Кукурузу-у рукавы, сянаж-у траншэі

Аграрный сектор Актуальное

Нездарма ў народзе кажуць: «Увосень — работ восем». Адгуло жніво, дружна леглі ў пульхную глебу зярняты азімых культур. Але і сёння на палетках гаспадарак раёна па-ранейшаму шмат працы. Сёлетні на дзіва цёплы кастрычнік дае магчымасць земляробам у спрыяльных умовах надвор’я нарыхтоўваць кармы з кукурузы і траў, падымаць зябліва.

У сельскагаспадарчым вытворчым філіяле «Аграбуд» ААТ «Мінскжалезабетон» гэтымі днямі актыўна ўбіраюць кукурузу на зерне.
— Сёлета мы вырошчвалі яе на 400 гектарах, — распавядае галоўны аграном СВФ «Аграбуд» Леанард Мельнік. — Назапасілі 7 тысяч 16 тон сіласу з 250 гектараў, астатняе пакінулі на зерне. З больш чым паловы ўборачнай плошчы намалацілі яго ўжо 954 тоны. Ураджайнасць радуе: у сярэднім з гектара маем 93 цэнтнеры зерня.

– Пад гэтую культуру мы ўнеслі поўныя дозы арганічных і мінеральных угнаенняў, якасным прэпаратам правялі хімпраполку, – працягвае Леанард Мельнік. – Прыемна, што праца і ўкладзеныя сродкі не прапалі марна…

Сёлета пры ўборцы кукурузы ў гаспадарцы, нароўні з традыцыйнай дапрацоўкай зерня, асвойваюць тэхналогію яго закладкі ў герметычныя поліэтыленавыя рукавы метадам плюшчэння з дабаўленнем кансерванту. Для гэтага набылі плюшчылку вытворчасці Шчучынскага рамонтнага завода, якая агрэгатуецца з трактарам.
Як патлумачыў Леанард Мельнік, гэта дасць магчымасць істотна знізіць выдаткі на сушэнне зерня, паколькі ў рукавы яно закладваецца з вільготнасцю сорак працэнтаў, што амаль адпавядае натуральнай.

А яшчэ на гэтым тыдні ў СВФ “Аграбуд” пачалі касьбу траў трэцяга ўкосу. Убраўшы люцэрну, а таксама яе сумесь з канюшынай і цімафееўкай, у гаспадарцы разлічваюць цалкам забяспечыць патрэбу буйной рагатай жывёлы ў сенажы.

Вядуць у сельгасфіліяле і ворыва зябліва. Пакуль не задажджыла, тут спяшаюцца заараць найбольш нізкія ўчасткі.

Ігар АДАМОВІЧ.
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *