«Лысы кухар» пасяліўся ў Ачыжы

Аграрный сектор Актуальное

Разьбяр па дрэве, медсястра, кухар, вадалаз-ратавальнік, шматдзетны бацька. І ўсё гэта — адзін чалавек, мінчанін Канстанцін Рачко. Год таму ён зарэгістраваў на Чэрвеншчыне асабістую падсобную гаспадарку.

 

Віртуальна пазнаёміцца з нашым героем кожны ахвочы мае магчымасць проста зараз. Дастаткова зайсці ў інтэрнэт і набраць у пошукавіку па-руску “Лысый повар” або “Мастер Костя”. А яшчэ лепш – “Папа вам не мама”. Усё гэта – відэаблогі, якія вядзе на YouTube Канстанцін Рачко. Апошні з іх – своеасаблівы летапіс станаўлення яго асабістай падсобнай гаспадаркі ў вёсцы Ачыжа.

У рэальнасці гэты амаль двухмятровы рудабароды гігант мала адрозніваецца ад свайго экраннага вобраза. Мо, таму, што знятае ім відэа, усё ж, не мастацкае, а дакументальнае. Хаця, мяркую, Косця з лёгкасцю мог бы сыграць у кіно, ці стаць вядучым рэйтынгавага тэлевізійнага шоу. Але, паспрабаваўшы сябе ў многіх прафесіях, ён вырашыў пакінуць Мінск і пераехаць у вёску.


– Нарадзіўся я ў Баранавічах, аднак у дзяцінстве паспеў паспытаць сялянскага жыцця, – кажа Канстанцін. – Калі мне было трынаццаць гадоў, мама пайшла замуж у вёску Сякерычы Клецкага раёна. Праз год я ўжо сам сябе апранаў-абуваў, прадаючы яблыкі, ягады. Пазней зарабляў на вырабе драўляных карнізаў. Па гаспадарцы бацькам, канешне ж, дапамагаў, хаця і без вялікай ахвоты.
Пасля школы скончыў вучылішча будаўнікоў у Баранавічах, за год прайшоўшы трохгадовую праграму навучання і атрымаўшы прафесію рэзчыка па дрэву. Падчас вучобы ў сталічным медыцынскім каледжы, у дакуменце аб заканчэнні якога мне чорным па беламу напісалі “медсястра”, стварыў сям’ю з будучым фельчарам-акушэрам Рытай. Па спецыяльнасці папрацаваў усяго паўтара месяцы і… быў звольнены за прагулы. Потым займаўся сеткавым маркетынгам, збіраў мэблю, працаваў вадалазам-ратавальнікам. Паспеў нават на кухара павучыцца і папрактыкавацца ў рэстаранах італьянскай і беларускай кухняў. Мо, на гэтым і спыніўся б, бо гатаваць я люблю і ўмею. Але праца кухара насамрэч манатонная і нізкааплатная. Да таго ж, мне вельмі не падабаецца залежаць ад начальства, ад яго характару і настрою. Вось, атрымліваецца, жаданне мець годны заробак і быць, наколькі гэта магчыма, незалежным і прывяло мяне ў вёску.


Чэрвеншчыну на новае месца жыхарства Канстанцін Рачко абраў, можна сказаць, выпадкова. Прыехаў у Ачыжу да сваяка, каб набыць індыка, і даведаўся, што тут можна прыдбаць дамок усяго за пяцьсот долараў. Так ён стаў уладальнікам старой закінутай хаты пасляваеннай пабудовы памерам шэсць на шэсць метраў. Аформіўшы асабістую падсобную гаспадарку, пашырыў зямельны надзел да гектара.
– Рашэнне прымалася няпроста, – распавядае Косця. – Я ўжо саспеў для крутых перамен, а вось Рыту давялося доўга пераконваць, што раблю гэта дзеля будучага нашых шасці сыноў. Цяпер наведваюся да сям’і ў сярэднім два разы на тыдзень. Па выхадных прывожу хлопчыкаў у вёску. Праўда, хата цесная, таму бяру толькі двух. Канешне ж, спадзяюся, што хтосьці з іх палюбіць вёску так, як я.


Зямля, якая засталася Канстанціну ў спадчыну ад былых гаспадароў, аказалася малаўрадлівай, да таго ж, не апрацоўвалася больш за дзесяць гадоў. Таму зараз яму даводзіцца фактычна ўздымаць цаліну, вымяркоўваючы сродкі на арганічныя ўгнаенні з пакуль зусім мізэрнага бюджэту.
Адсутнасць стартавага капіталу (льготнага крэдыту на развіццё асабістай падсобнай гаспадаркі не даюць, бо няма даведкі аб даходах) вымушае Косцю жорстка эканоміць. Вось чаму ўсе гаспадарчыя пабудовы для ўтрымання хатняй жыўнасці (а гэта – перапёлкі, куры, в’етнамскія свінні, козы) ён “лепіць” з падручнага, па-сутнасці, дармавога матэрыялу.
– Напачатку была спакуса адбудаваць хату, каб перавезці сюды сям’ю, – гаворыць Канстанцін. – Але потым зразумеў, што гэта – марна патрачаныя грошы, якія не прынясуць прыбытку. Таму вырашыў найперш заняцца развіццём жывёлагадоўлі. Пакуль асноўны накірунак – вырошчванне перапёлак. Попыт на іх яйкі і мяса вельмі вялікі. Я проста не спраўляюся выконваць усе заказы. Таму разлічваю павялічыць колькасць гэтай птушкі з цяперашніх двухсот да мінімум дзвюх ты сяч галоў.
Ужо на наступны год Канстанцін Рачко збіраецца істотна пашырыць сваю жывёлагадоўчую міні-ферму. Ён хоча вырошчваць трусоў, індыкоў, качак, гусей. Таксама ў планах – стварэнне кантактнага заапарку, які змогуць бясплатна наведваць пакупнікі яго прадукцыі.


На ўсё гэта патрэбны грошы. Вось чаму наш герой аб’явіў краўдфандынг – збор сродкаў для ажыццяўлення свайго праекта. Узамен ён прапануе сертыфікаты і пажыццёвыя скідкі на прадукцыю.
– Гэта – не папрашайніцтва, – тлумачыць Косця. – Чалавек, які падтрымлівае мой праект на пэўную суму, потым забірае прадукцыі больш, чым на гэтую суму. Фактычна я пазычаю ў людзей грошы, прычым не менш, чым пад трыццаць працэнтаў. А патрэбны яны на будаўнічыя матэрыялы, інструмент, закуп матачнага статка жывёлы і птушкі, кармоў для яе.
На праект Канстанціна Рачко, які мае назву “Міні-ферма ў Чэрвеньскім раёне”, ужо сабралі больш за тысячу рублёў. Гэта – трыццаць працэнтаў ад неабходнай сумы. Да заканчэння краўдфандынгу засталося два з паловай тыдні.

Падтрымаць праект можна па спасылцы: https://ulej.by/project?id=801740&tab=about.

У народзе кажуць: “На зямлі не станеш багатым, а толькі гарбатым”. Сустрэча з Канстанцінам Рачко пераканала: ён шчыра верыць у тое, што гэта не так. Паглядзіце яго канал “Папа вам не мама”. І вы ўбачыце, як непадробна радуецца ён першаму паспеламу плоду, знесенаму курыцай яйку. Як з гонарам аглядае ўласнаручна ўскапаную граду. Як з пяшчотаю ставіцца да сваіх хатніх гадаванцаў – сабакі Жуліка і ката Чудзіка. І як, выцершы пот з ілба і аддыхаўшыся, ідзе працаваць далей. Каб яшчэ на дзень наблізіць той час, калі яго вялікая сям’я зноў будзе побач. Тут, у добраўпарадкаваным доме з квітнеючым садам.

Ігар Адамовіч.
Фота аўтара



1 комментарий по теме “«Лысы кухар» пасяліўся ў Ачыжы

  1. Хозяин сразу видно, не каждый так сможет, молодец

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *