«Не ведала, з чаго пачынаць»: Святлана Кур’янчык хацела стаць юрыстам, а ўжо 30 гадоў працуе трэнерам

Актуальное Люди и судьбы

Што трэба для таго, каб стаць добрым педагогам, трэнерам? Валоданне прафесійнымі ведамі і навыкамі, уменне знаходзіць агульную мову са сваімі падапечнымі, арыентавацца ў тым, што адбываецца вакол… А яшчэ — любоў і адданасць той справе, якую робіш. Святлана Кур’янчык, трэнер па лёгкай атлетыцы Чэрвенскай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву з тых людзей, хто аддаецца сваёй любімай справе на 100 працэнтаў і хварэе за яе душой.

Трыццаць гадоў прайшло з таго часу, калі Святлана пачала трэнерскую дзейнасць. За гэты час зроблена шмат. Яе выхаванцы неаднаразовыя прызёры абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў. Асаблівы яе гонар — чэмпіёнкі свету і Еўропы, удзельніцы алімпійскіх гульняў Святлана і Ілона Усовічы. Праца трэнера не раз была адзначана. Дыпломы, граматы – іх цэлы стос розных узроўняў: дыплом за значную работу па станаўленню і развіццю алімпійскага руху ў Мінскай вобласці ад Прадстаўніцтва Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь у Мінскай вобласці, узнагарода ад Федэрацыі лёгкай атлетыкі Рэспублікі Беларусь за вялікі ўнёсак у падрыхтоўку спартсменаў сусветнага ўзроўню. Ёсць і медалі. Але яна пераканана: лепшыя вынікі яшчэ наперадзе.

Цяга да спорту ў Святланы з’явілася ў дзіцячыя гады. У Смілавіцкай школе №1, дзе вучылася дзяўчына, была добрая спартыўная база, а вядомы трэнер Аляксандр Пятровіч Шыдлоўскі прафесійна рыхтаваў тых, хто меў жаданне дабіцца высокіх вынікаў у спорце. У пачатковых класах выступала на спаборніцтвах за родную школу. Была прызёрам рэспубліканскіх спаборніцтваў, выканала нарматывы на першы разрад. У пачынаючай спартсменкі здараліся і паражэнні, і перамогі. Але яна настойліва ішла да пастаўленых мэт. Да таго ж, заняткі любімай справай прыносілі ёй задавальненне і давалі магчымасць фізічна развівацца, самаўдасканальвацца.

Але ў будучым Святлана не мусіла звязваць сваё жыццё са спортам — бачыла сябе юрыстам. Выпадак унёс свае карэктывы ў лёс дзяўчыны. Пасля заканчэння школы, атрымаўшы залаты медаль, ехала падаваць дакументы на юрыдычны факультэт БДУ. Сустрэла свайго аднакласніка, з якім трэніравалася ў секцыі лёгкай атлетыкі. Той наважыўся у інстытут фізкультуры. Прапанаваў разам паспрабаваць здаць экзамены ў гэтую ўстанову. Так і атрымалася “перакваліфікацыя” з юрыста на выкладчыка. Але яна ніводнага разу не пашкадавала, што ў той дзень “здрадзіла” сябе.

Сёння, узгадваючы інстытут, Святлана вельмі ўдзячная гэтай навучальнай установе за веды, якія там атрымала, за вопыт і мудрасць, якім навучылася ў педагогаў, за навыкі, якія прымяняе ў трэнерскай дзейнасці.

Захавалася ў памяці першая трэніроўка ў Чэрвенскай спартыўнай школе. Дапамаглі тады маладой дзяўчыне настаўнікі фізкультуры гарадскіх школ набраць у секцыю дзяцей. Сабралася іх 17 чалавек ад 4 да 6 класа. Для ўчарашняй студэнткі гэта быў першы вопыт трэнерскай работы. Вядома, спачатку было цяжка.
— Я была зусім маладая. Не ведала з чаго пачынаць. Нас у інстытуце накіроўвалі на высокія вынікі, а тут – якія вынікі? Паступова пераадолеўшы свае ваганні, пачала працаваць з дзецьмі …

І ўсё ў яе атрымалася. Многія выхаванцы Святланы па прыкладу свайго трэнера атрымалі трэнерскую адукацыю. Па яе шляху пайшоў Аляксандр Балоцін, які пасля футбольнай секцыі прыйшоў у лёгкую атлетыку, Андрэй Марозаў, Крысціна Аношка, Юлія Камейша. У сваёй рабоце Святлана стараецца, каб кожны яе выхаванец разумеў, што спорт, здаровы лад жыцця – вельмі важная і патрэбная справа. І няхай не ўсе даб” юцца высокіх вынікаў у спорце, галоўнае, каб кожны з іх быў здаровы.

Трэнерская работа займае шмат часу. Але яна паспявае ўсюды. Трымае сям”я і гаспадарку, ёсць свой агарод, сад. Разам з мужам Валерыем Станіслававічам выхавалі траіх дзяцей. Старэйшая дачка Караліна працуе ў Мінску ў дэпартаменце аховы. Сярэдняя Лізавета зараз вучыцца ў фізкультурным інстытуце, пайшла па маміным шляху. Трэцяя Ангеліна яшчэ школьніца. Як і мама – заўзятая спартсменка, займаецца плаваннем і лёгкай атлетыкай.

— Я вельмі люблю сваю работу, — распавядае Святлана Мікалаеўна, — і ніводнага дня не пашкадавала, што калісьці спыніла свой выбар на педагагічнай дзейнасці. У мяне шмат дзяцей, якія жадаюць сур”ёзна займацца спортам, дабівацца пэўных вынікаў, стаць чэмпіёнамі. Прыемна, што і многія бацькі ставяцца да іх захапленняў з паразуменнем. Спадзяюся, што мы яшчэ выхаваем не адных такіх Усовічаў…

За добрасумленную выніковую працу рашэннем Чэрвеньскага райвыканкама яе імя і фотаздымак змешчаны на раённай Дошцы гонару.

Таццяна МАРЦЬЯНАВА.
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *