Жыццё аддадзенае працы

Важное Люди и судьбы

У мінулы чацвер 80-гадовы юбілей адзначыла Марыя Мікалаеўна Ярашэвіч. Распавесці пра яе настаронках “раёнкі” параіў старшыня раённага савета ветэранаў Іван Ладуцька. І вось з’явілася нагода.

Дзіця вайны, Марыя Мікалаеўна як і іншыя яе аднагодкі, з юных гадоў зведала цяжкую сялянскую працу. Скончыла толькі чатыры класы і пайшла на работу разам са сваімі сяброўкамі-аднагодкамі. Старалася, каб не сорамна было за яе, каб ганарыўся ёю бацька, які з фронта вярнуўся без нагі… І нормы выпрацоўкі, якія даводзілі такім дзецям, выконвала. А як споўнілася шаснаццаць гадоў, уступіла ў калгас імя Леніна.

— Працавалі мы шмат, — прыгадвае жанчына. — Рукамі ірвалі лён, сярпом жыта жалі.

Маці шмат хварэла і рана пайшла з жыцця. Пасля яе смерці ўсе хатнія клопаты леглі на плечы Марыі. А было ў Марыі яшчэ пяцёра братоў. І хаця дома па гаспадарцы было шмат работы, дзяўчына марыла вучыцца. Пасля работы бегла ў вячэрнюю школу і скончыла семігодку.

Працавітую адказную дзяўчыну прыкмецілі – прызначылі звеннявой па вырошчванні цукровых буракоў і ільну. Адправілі на курсы ў Смілавіцкі сельгастэхнікум на некалькі месяцаў.

Замуж выйшла ў вёску Лучное. Муж Вячаслаў Ігнатавіч працаваў жывёлаводам у калгасе “Чырвоны Усход”, а Марыя Мікалаеўна — у паляводстве. Праз год сям’я перабралася ў вёску Пальчык, там купілі хату.

У 1977 годзе адбылося ўзбуйненне калгасаў – “Чырвоны Усход” далучылі да калгаса “Бальшавік”. Заатэхнік гаспадаркі прапанаваў Марыі Мікалаеўне перайсці ў жывёлагадоўлю, маўляў, вопыт работы з людзьмі ёсць, дысцыпліну трымаць можаш.. Пагадзілася. Цэнтр жывёлагадоўчай брыгады быў тады ў Майзарова. Хадзіла туды на работу. Пазней працавала разам з мужам – ганялі статак на выган, кармы падвозілі… Так і да пенсіі дарабілі.

Увесь час працавала Марыя Мікалаеўна добрасумленна. Мае цэлы стос Ганаровых грамат за высокія паказчыкі ў рабоце, захаванне працоўнай дысцыпліны і тэхнікі бяспекі — як ў паляводстве, так і ў жывёлагадоўлі. Ёсць Ганаровы Дыплом пераможцы ў Рэспубліканскім сацыялістычным спаборніцтве рабочых прафесій у 1984 годзе за высокае майстэрства і якасць работы, знак Пераможцы сацыялістычнага спаборніцтва ў 1973 годзе, знак Ударніка камуністычнай працы ў 1984 годзе. Мае медаль “Ветеран труда” за шматгадовую добрасумленную працу. Уручалі Марыі Мікалаеўне Віншавальныя адрасы і каштоўныя падарункі да святаў…

У Ярашэвічаў – двое сыноў, якія таксама маюць сем’і. Аляксандр жыве ў Мінску, Леанід — ў Майзарова. Часта наведваюць бацькоўскі дом, дапамагаюць маці, якая два гады таму страціла мужа.

Раней у маладосці, як і многія вясковыя жанчыны, захаплялася вышыўкай. У яе да гэтага часу захавалася шмат прыгожых рэчаў – падузорнікі, рушнікі, накрыўкі на падушкі, абрусы. Былі таксама ў гаспадыні і кросны, на якіх яна рабіла тканыя коўдры. Яны і зараз не згубілі свае каляровыя фарбы…
Віншуем Вас з юбілеем, шаноўная Марыя Мікалаеўна! Зычым моцнага здароўя, дабрабыту і шмат радасных дзён.

“Каб было на душы больш цяпла і больш свету,
А доля няхай будзе шчасцем сагрэта.
Няхай не мінаюць ніколі ўдачы,
Хай будзе настрой Ваш і сэрца гарачым.
Каб толькі ўсё добра ў жыцці павялося
І спраўдзілася!
усё, што яшчэ не збылося!

Таццяна МАРЦЬЯНАВА.
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *