Камсамол у іх жыцці

Важное Общество

У цэнтральнай раённай бібліятэцы прайшла сустрэча жыхароў горада з былымі камсамольскімі лідэрамі розных гадоў, прымеркаваная да 100-годдзя ВЛКСМ.

Яны падзяліліся ўспамінамі пра сваё камсамольскае юнацтва. Людміла Кузьмінічна Паддубіцкая, якая са снежня 1972 года ўзначальвала Чэрвенскі райкам камсамола, прыгадала тыя гады, як самыя лепшыя ў яе жыцці. Яна распавяла пра студэнцкія будаўнічыя атрады, пра “цягнік дружбы”, які адпраўляўся за мяжу. Кожны вагон фарміраваўся з групы камсамольцаў, адну з якіх, у Венгрыю, узначальвала Людміла Кузьмінічна, а потым кіравала групай моладзі з Беларусі ў паездцы ў Югаславію. Людміла Кузьмінічна была дэлегатам XVIII з’езда Усесаюзнага Ленінскага Камуністычнага Саюза моладзі ў Крамлёўскім палацы з’ездаў. А вучаніцай, як кіраўнік вучэбна-вытворчай брыгады, яна была на ВДНГ у Маскве. За актыўную работу ў камсамоле Людміла Паддубіцкая ўзнагароджана значком ЦК УЛКСМ, а таксама Ганаровымі граматамі ЦК УЛКСМ і ЦК ЛКСМБ.
Разам з Людмілай Кузьмінічнай у райкаме камсамола трэцім сакратаром працавала Раіса Георгіеўна Церашонак, якая адказвала за работу вучнёўскай моладзі. За арганізацыю работы студэнцкіх атрадаў на тэрыторыі раёна Раіса Георгіеўна ўзнагароджана двума граматамі ЦК ЛКСМБ.

Узгадала той час і сакратар камсамольскай арганізацыі пярвічнага аддзялення імя Кірава саўгаса “Натальеўск” Тамара Рыгораўна Ганчарык. З 1958 па 1960 гады працавала загадчыцай сельскага клуба ў вёсцы Калодзежы. Яна расказала пра цікавыя справы моладзі ў той час, як арганізоўвалі самадзейнасць, ездзілі на стрэльбішча. За сваю працу Тамара Рыгораўна ўзнагароджана Граматай Мінскага абкама камсамола.

У 1961 годзе на пасаду інструктара райкама камсамола прыйшоў Уладзімір Уладзіміравіч Шатэрнік. Яго рэкамендаваў першы сакратар райкама Аляксей Канстанцінавіч Каўка. Інструктар прыгадаў маладзёжныя вечары, якія праходзілі ў раённым клубе. На іх прысутнічалі сакратары камсамольскіх арганізацый горада і раёна, актыўная моладзь, піянерважатыя школ, старшыні піянерскіх арганізацый. Уладзімір Уладзіміравіч распавёў, што Аляксей Каўка быў ініцыятарам стварэння моладзевага хору “Скала” і курсаў, якія падрыхтоўвалі моладзь для паступлення ў ВНУ.

Прыгадаў сваю камсамольскую маладосць і Анатоль Турбал. Падчас службы ў войску ў г.Гродна ён скончыў афіцэрскія курсы зампалітаў. І яго з вызваленым сакратаром атрада адправілі на ўборку ўраджаю ва Украіну і ў Казахстан. Праца была адзначана па заслугах. Ад Палтаўскага абкама камсамола ён атрымаў Грамату, а ад Кустанайскага абкама камсамола за ўборку ўраджаю на цаліне — медаль. Камсамольская праца Анатоля Турбала прадоўжылася і тады, калі ён вярнуўся на радзіму. Быў дырэктарам раённага Дома культуры і адначасова настаўнічаў у СШ№ 2, дзе яго выбралі вызваленым сакратаром камсамольскай арганізацыі.

Напрыканцы сустрэчы разам з сямейным дуэтам Анатоля і Людмілы Турбал ўсе прысутныя спявалі песні іх камсамольскага юнацтва.

Святлана ЖДАНОВІЧ,
загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі Чэрвенскай цэнтральнай раённай бібліятэкі.
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *