканкама, шмат Ганаровых грамат ад тэрытарыяльнага цэнтра. Яна неаднаразова выходзіла лепшай па выніках конкурсаў “Лепшы сацыяльны работнік”, “Лепшы брыгадзір брыгады сацыяльных работнікаў”, “Лепшы па прафесіі”.

Ёсць у жанчыны любімы занятак – яна вырошчвае птушак розных парод: індыкоў, качак, курэй. А яшчэ ў доме Галіны Мікалаеўны – вялікі акварыум з залатымі рыбкамі, якіх вельмі любіў муж…

Таццяна МАРЦЬЯНАВА.
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *