Мінулымі выхаднымі ў спартыўным комплексе «Ігумен» прайшоў традыцыйны турнір па міні-футболу памяці футбольнага трэнера Яўгена Вараб’я.

Спорт

Мінулымі выхаднымі ў спартыўным комплексе «Ігумен» Чэрвенскай СДЮШАР прайшоў традыцыйны турнір па міні-футболу памяці футбольнага трэнера Яўгена Вараб’я. Пераможцай спаборніцтваў стаў ФК «Барыкіна», які ў фінале з лікам 4:0 перамог каманду «Візард».

Сёлета міні-футбольны турнір памяці трэнера “Коласа” і зборных нашага раёна Яўгена Вараб’я, які арганізаваў раённы фізкультура-спартыўны клуб, сабраў дзевяць каманд. Гэта чэрвенскія ФК “Барыкіна”, “Візард”, “СДЮШАР”, “РАУС”, “Ветэран”, вясковыя “АграБокс”, “Красная Ніва”, “Раванічы”, а таксама ФК “Беразіно”.
У першы дзень каманды спаборнічалі ў дзвюх групах. З групы “А”, набраўшы максімальную колькасць ачкоў, у фінал выйшла каманда “РАУС”. Другое месца заняў “АграБокс”. У групе “Б”, не прайграўшы ніводнай сустрэчы, першым стаў дэбютант спаборніцтваў “Візард”. У фінал, нягледзячы на нечаканае паражэнне ад “Краснай Нівы”, таксама прайшоў ФК “Барыкіна”.

Праграму другога этапу спаборніцтваў адкрыў у нядзелю паўфінальны матч паміж барыкінцамі і камандай раённага аддзела ўнутраных спраў. Футбалісты “РАУС” павялі ў ліку на 6-й хвіліне сустрэчы пасля дакладнага ўдару Андрэя Сушы. Але неўзабаве Ігар Шмідаў са штрафнога аднавіў раўнавагу. А незадоўга да перапынку ФК “Барыкіна” выйшаў наперад: пасля ўводу мяча з-за бакавой удала згуляў у варатарскай пляцоўцы міліцыянераў Яўген Цэдрык.

У дэбюце другога тайма барыкінцы ўчынілі сваім сапернікам сапраўдны разгром, забіўшы чатыры мячы за чатыры хвіліны (вызначыліся Яўген Цэдрык, Аляксандр Качаргін, Аляксандр Мрынскі і Мікалай Свірыдовіч). Лік 6:1 захаваўся на табло да фінальнага свістка.

Другі паўфінал, паміж “Візардам” і “АграБоксам”, атрымаўся не такім багатым на галы, але трымаў усіх у напружанні да апошняй секунды. Чэрвеньцы, дзякуючы мячам Алега Сушкевіча і Анатоля Шаферава, выйгралі першы тайм з лікам 2:0. Аднак пасля перапынку Арцём Лук’янаў скараціў разрыў у ліку. Праўда, на большае сіл у вясковых футбалістаў не хапіла – 2:1.

У матчы за трэцяе месца “РАУС” і “АграБокс” выдалі баявы першы тайм. Не паспелі міліцыянеры на 2-й хвіліне адсвяткаваць гол Аляксандра Хасяневіча, як Арцём Лук’янаў зрабіў лік 1:1. У сярэдзіне першай паловы сустрэчы “РАУС” зноў выйшаў наперад (мяч забіў Руслан Філатаў). Аднак неўзабаве Мікалай Курбанаў рэалізаваў пенальці, прызначаны ў вароты каманды раённага аддзела ўнутраных спраў за перабор фалоў – 2:2.

Другі тайм матча за трэцяе месца пачаўся з масіраваных атак футбалістаў “АграБокса”. Але яны так захапіліся гульнёй ля чужых варот, што празявалі контратаку, якую вынікова завяршыў Аляксандр Хасяневіч – 3:2. Пасля гэтага ігракі “РАУС” цалкам узялі мяч пад свой кантроль. У выніку галы Руслана Філатава і Паўла Лаўрыка прынеслі ім пераканаўчую перамогу – 5:2.

У фінале спаборніцтваў футбалісты ФК “Барыкіна” адсвяткавалі ўзяцце варот “Візарда” ўжо на 4-й хвіліне: Дзмітрый Новік на вялікай хуткасць прарваўся па леваму флангу ў штрафную пляцоўку сапернікаў і перакінуў галкіпера – 1:0. І ў далейшым яны былі на пляцоўцы паўнапраўнымі гаспадарамі. Праўда, у першым тайме ўвасобіць перавагу ў забітыя мячы не ўдалося. Затое пасля перапынку Аляксандр Мрынскі, Аляксандр Качаргін  і Мікалай Свірыдовіч свае шанцы вызначыцца не ўпусцілі. 4:0 – перамога барыкінцаў, якая дазволіла ім трэці год запар узняць над галовамі пераходны Кубак турніру.

За ФК “Барыкіна”, акрамя названых ігракоў, таксама выступалі Яўген Цэдрык, Дзмітрый Чысты, Ігар Шмідаў, Ілья Прытыка, Аляксандр Мальцаў, Віталь Манулік і Аляксей Шымановіч.Футбалісты, каманды якіх занялі першае, другое і трэцяе месцы, атрымалі медалі. Памятныя прызы ўручаны лепшаму іграку турніру Аляксандру Качаргіну (ФК “Барыкіна”) лепшаму варатару турніру Дзмітрыю Чыстаму (ФК “Барыкіна”), лепшым ігракам каманд Мацвею Карповічу (“АграБокс”), Андрэю Сушу (“РАУС”), Алегу Сушкевічу (“Візард”), ветэранам чэрвенскага футбола Сяргею Качановічу і Анатолю Турбалу, урачу чэрвенскіх футбольных каманд Віктару Шэлехаву, сям’і Яўгена Вараб’я. Узнагароджанне футбалістаў правялі жонка Яўгена Вараб’я Людміла Аляксандраўна і яго ўнук Станіслаў, а таксама Ганаровы грамадзянін Чэрвенскага раёна Анатоль Усенка.

Вынікі матчаў у групах:

Група “А”. “АграБокс” – “Беразіно” – 2:0, “РАУС” – “Раванічы” – 4:3, “АграБокс” – “РАУС” – 2:3, “Беразіно” – “Раванічы” – 6:1, “Беразіно” – “РАУС” – 0:1, “АграБокс” — “Раванічы” — 5:0.
Група “Б”. “СДЮШАР” – “Красная Ніва” – 0:2, ФК “Барыкіна” – “Ветэран” – 4:1, “Красная Ніва” – “Ветэран” – 2:5, ФК “Барыкіна” – “Візард” – 1:1, “Ветэран” – “Візард” – 1:3, ФК “Барыкіна” – “СДЮШАР” – 3:2, “Красная Ніва” – “Візард” – 1:6, “СДЮШАР” – “Візард” – 1:5, ФК “Барыкіна” –“Красная Ніва” – 1:3, “СДЮШАР” – “Ветэран” – 5:0.

Ігар АДАМОВІЧ.
Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *