ФОТАРЭПАРТАЖ: раённыя Дажынкі адсвяткавалі ў аграгарадку Валевачы

Аграрный сектор Актуальное

Духмяны каравай — галоўны сімвал раённага свята працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2018», якое гасцінна прымаў у суботу аграгарадок Валевачы. Ён увабраў у сябе шчодрасць душы і цеплыню рук кожнага, хто спрычыніўся да высакароднай справы — вырошчваць хлеб.

Каравай займаў пачэснае месца на шчодра накрытых сталах, бадай, на ўсіх імправізаваных падворках гаспадарак, што ўтварылі на вялікай пляцоўцы ў цэнтры Валевачоў цэлую вуліцу. Хлебны водар змешваўся са зваблівым пахам шашлыкоў, смакам наварыстай юшкі. Іграў баян, гучалі песні, чуўся вясёлы смех. Свята набірала хаду…

Сёлета вялікі агульны каравай Чэрвеньшчыны заважыў больш за пяцьдзесят чатыры тысячы тон. Адзінаццаць працоўных калектываў, якія збіралі яго, падчас урачыстага адкрыцця “Дажынак-2018” былі сімвалічна прадстаўлены на галоўнай сцэнічнай пляцоўцы свята бялюткімі ручнікамі з нацыянальным арнаментам і назвамі гаспадарак, а таксама шэсцем іх кіраўнікоў у суправаджэнні моладзі са снапамі і караваямі.

Выступаючы на свяце з прывітальным словам, старшыня раённага выканаўчага камітэта Віталь Казлоў адзначыў сельгаспрадпрыемствы, якія асабліва вызначыліся на жніве. Самую высокую ўраджайнасць зерневых і зернебабовых культур – 35 цэнтнераў з гектара – атрымалі ў СВФ “Аграбуд” ААТ “Мінскжалезабетон”. У хлебаробаў эксперыментальнай базы “Натальеўск” – найбольш важкі намалот збожжа 8,2 тысячы тон. За дасягнутымі вынікамі ў кожнай з гаспадарак – цяжкая, карпатлівая, самаадданая праца кіраўнікоў, спецыялістаў, камбайнераў, вадзіцеляў, тых, хто сушыў збожжа і рыхтаваў абеды для ўдзельнікаў жніва.

Асобныя словы павагі кіраўнік раёна выказаў дванаццаці ветэранам сельскагаспадарчай працы, якія сёлета былі задзейнічаны на ўборцы ўраджаю.

Як зазначыў Віталь Казлоў, у раённы каравай шмат працы ўклалі прадстаўнікі працоўных калектываў Чэрвеньшчыны: лясгаса, вытворча-харчовага завода, філіяла дзяржаўнага прадпрыемства “Мінаблпаліва”, Чэрвенскага ПМС, устаноў адукацыі, работнікі праваахоўных органаў, аддзела па надзвычайных сітуацыях, гандлю, грамадскага харчавання, культуры і медыцыны. Ён таксама з удзячнасцю ўзгадаў прамысловыя прадпрыемствы сталічнага Заводскага раёна, якія штогод падчас жніва аказваюць гаспадаркам істотную тэхнічную дапамогу.

Віталь Казлоў уручыў Падзякі старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта за добрасумленную працу, прафесіяналізм, асабісты ўклад у развіццё аграпрамысловага комплексу вобласці галоўным аграномам Сяргею Бабіновічу з эксперыментальнай базы “Натальеўск” і Вадзіму Вярцінскаму з філіяла “Агра-Бокс” СП “Унібокс”.

За дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў Ганаровымі граматамі райвыканкама ўзнагароджаны дырэктар філіяла СГК “Велікаполле” КУП “Мінсктранс” Юрый Сухоцкі (правядзенне веснавых палявых работ і сяўба ранніх яравых зерневых культур), дырэктар эксперыментальнай базы “Натальеўск” Алена Махнач (нарыхтоўка травяністых кармоў) і працоўны калектыў ААТ “Раванічы” (уборка зерневых і зернебабовых культур).

Ганаровыя дыпломы райвыканкама і грашовыя прэміі атрымалі пераможцы раённага спаборніцтва на жніве: старшыя камбайнеры ААТ “Чэрвенскі райаграсэрвіс” Міхаіл Гатоўка і Яўген Шняк, вадзіцелі на адвозцы збожжа Уладзімір Кацько з эксперыментальнай базы “Натальеўск” і Аляксандр Прохарчык з ААТ “Раванічы”, машыністы зернесушыльнага комплексу ААТ “Раванічы” Ігар Сушкевіч і Юрый Шварц. Такія ж узнагароды ўручаны пераможцам раённага спаборніцтва за дасягненне лепшых паказчыкаў у развіцці аграпрамысловага комплексу – механізатарам, вадзіцелям, спецыялістам заатэхнічнай галіны, жывёлаводам (іх прозвішчы надрукаваны ў мінулым нумары “Раённага весніка”).

Старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Вольга Коціна ўручыла Падзякі Мінскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў механізатару ААТ “10 з’езд Саветаў” Івану Краснагіру, вадзіцелю філіяла “Агра-Бокс” СП “Унібокс” Сяргею Патапаву і вадзіцелю сельгаспрадпрыемства “Ганута-Агра” Генадзю Міцкевічу. А старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу ўзнагародзіла Ларыса Ефіменка пераможцу конкурсу сярод пярвічных прафсаюзных арганізацый на лепшую канструкцыю да “Дажынак” – прафкам сельгаспрадпрыемства “Ганута Агра” (старшыня Марыя Шкапцова) і пераможцу конкурсу “Смачна есці” – загадчыцу сталовай ААТ “Запольскае” Тамару Шыдлоўскую.

А яшчэ былі віншаванні, узнагароды, падарункі і сувеніры ад прадстаўнікоў адміністрацыі Заводскага раёна Мінска, Смалявіцкага райвыканкама і ААТ “Мінскі малочны завод №1”, ушанаванне сёлетніх прадстаўнікоў Чэрвеньшчыны на абласным конкурсе “Уладар сяла” сям’і Міхаіла і Вольгі Гатоўка.
Напрыканцы цырымоніі ўзнагароджання былі абвешчаны вынікі конкурсаў, якія ладзіліся падчас свята. Прызы атрымалі: эксперыментальная база “Натальеўск” – за лепшы сноп, сельгаспрадпрыемства “Ганута-Агра” – за лепшы падворак і СВФ “Аграбуд” – за лепшы каравай.
А падарункам для ўсіх удзельнікаў раённых “Дажынак” стаў канцэрт вядомага эстраднага гурта “Дразды”.

Ігар АДАМОВІЧ.
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *