Сёлета больш, чым летась: «Раванічы» павялічылі вытворчасць збожжа

Аграрный сектор

Адкрытае акцыянернае таварыства “Раванічы” – адзіная на Чэрвеншчыне гаспадарка, якая ў гэтым годзе не толькі не зменшыла, але і павялічыла вытворчасць збожжа.

Па выніках сёлетняга жніва Дзяніс Гуськоў, які працаваў на камбайне «КЗС-1218» разам з сынам Даніілам, не толькі стаў пераможцам унутрыгаспадарчага спаборніцтва, але і забяспечыў адзін з самых высокіх намалотаў збожжа сярод камбайнераў раёна — 1370 тон. У гэтыя восеньскія дні ён задзейнічаны на ворыве глебы

Яго валавы збор склаў тут 5927 тон пры сярэдняй ураджайнасці 28,4 цэнтнера з гектара (летась было 5427 тон і 27 цэнтнераў з гектара, адпаведна). А яшчэ гаспадарка атрымала найбольшы ў раёне выхад зерня на 1 бала-гектар ворнай зямлі – 109 кілаграмаў.

— Такі вынік дасягнуты шмат у чым дзякуючы дастатковай запраўцы глебы мінеральнымі тукамі, – распавядае дырэктар ААТ “Раванічы” Сяргей Кіпець. – У прыватнасці, за кошт авансаў, якія выдзеліла сталічнае перапрацоўчае прадпрыемства “Малочны гасцінец”, сёлета мы былі забяспечаны азотнымі ўгнаеннямі пад стопрацэнтную патрэбу. Агранамічная служба, якую ўзначальвае Леанід Кавалёў, добра папрацавала над строгім выкананнем тэхналогіі догляду за пасевамі.

Зладжана правесці жніво дапамаглі клопаты па падрыхтоўцы тэхнікі нашай інжынернай службы на чале з Вячаславам Фашчанкам і вадзіцеля Аляксандра Невяроўскага, які дастаўляў запчасткі.

Аляксандр Прохарчык — пераможца раённага спаборніцтва на жніве сярод маладых вадзіцеляў. Сёлета ён на сваёй аўтамашыне «МАЗ-555142» перавёз ад камбайнаў 1980 тон збожжа

Старанна працавалі на абмалоце збажыны ўсе восем камбайнавых экіпажаў – Дзяніс Гуськоў з сынам Даніілам, Ягор Петрашкевіч і Сяргей Міцкевіч, Юрый Мазайскі і Уладзімір Козел, Мікалай Каральчук і Сяргей Церашчук на “КЗС-1218”, Сяргей Сасункевіч і Сяргей Барташэвіч, Аляксандр Маслоўскі і Павел Яблонскі, Віктар Рэуцкі і Павел Дарагабіт, Валерый Сасункевіч і Максім Максімаў на “Дон-1500Б”, вадзіцелі на перавозцы збожжа Уладзімір Сямашка, Аляксандр Прохарчык, Андрэй Гоман, Міхаіл Сідарок, Аляксандр Ісаёнак, Уладзімір Сасункевіч, Уладзімір і Анатоль Невяроўскія, аператары зернесушыльных комплексаў Ігар Сушкевіч, Юрый Шварц, Міхаіл Дзяруга, Алег Дзямідчык, Аляксандр Анікевіч, Антон Макаранка, Уладзімір Сушкевіч, Мікалай Прохарчык, Уладзімір Разанкоў, Аляксандр Забаўскі, Віталь Сецкі і Аляксей Клінцэвіч. Кантроль за выкананнем тэхналогіі ўборкі ажыццяўляла замацаваны за камбайнамі спецыяліст Валянціна Дзяруга.

Аператары зернесушыльнага комплексу «СЗК-10» Юрый Шварц і Ігар Сушкевіч дапрацавалі 5512,6 тоны збожжа. Зараз пераможцы раённага спаборніцтва на жніве даводзяць да неабходных кандыцый зерне кукурузы

Гарачае харчаванне ў полі забяспечвалі повар Таццяна Спарыш, раздатчык Галіна Задруцкая і вадзіцель Мікалай Цітавец. Пастаянна трымала руку на пульсе жніва, дапамагаючы ў арганізацыі харчавання, ладзячы мерапрыемствы ў рамках унутрыгаспадарчага спаборніцтва на ўборцы ўраджаю, старшыня прафкама, спецыяліст па ідэалагічнай рабоце Тамара Цітавец…

Як падкрэсліў Сяргей Кіпець, са жнівом у гаспадарцы справіліся сваімі сіламі, без прыцягнення камбайнавых экіпажаў з іншых сельгаспрадпрыемстваў. Сабранага збожжа хопіць, каб цалкам забяспечыць патрэбы жывёлагадоўлі ў фуражы. Акрамя таго, 1000 тон пшаніцы рэалізавалі ў лік дзяржзаказу.

З другой паловы верасня ў ААТ “Раванічы” пачалі ўбіраць кукурузу на зерне. Яе ўраджайнасць сёлета – рэкордная для гаспадаркі – 101 цэнтнер з гектара.

– Выдаткі на набыццё высакаякаснага насення гэтай культуры былі немалыя, – кажа Сяргей Кіпець. – Але не шкадуем: сёння рэалізацыя кукурузы дае магчымасць выплачваць заробкі, набываць так неабходныя для хутчэйшага завяршэння восеньскіх палявых работ запчасткі і паліва.

Ігар АДАМОВІЧ.
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *