У Мядзелі ўшанавалі лепшых аграрыяў Мінскай вобласці

Аграрный сектор Актуальное

Хлебам і песнямі сустракаў Мядзел удзельнікаў галоўнага сельскагаспадарчага свята вобласці: 29 верасня горад прымаў «Дажынкі-2018». Тэатралізаванае шэсце дэлегацый усіх раёнаў Міншчыны расцягнулася на сотні метраў.

Дэлегацыю нашага раёна, якая ўдзельнічала ў гэтым святочным мерапрыемстве, узначаліў старшыня Чэрвенскага райвыканкама Віталь Казлоў і старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Лойка.

На абласное свята з’ехаліся лепшыя аграрыі цэнтральнага рэгіёна, якія зрабілі значны ўнёсак у рэспубліканскі каравай. Хлебаробы Мінскай вобласці сёлета папоўнілі засекі 1 мільёнам 300 тысячамі тон новага ўраджаю. У лідарах уборачнай кампаніі — Дзяржынскі, Пухавіцкі і Мінскі раёны. Уклад Чэрвеншчыны ў агульны каравай склаў 54 тысячы тон збожжа пры сярэдняй ураджайнасці 23,9 цэнтнера з гектара.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў жніва, старшыня Мінаблвыканкама Анатоль Ісачанка адзначыў:

— У кожнага свята ёсць свае вытокі і асаблівасці. Гэтае свята каштоўнае для нас удвая: і як даніна павагі нашым продкам, і як магчымасць сказаць шчырыя словы падзякі ўсім працаўнікам вёскі. «Дажынкі» — гэта добрая і слаўная традыцыя ўшаноўваць тых, хто добрасумленна працуючы ў полі і ў будні, і ў выхадныя, праявіўшы высокі прафесіяналізм, адказнасць і працавітасць, дасягнуў найбольш высокіх вынікаў. Сёлета неспрыяльныя ўмовы надвор’я значна паўплывалі на ўраджайнасць збожжавых культур, і нам не ўдалося дасягнуць леташніх вынікаў. Але, нягледзячы на гэта, Мінская вобласць па-ранейшаму ўтрымлівае статус асноўнай жытніцы краіны і надзейнага пастаўшчыка харчавання для жыхароў сталіцы і іншых рэгіёнаў. Перш за ўсё — гэта заслуга нашых працавітых людзей: кіраўнікоў і спецыялістаў сельгасарганізацый, камбайнераў, вадзіцеляў, тых, хто працаваў на сушцы збожжа, рыхтаваў абеды для ўдзельнікаў жніва.

Губернатар падзякаваў усім, хто прымаў актыўны ўдзел ва ўборцы ўраджаю: гэта студэнты і навучэнцы, работнікі аддзелаў па надзвычайных сітуацыях і праваахоўных органаў, гандлю і грамадскага харчавання, культуры, медыцыны, бытавога абслугоўвання насельніцтва.

— Вялікі дзякуй сем’ям хлебаробаў, іх бацькам, жонкам, якія ў гэты перыяд узялі хатнія клопаты на свае плечы, — сказаў Анатоль Ісачанка. – Асаблівыя словы ўдзячнасці хачу выказаць ветэранам галіны, якія перадаюць свой вопыт і веды падрастаючаму пакаленню. Ваша мудрасць заслугоўвае ўсеагульнай павагі і вартая прызнання.
На «Дажынках» традыцыйна падвялі вынікі жніва: Анатоль Ісачанка ўзнагародзіў пераможцаў штогадовых абласных спаборніцтваў за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы ўраджаю. Цырымонія ўзнагароджання і святочны канцэрт з удзелам аматарскіх калектываў і прафесійных выканаўцаў адбыліся на сцэне амфітэатра на маляўнічым беразе возера Мястра.

Цэнтральнай нефармальнай падзеяй “Дажынак» стала святочнае шэсце дэлегацый «Шлях да хлеба». Кожны рэгіён прадставіў свой каравай. Дэлегацыю Чэрвеньскага раёна горача сустракалі жыхары дамоў па вуліцы з восеньскай назвай — 17 Верасня. Гэта адна з вуліц, па якой прайшлі парадам усе дэлегацыі вобласці. Стоячы на балконах, мядзельцы віталі Чэрвень, здымаючы з вышыні тэатралізаванае шэсце на смартфоны. Больш за 300 арганізацый гандлю —прадпрыемствы грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання, прамысловыя прадпрыемствы і індывідуальныя прадпрымальнікі – прэзентавалі гасцям “Дажынак” свае тавары. Гандлёвыя рады раскінуліся ў цэнтральнай частцы горада на паўтара кіламетра: тут і кірмашы, і канцэрты самадзейных артыстаў і калектываў. Кожны па той бок прылаўка стараўся завабіць як мага больш пакупнікоў. На пляцоўцы «Рыбны край” прадставілі сваю прадукцыю рыбаводчыя гаспадаркі, у ліку якіх — рыбгас “Волма».
Аўтэнтычны каларыт святу задаваў «Горад майстроў». Сярод рамеснікаў і рукадзельніц — нашы іваніцкія майстрыхі, якія прыемна здзівілі публіку сваімі творчымі ўменнямі.
Абноўленыя дамы і вуліцы, новыя амфітэатр і гасцініца… Такім запомняць хлебасольны Мядзел госці свята. Нават адкрыццё новай залы шлюбаў тут прымеркавалі да «Дажынак»: 29 верасня прайшла першая цырымонія.

У наступным годзе эстафету ўшанавання лепшых аграрыяў вобласці прыме Барысаўскі раён.

Сняжана КАЎГАРЭНЯ.
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *