Старшы оперупаўнаважаны аддзялення крымінальнага вышуку Чэрвеньскага РАУС маёр міліцыі Іван Сакалоўскі зрабіў выдатны падарунак сабе і сваім калегам да стогадовага юбілею службы крымінальнага вышуку

Люди и судьбы

Выдатны падарунак сабе і сваім калегам да стогадовага юбілею службы крымінальнага вышуку, які будзе адзначацца 5 кастрычніка, зрабіў старшы оперупаўнаважаны аддзялення крымінальнага вышуку Чэрвеньскага РАУС маёр міліцыі Іван Сакалоўскі. У пярэдадзень гэтай падзеі ён заняў другое месца ў абласным аглядзе-конкурсе прафесійнага майстэрства на званне “Лепшы супрацоўнік крымінальнага вышуку” і стаў трэцім на рэспубліканскім этапе конкурсу ў раздзеле “Крыміналістыка”.

..Калі б напачатку двухтысячных звычайнаму вясковаму хлопцу з Рудні сказалі, што стане сышчыкам, ён бы, мабыць, толькі іранічна ўсміхнуўся. Бо ў той час мары і жаданні былі зусім іншымі.
З дзяцінства Іван захапляўся разьбой па дрэву. Таму пасля заканчэння дзевяці класаў мясцовай школы цалкам асэнсавана пайшоў вучыцца ў Чэрвеньскае ПТВ-80 на сталяра-станочніка, разьбяра і атрымаў максімальна высокія чацвёртыя разрады па гэтых спецыяльнасцях. А яшчэ – выйграў абласны і рэспубліканскі конкурсы прафесійнага майстэрства па разьбе.

Але потым яго лёс крута змяніў прызыў на тэрміновую службу ва ўнутраныя войскі МУС РБ. Менавіта тут юнак па іншаму зірнуў на жыццё і вырашыў стаць супрацоўнікам міліцыі. Два гады вучобы ў Магілёўскім каледжы ўнутраных спраў па спецыялізацыі “аператыўна-пошукавая дзейнасць” – і вось ён ужо оперупаўнаважаны аддзялення крымінальнага вышуку Чэрвеньскага РАУС.

– З уваходжаннем у калектыў асаблівых праблем не было, – узгадвае Іван. – Старэйшыя калегі паставіліся да мяне зычліва, ахвотна дзяліліся ўласным досведам. Вельмі шмат чаму навучыўся ў Дзмітрыя Мікалаевіча Будніка, які для нас, маладых супрацоўнікаў, быў бясспрэчным аўтарытэтам. Праўда, напачатку, каб набрацца вопыту, наладзіць сувязі з мясцовымі жыхарамі, праводзіў увесь не толькі працоўны, але і асабісты час на замацаваных тэрыторыях у Вайнілаўскім, Валевачоўскім і Кліноцкім сельсаветах. Затое потым стала лягчэй…

Калі гаворка заходзіць пра будні службы, Іван шчыра прызнаецца, што рамантычна-гераічныя вобразы сышчыкаў, намаляваныя ў кіно і літаратуры, даволі далёкія ад рэальнасці.
– Наша паўсядзённая праца амаль нічым не адрозніваецца ад любой іншай, – кажа ён. – З гадамі, калі твае дзеянні ўжо адпрацаваныя да аўтаматызму, гэта тое ж самае, што прыходзіць да станка і адпрацоўваць змену. Хіба што толькі ніколі не ведаеш, калі гэтая змена скончыцца…

Значная доля злачынстваў, над раскрыццём якіх даводзіцца працаваць Івану Сакалоўскаму і яго калегам, прыпадае на крадзяжы. Поспех у выкрыцці злодзеяў залежыць ад многіх фактараў. Адзін з іх – “свае людзі” на ўчастку.

– Самы лепшы “агент” для сышчыка – бабуля на лавачцы, – з усмешкай кажа наш герой. – Чым больш яна сядзіць на гэтай лавачцы, тым больш бачыць. А значыць, у гутарцы з ёй можна атрымаць карысную інфармацыю. На мове пратакола гэта называецца “падворны абход”. Так і даводзіцца хадзіць: ад двара да двара, ад вуліцы да вуліцы.

Здараецца і па-іншаму. Аднойчы мы з напарнікам працавалі па серыі крадзяжоў з дачных дамоў у садовым таварыстве. Адзін з такіх дамоў узімку згарэў: злодзеі, каб пагрэцца, запалілі ў печы і праз нейкі час сышлі, пакінуўшы яе без нагляду. На месца здарэння мы выязджалі неаднойчы. І вось, прыехаўшы ў чарговы раз, убачылі на снезе ля згарэлага дома свежыя сляды. Пайшлі па іх, і праз поле выйшлі да вёскі, дзе жылі злодзеі. Як высветлілася, у хаце, якая потым згарэла, яны знайшлі шмат хатняга вінаграднага віна. Ды так упадабалі смак, што праз некалькі дзён, не ведаючы пра пажар, вырашылі вярнуцца, каб яго дапіць. На гэтым, наслядзіўшы, і папаліся…

Увогуле, уменне працаваць са слядамі неаднойчы дапамагала Івану Сакалоўскаму раскрываць злачынствы. А тое, што аператыўнік валодае гэтым навыкам дасканала, пацвердзілі вынікі ўдзелу ў рэспубліканскім этапе сёлетняга агляду-конкурсу прафесійнага майстэрства, дзе ён, нагадаем, заняў трэцяе месца ў раздзеле “Крыміналістыка”. (Дарэчы, гэтае дасягненне чэрвеньскага сышчыка адзначана нагрудным знакам адрознення Міністэрства ўнутраных спраў “За прафесійныя поспехі”). Як талент “следапыта” працуе на практыцы, Іван распавёў на прыкладзе нядаўна раскрытага злачынства:

– У адной з вёсак на маім участку з гаража ўкралі матацыкл. Пяць гадзін хадзіў па вуліцах, шукаў сляды абутку, што заўважыў на месцы крадзяжу. І ў выніку прыйшоў да хаты, дзе жыве непаўналетні. Хлопчыку нічога не заставалася, як прызнацца, што гэта зрабіў ён разам з сябрам.
…Іван Сакалоўскі, які за дзесяць гадоў міліцэйскай службы прайшоў шлях ад лейтэнанта да маёра, завочна атрымаўшы вышэйшую адукацыю, кажа, што за працай і вучобай яны праляцелі, нібыта адзін дзень. А вось на любімыя захапленні – разьбу па дрэву і рыбалку – заўсёды не хапае часу. Усе спадзяванні на тое, што ён з’явіцца, калі, як марыў адзін з герояў вядомага рамана братоў Вайнераў, надыдзе “эра міласэрнасці”.

Ігар АДАМОВІЧ.
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *