Кляновую алею ля вёскі Хвойнікі, непадалёк ад устаноўленага на пастамент самалёта, пасадзілі ў памяць аб наведванні Чэрвеншчыны маладыя лесаводы сталічнай вобласці. Па даўняй добрай традыцыі кожную восень Мінскае дзяржаўнае вытворчае лесагаспадарчае аб’яднанне ладзіць семінар-нараду з маладымі спецыялістамі, якія пасля заканчэння вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў прыйшлі працаваць у лясгасы вобласці. Мэта мерапрыемства – бліжэй пазнаёміцца з імі, даведацца, як сустрэлі маладое папаўненне ў калектывах, акрэсліць арыенціры і задачы на будучае. Сёлета пляцоўкай для такога дыялогу стаў наш раён.
– Я ўдзячны вам за тое, што вы абралі прафесію лесавода, – сказаў ва ўступным слове, звяртаючыся да маладых спецыялістаў, генеральны дырэктар Мінскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання Сяргей Мацюшэўскі. – Мы ўскладаем на вас вялікія надзеі, усведамляючы, што менавіта ад моладзі шмат у чым залежыць, наколькі паспяховым будзе працяг у нашай агульнай вялікай справы – адданага служэння лесу, захавання і памнажэння яго багаццяў.
Што да падмурку для далейшага дынамічнага развіцця лясной галіны Міншчыны, то, як распавяла намеснік генеральнага дырэктара аб’яднання па эканоміцы Раіса Паходава, ён даволі трывалы. Гэтаму, у прыватнасці, спрыяе высокі адукацыйны ўзровень кадраў: у сямітысячным калектыве лесаводаў вобласці кожны трэці мае дыплом выпускніка вышэйшай або сярэдняй спецыяльнай навучальнай установы. Напружаная праца па ліквідацыі наступстваў ураганаў і ўсыхання хваёвых насаджэнняў яшчэ больш згуртавала і загартавала ўсіх. У сувязі з істотным ростам аб’ёмаў нарыхтоўкі драўніны, лясгасы за кошт набыцця шматаперацыйных машын напалову механізавалі гэты працэс, а таксама стварылі магутную вытворчую базу для перапрацоўкі круглага лесу. Гэта дало магчымасці для атрымання дадатковай грашовай выручкі, у тым ліку – валютнай, за кошт экспарту гатовай прадукцыі. На месцы высечаных пашкоджаных участкаў паспяхова праводзіцца лесаўзнаўленне, аб’ёмы якога апошнім часам павялічыліся ўдвая…
Традыцыйнае знаёмства з маладымі спецыялістамі, якое правёў генеральны дырэктар аб’яднання, прайшло ў нязмушанай атмасферы. Сяргей Мацюшэўскі па-бацькоўску клапатліва цікавіўся ў кожнага з іх пра жыллёвыя ўмовы, узровень заработнай платы, перспектывы стварэння сям’і, пра тое, наколькі камфортна і бесканфліктна ім працуецца. Адметна, што ніхто з юнакоў і дзяўчат не ўзняў праблемных пытанняў па акрэсленых тэмах. Наадварот, казалі пра годныя заробкі, частковую або поўную кампенсацыю лясгасамі аплаты за здымнае жыллё.
І сапраўды, як азначыў на семінары-нарадзе старшыня абкама прафсаюза работнікаў лесу і прыродакарыстання Аляксандр Кузьмітовіч, некалькі апошніх гадоў існуе выразная тэндэнцыя да зніжэння скаргаў маладых спецыялістаў, выказаных на такіх мерапрыемствах. Адзін з сакрэтаў — у трывалым партнёрстве паміж прафсаюзам і наймальнікамі. Заключаныя ва ўстановах лясной гаспадаркі калектыўныя дагаворы прадугледжваюць шырокі пералік сацыяльных ільгот. Годнаму ўзроўню заработнай платы спрыяе сістэма грашовых надбавак: за стаж, складанасць і напружанасць працы і гэтак далей…
Шмат цёплых шчырых слоў і пажаданняў пачулі маладыя спецыялісты ад намесніка старшыні Чэрвенскага райвыканкама Алы Шахоцька, ваеннага камісара Чэрвенскага і Бярэзінскага раёнаў Артура Чэуса, старшыні пярвічнай ветэранскай арганізацыі Чэрвеньскага лясгаса Наталлі Жданок, а таксама ад сваіх нядаўніх выкладчыкаў з Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, Полацкага, Бабруйскага і Барысаўскага каледжаў.
Напрыканцы афіцыйнай часткі семінара-нарады кожны малады спецыяліст атрымаў памятны медаль, падарунак і зроблены перад пачаткам агульны фотаздымак. Пасля закладкі ля вёскі Хвойнікі кляновай алеі, удзельнікі мерапрыемства наведалі вытворчыя аб’екты Чэрвенскага лясгаса, пазнаёміліся з цікавосткамі гарадскога пасёлка Смілавічы – музеем мастака Хаіма Суціна і музычнай гасцёўняй кампазітара Станіслава Манюшкі.
Ігар АДАМОВІЧ.
Фота аўтара