Прыйшоў Багач – кідай рагач…

Молодежная политика

Адной з яркіх падзей адыходзячага кастрычніка ў нашым садку стала правядзенне беларускага фальклорнага свята «Багач». Багач – старажытнае свята, прымеркаванае да заканчэння збору ўраджая.

Яго сімвалам лічыцца лубок з жытам, у якім замацавана свечка. Жыта па жменьцы сыпаў кожны селянін, а пасля, запаліўшы свечку, як сімвал сонца, лубок абносілі па ўсёй вёсцы. Гэтым абрадам людзі як бы дзякавалі багам за багаты ўраджай, і спадзяваліся на тое, што наступны будзе не горшым.

Да гэтага свята ў дзіцячым садзе старанна рыхтаваліся, як дарослыя, так і дзеці. Бацькам было дадзена заданне знайсці беларускія прыказкі, прымаўкі і загадкі, якія тычацца гэтага свята, а хлопчыкі i дзяўчынкі развучвалі беларускія народныя песні і танцы, гулялі ў народныя гульні. У святочны дзень усе былі апранутыя ў нацыянальныя касцюмы, гучала народная музыка. Сустракала гасцей Гаспадыня. Яна расказала запрошаным гасцям пра свята «Багач».

Бурнымі апладысментамі ўзнагародзілі гледачы беларускі народны танец «Трасуха”, карагод «Восень, прывітанне», карагод агародніны. Завітаў на свята касалапы Мядзведзь, які пагуляў з дзецьмі ў вясёлыя беларускія гульні «Рэдзька» і «Грушка». З задавальненнем удзельнічалі ў свяце і бацькі выхаванцаў: выконвалі жартоўныя заданні, спаборнічалі ў імправізаваным зборы ўраджаю бульбы, мамы-гаспадынькі «варылі» смачны боршч з завязанымі вачыма. Кульмінацыяй свята стала з’яўленне Бульбы, якая падарыла дзецям сявеньку са збожжам і свечкай — галоўным сімвалам гэтага свята. Мы спадзяемся, што гэты сімвал адорыць нашых выхаванцаў на ўвесь год здароўем, прынясе ў іх сем’і дастатак і шчасце.

Алеся ЯРАШЭНКА,
загадчык дзіцячага сада №2
г.п. Смілавічы



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *