Яе жыцця залатая восень

Люди и судьбы

Пагадзіцеся: вялікая рэдкасць у наш час сустрэць доўгажыхара, які ў сваім шаноўным узросце здолеў захаваць і яснасць розуму, і добрую памяць, і бадзёрасць духу, і энергічнасць.

Жыхарка Чэрвеня, ветэран Вялікай Айчыннай вайны Соф’я Львоўна Калтовіч у свае 95 гадоў, якія, дарэчы, адзначае ў сённяшні цудоўны восеньскі дзень, выглядае менавіта так. Сапраўды, жыццялюбству, аптымізму гэтай жанчыны можна па-добраму пазайздросціць. Размаўляючы з ёй, цяжка ўявіць, колькі нягод выпала на яе долю.

Але за ўсе моманты свайго жыцця Соф”я Львоўна ўдзячная лёсу: за радасці і нягоды, за перажытыя выпрабаванні, якія не зламілі гэтую моцную духам жанчыну. Рана памёр бацька, пайшоў з жыцця муж, страціла і сына. Шмат працавала. Менавіта ў працы шукала іншы раз паратунку, з галавой акунуўшыся ў любімую справу. І хаця ў маладосці ёй так і не давялося набыць жаданую прафесію (скончыла толькі тры курсы Мар’інагорскага сельгастэхнікума, калі пачалася вайна), яна настойліва спасцігала навуку і мудрасць жыцця самастойна. Ёй многага ўдалося дасягнуць. І дваццацігадовую дзяўчыну ў пасляваенныя гады запрасілі працаваць у Чэрвенскі райвыканкам загадчыкам агульнага аддзела, потым – у аддзел сацыяльнага забеспячэння. Шмат гадоў аддала яна працы рахункавода спачатку ў вытворчым участку Смалявіцкага хімлясгаса, затым у будаўнічым участку Мінскага аддзела прамысловага будаўніцтва. Да выхаду на заслужаны адпачынак амаль 20 гадоў працавала эканамістам у раённай нарыхтоўчай канторы.

Прайшла жанчына і вогненнымі вёрстамі вайны. Абпаленыя агнём гады Соф’я Львоўна прыгадваць не любіць — цяжка і балюча. Расказвае мала, але ёміста. Была сувязной партызанскага атрада, які дзейнічаў на тэрыторыі Рудзенскага раёна, потым — атрада імя газеты “Правда”. Значыць, загінуць магла ў любую хвіліну. Пра яе баявыя заслугі больш гавораць узнагароды: ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені, медалі «Партызану Вялікай Айчыннай вайны І ступені», «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 г.г.», «20 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 г.г.», «30 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 г. г.», «50 гадоў Узброеных Сіл СССР», «60 гадоў Узброеных Сіл СССР», знак «25 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне за доблесць і адвагу». Як і ўсе яе аднагодкі, многае давялося перажыць у тыя ваенныя гады. Таму самая галоўная каштоўнасць, лічыць юбілярка, — мірнае неба над галавой.

-Трэба гэта шанаваць і берагчы, каб на нашай зямлі ніколі больш не забівалі людзей і не чуліся стрэлы і выбухі. А яшчэ — трэба любіць жыццё, блізкіх, не ленавацца, быць энергічным, працаваць, і песню добрую не забываць. Гэта ўсё падаўжае жыццё, — працягнула нашу гутарку жанчына і ў пацвярджэнне сказанаму праспявала знакамітую “Кацюшу”.

Гонар і багацце Соф”і Львоўны — яе дзеці, 5 унукаў, 6 праўнукаў і 2 прапраўнучкі. Усе яны жывуць у розных кутках Беларусі і за яе межамі. Але не забываюць маці і бабулю, прыязджаюць, дапамагаюць і ўсе сябруюць паміж сабой.

На развітанне нашай сустрэчы падумалася: дай Бог усім нам сустрэць, так Соф”я Львоўна, сваю восень жыцця – дагледжанай, у любві, клопаце, пяшчоце, побач з блізкімі і дарагімі людзьмі. Усё чалавеку вяртаецца бумерангам: колькі любві, дабра і цяпла ён аддаваў, столькі і вернецца. Напэўна, такі закон жыцця.
Сёння юбілярка з вялікай радасцю і падзякай прымае цёплыя, шчырыя віншаванні і падарункі ад гасцей — старшыні раённага савета ветэранаў Івана Ладуцькі, родных, блізкіх. І вочы яе свецяцца ад шчасця: яе не забылі, яе памятаюць і любяць. А на схіле гадоў увага і клопат, цеплыня чалавечых адносін, добрае слова асабліва каштоўныя, бы бальзам на душу…

Калектыў рэдакцыі таксама віншуе шаноўную Соф’ю Львоўну з цудоўным юбілеем і жадае моцнага здароўя і больш светлых дзён у жыцці.

Таццяна МАРЦЬЯНАВА.
Фота аўтара

Раённы Савет ветэранаў далучаецца да
віншаванняў і жадае:

«Чтоб настроение влекло
К веселью, несмотря на годы,
И, чтобы солнце с небосвода
Дарило светлое тепло.
Пусть в жизни Вашей воцарится радость,
Пусть люди близкие всегда Вас берегут,
Пускай здоровье крепнет неустанно,
А в доме Вашем правит лишь уют!»



1 комментарий по теме “Яе жыцця залатая восень

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *