Свята, якое застанецца ў сэрцы

Общество

Тое, пра што раскажам,
Ведаць усе павінны.
Бо гісторыя школы нашай –
Частка гісторыі нашай краіны.

Свята творчасці і прыгажосці, дабрыні і пранікнёнасці адбылося ў Запольскай школе 28 верасня. Школа адзначала 130-гадовы юбілей. На юбілейную ўрачыстасць сабраўся педагагічны калектыў, вучні, бацькі.

Ганаровымі гасцямі былі начальнік упраўлення адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Ларыса Валянцінаўна АСАНОВІЧ і супрацоўнік упраўлення Святлана Мікалаеўна АНОШКА. Павіншаваць калег прыйшлі ветэраны школы. Пачалося свята каля 11 гадзін на школьным двары.

Прыгожая музыка, цёплыя прывітальна-віншавальныя словы вядучых і імклівы танец. Дзеці з каляровымі кутасікамі і паветранымі шарамі здаваліся чарадой птушак, якія кружыліся ў віртуозным віхоры. Пад шчырыя апладысменты ў восеньскае неба паляцелі каляровыя шары.

У фае школы кіпеў восеньскі кірмаш-выстава.

Чаго тут толькі не было! Асабліва цікавымі мне падаліся “мармуровыя карціны”. Кранула рукою – лёгкія! Аказалася, гэта кавалкі будаўнічага пенаплексу, аздобленыя акрылавымі фарбамі. Такія шэдэўры вырабляюць вучні на занятках гуртка “Фантазія” пад кіраўніцтвам Л.Р.ЦІТОВАЙ.

Прыгожа выглядалі і падзелкі з бісеру – вырабы гуртка “Бісерапляценне”, якім кіруе настаўніца фізікі Л.А.КОРЗУН. Маленькія дываночкі, каб зімою не мезлі ногі каля камп’ютара, вырабляе гурток “Прыкладное мастацтва” на чале з Л.П.ЗАХАРЧУК. Была і бяспройгрышная латарэя “Ухапі ўдачу за хвост”. Уражвалі кулінарныя прысмакі.

Так і хацелася сказаць: навошта з магазіна прынеслі?!
Нас, педагогаў-ветэранаў, павялі на экскурсію ў Музей хлеба і Музей спорту. Вядучыя каротка і змястоўна пазнаёмілі прысутных з экспазіцыямі. Прагучалі прозвішчы землякоў, якімі ганарыцца Чэрвеньшчына: Людміла ВАЛЧОК, Уладзімір УСЕНКА, Алег НАВІЦКІ. Зрабілі на памяць фотаздымак каля настаўніцкага пакою. Напрыканцы свята яго нам і ўручылі.

У актавай зале ўсіх чакала музычнае віншаванне. Гэта была своеасаблівая сувязь часоў. У пачатку прагучаў Гімн школы. Музыку на мой верш напісаў былы настаўнік Мікалай Іванавіч ГАНЧАРОЎ. Усе прысутныя спявалі:

Асенняю парою ў школу
зноў ідзём,
Сталеем разам з ёю і
разам з ёй расцём.
Звініць званок вясёлы,
у светлы кліча клас.
Цябе шануе, школа,
і любіць кожны з нас.
Шляхоў не будзе лёгкіх,
бо трэба нам спазнаць,
Чаму з краёў далёкіх
буслы дамоў ляцяць.
Звініць званок вясёлы
ўзімку і вясной.
Мы ганарымся школай
Запольскаю сваёй!..

На канцэрце гучалі вершы і песні ў выкананні вучняў, настаўнікаў, ансамбля настаўнікаў “Заполюшка” пад кіраўніцтвам Таццяны АГІЕВІЧ, а таксама Марыны СІНЯЎСКАЙ.

Крануў сэрца відэаўспамін пра гісторыю школы. Шчырыя словы сказалі былыя дырэктары Ларыса Паўлаўна ГАБЕРНІК і Алена Паўлаўна АЎРАМЕНКА, старэйшыя нашы настаўнікі Антон Канстанцінавіч КУНДРА і Алена Васільеўна МАЗОЛЬ. Хвілінай маўчання ўшанавалі памяць былых педагогаў. Падчас ўрачыстасці Ларыса Валянцінаўна АСАНОВІЧ уручыла Ганаровыя граматы педагогам і супрацоўнікам школы, адзначыўшы іх паспяховую працу.

І, канешне ж, шчырыя віншаванні прагучалі ад цяперашняга дырэктара школы Андрэя Валянцінавіча ГАНТАРЭНКІ. Усе настаўнікі-ветэраны атрымалі прыгожыя букеты. Святочны канцэрт завяршыўся салодкімі пачастункамі для настаўнікаў і гасцей. Сустрэча працягвалася ў нефармальных абставінах, дзе былі ўспаміны, душэўныя размовы, жарты. Свята надоўга застанецца ў сэрцы. Як вынік – верш.

Сярод сучасных пабудоў
Яна прыгожа-маладая.
Сто трыццаць велічных гадоў
Сягодня школа адзначае.
130 год тут дзень у дзень
Парой любою кожны ранак,
Нібыта сонечны прамень,
Дзяцей страчае школьны ганак.
І кожны дзень звініць званок.
Настаўніца, нібыта фея,
Як казку, правядзе ўрок,
І кожны вучань зразумее:
Чаму так зорка зіхаціць,
Чаму заўжды ўзыходзіць сонца,
Чаму так хочацца любіць
Зямлю бацькоўскую бясконца.
Жыццё дарослае падчас
Прыносіць сум неверагодны.
Не забывайце ж родны клас!
Не забывайце школы роднай.

З вялікай павагай,
любоўю і ўдзячнасцю
былая настаўніца
Наталля СІВАК,
в. Заполле.
Фота Барыса БАТУРЧЫКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *