Сёння адзначае свой юбілей Надзея Пятроўна Сасункевіч

Люди и судьбы

Хутка ў краіне будзе адзначацца свята Дзень настаўніка. Вядома, што ў сістэме адукацыі працуе шмат жанчын. Захапленне выклікае не толькі іх прафесіяналізм, але і чалавечыя якасці: дабрыня, чуласць, любоў да дзяцей і неабыякавасць да іх лёсу. А колькі сярод жанчын-педагогаў выдатных гаспадынь, годных захавальніц хатняга ачага! І кожная па-свойму прыгожая, абаяльная.

Адну з іх, былую настаўніцу спеваў Раваніцкай сярэдняй школы Надзею Пятроўну Сасункевіч, хачу праз газету павіншаваць не толькі з нагоды прафесійнага свята, але і асабістага: трэцяга кастрычніка гэта цудоўная жанчына адзначае 70-годдзе з дня нараджэння.

Надзея Пятроўна – мая калега, даўняя верная сяброўка. А яшчэ – яна з тых людзей, якія не стамляюцца рабіць дабро, спагадаць і дарыць радасць, не патрабуючы нічога ўзамен. Таму, відаць, і душэўная цеплыня ў сэрцах такіх людзей невычарпальная.

Лёс не песціў гэту жанчыну з дзяцінства. Надзеі было ўсяго 7 гадоў, калі памерла маці. Старэйшая сястра стала яе лепшай дарадцай. Потым былі гады вучобы ў Грабянецкай школе, дзе яна адчула цягу да музыкі. Ды яшчэ цётка па лініі бацькі грала на гармоніку, на баяне, таму Надзея мела магчымасць слухаць музыку, якая ўсё больш авалодвала яе сэрцам.

Пасля заканчэння школы сумненняў у Надзеі не было – толькі з баянам ісці па жыцці. І яна паступіла ў Гомельскае музычнае вучылішча. Пасля вучобы прыехала маладая дзяўчына, невысокага расточку, што нават нельга было адрозніць ад вучаніц, працаваць настаўніцай спеваў ў Раванічы. Цяжкімі былі першыя гады працы: сама танюткая, баян цяжкі, і па начах даводзілася яшчэ ўдасканальваць ігру на ім.

Адсюль і пачаўся адлік працоўнага стажу, які на сёння складае ў яе добрае паўстагоддзе.
Уся працоўная і грамадская дзейнасць Надзеі Пятроўны прайшлі на Чэрвеншчыне. Настаўніца спеваў, піянерважатая, сакратар Раваніцкага сельвыканкама, сакратар партыйнай арганізацыі калгаса “Раванічы”, намеснік дырэктара Раваніцкай школы па выхаваўчай рабоце, выхавацель групы падоўжанага дня. І ўсюды яе паважалі, яе праца высока ацэньвалася.

Мяркую, сакрэт поспеху Надзеі Пятроўны быў у тым, што яна не толькі любіла сваю прафесію, а жыла ёю, укладваючы ў работу ўсю душу, аддаючы сябе на карысць тых, каго вучыла. Яе выхаванцы часта станавіліся пераможцамі раённых і абласных аглядаў-конкурсаў мастацкай самадзейнасці. А яшчэ яе заўсёды акружалі цудоўныя калегі, якія добра разумелі адзін аднаго, былі захоплены любімай справай.
Менавіта ў Раванічах пачалося і сямейнае жыццё Надзеі Пятроўны. З мужам, Васілём Антонавічам Сасункевічам яны вось ужо 49 гадоў ідуць разам па жыцці, вырасцілі дзяцей, якія ўжо і самі сталі бацькамі. Дачка Наталля працуе намеснікам дырэктара Раваніцкай СШ па выхаваўчай рабоце. А сын Генадзь — вадзіцелем у Мінску. Дзве ўнучкі і два ўнукі радуюць бабулю і дзядулю сваёй вучобай і працай.

Надзея Пятроўна – жанчына з адкрытым добрым сэрцам, здольным радавацца ўсяму чыстаму, светламу. З ёй ёсць аб чым пагутарыць, можна падзяліцца набалелым і адчуць шчырую непадробную цікавасць да твайго жыцця, гатоўнасць падтрымаць, дапамагчы парадай, а жыццёвай мудрасці ў яе не адняць.

І хаця ўзрост Надзеі Пятроўны сталы, упэўнена, што яе сэрца не згаджаецца з лічбай у пашпарце, бо жыццёвай энергіі, энтузіязму гэтай няўрымслівай жанчыны могуць пазайздзросціць маладыя. Гады непадуладныя ёй. Яна і сёння – актыўная ўдзельніца мастацкай самадзейнасці Раваніцкага сельскага Дома культуры.

Паважаная Надзея Пятроўна! Прыміце самыя шчырыя віншаванні з юбілеем і Днём настаўніка! Жадаю і надалей нязгаснага аптымізму і шчаслівага даўгалецця побач з дарагімі сэрцу людзьмі.
Таксама віншую з надыходзячым прафесійным святам увесь педагагічны калектыў Раваніцкай СШ, усіх настаўнікаў-пенсіянераў Раваніцкай, былых Краснадарскай і Дамавіцкай, Градноўскай школ. Жадаю ніколі не сумаваць, бо жыццё цудоўнае ва ўсе часы, трэба толькі настроіцца на светлы колер у вясёлцы дня. Моцнага ўсім здароўя, доўгага веку, гармоніі і шчасця ў асабістым жыцці, ладу і дабрабыту ў сямейным.

Тамара ІГНАТОВІЧ,
былая настаўніца Раваніцкай СШ,
старшыня савета ветэранаў педагагічнай
працы Раваніцкай сярэдняй школы-сада



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *