Адмяняць смяротную кару пакуль не плануецца

Важное Власть Молодежная политика

Пра гэта заявіў падчас сустрэчы з працоўным калектывам Чэрвенскага прафесійнага будаўнічага ліцэя, на якой, у прыватнасці, абмяркоўваліся праблемы выхавання моладзі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Пётр Атрошчанка.

Ён нагадаў, што супраць адмены смяротнага пакарання на рэспубліканскім рэферэндуме прагаласавалі больш за 82 працэнты яго ўдзельнікаў. Перагледзець гэтае пытанне маюць паўнамоцтвы Прэзідэнт Беларусі і парламент. Аднак пазіцыя кіраўніка дзяржавы тут вядомая: як вырашыў народ, так і павінна быць.

– Прынамсі ў бліжэйшыя два гады вяртання да гэтага пытання чакаць не варта, – сказаў Пётр Атрошчанка. – Калі толькі не адбудзецца рэферэндум, што малаверагодна.
Паводле слоў дэпутата, не будзе і кардынальных змяненняў у артыкул 328 Крымінальнага кодэксу, які тычыцца незаконных аперацый з наркотыкамі. Адзінае, што плануецца – зменшыць ніжні парог тэрмінаў пакарання: па частцы 2 – з 6 да 4 гадоў, па частцы 3 – з 8 да 6 гадоў.

На сустрэчы Пятра Атрошчанкі з прадстаўнікамі працоўнага калектыву Чэрвенскага лясгаса ішла гаворка аб праблемных пытаннях лясной галіны. Бліжэйшым часам яны будуць абмяркоўвацца ў парламенце. Таму дэпутат заклікаў работнікаў лясгаса далучыцца да ўнясення прапаноў па змяненнях у лясное заканадаўства.

Таксама Пётр Атрошчанка правёў прыём грамадзян, падчас якога да яго звярнуліся жыхары вёскі Раванічы. Яны папрасілі падтрымкі ў газіфікацыі вёскі. Галоўная праблема – у фінансаванні будаўніцтва газаправода высокага ціску працягласцю каля 22 кіламетраў. Дэпутат паабяцаў прапрацаваць гэтае пытанне на абласным і рэспубліканскім узроўнях.

Ігар АДАМОВІЧ.
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *