Вялікае свята невялікай вёскі Раваніцкая Слабада

Актуальное Люди и судьбы

Вёска Раваніцкая Слабада раскінулася ў маляўнічым куточку Чэрвеньшчыны побач з ракой Уша. Менавіта тут, на яе беразе і ладзілі свята вёскі. Прыгажосць прыроды, добрае надвор’е – усё спрыяла і добраму настрою.

Нягледзячы на тое, што яшчэ шмат работы на падворках, людзі ішлі на свята сем’ямі – трэба ж і адпачыць, тым больш, ёсць добрая нагода сустрэцца з аднавяскоўцамі.
На сталы ставілі прысмакі – хто што нагатаваў. Тут былі і пірагі, і разнастайнае печыва, садавіна і агародніна, сала і каўбасы, у чыгунку бабка і беларуская мачанка.

Жыхароў вёскі і гасцей песняй сустракаў ансабль “Крыніцы” Раваніцкага сельскага Дома культуры.

Вядучая святочнага мерапрыемства, былая настаўніца Тамара Ігнатовіч, прыгадала гісторыю вёскі ад яе ўтварэння, калі яна яшчэ ўваходзіла ў склад Белічанскай воласці Ігуменскага павета Мінскай губерніі, да сенняшніх дзен. Як сведчаць гісторыкі, у Раванічах і Раваніцкай Слабадзе актыўна развівалася прамысловасць. Яшчэ Людвіг Слатвінскі залажыў у Раваніцкай Слабадзе вялікую суконную фабрыку. Дзейнічалі ў вёсцы лесапільня, вадзяны млын, крупадзёрка, смалакурны завод, царкоўна-прыходская школа, 2 лаўкі, піцейная ўстанова. Існавала земскае народнае вучылішча. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі была створана працоўная школа, працаваў пункт па ліквідацыі непісьменнасці сярод дарослых. У сённяшняй весцы — 21 падворак карэнных жыхароў і 55 – дачнікаў. Многія з іх таксама прыйшлі на свята.

З прывітальным словам да вяскоўцаў і гасцей звярнулася старшыня Раваніцкага сельвыканкама Вольга Тарасік. Яна падзяквала ўсім, хто прыняў актыўны ўдзел у падрыхтоўцы да свята, наводзіў парадак на падвор”ях, гатаваў прысмакі і пажадала цудоўна адпачыць, прыемна правесці час разам са сваімі аднавяскоўцамі.

Жыхарка вёскі Раваніцкая Слабада Зінаіда Маляўка ад імя вяскоўцаў ўручыла Вользе Тарасік каравай.

Павіншавалі ўсіх са святам галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Чэрвеньскага райвыканкама Валянціна Задзірава, а таксама дырэктар ААТ “Раванічы” Сяргей Кіпець і галоўны спецыяліст гаспадаркі па ідэалагічнай рабоце Тамара Цітавец. Яны выказалі асаблівую падзяку ветэранам за шматгадовую працу на карысць гаспадарцы і ўручылі падарункі. Іх атрымалі самыя старэйшыя жыхаркі: 89-гадовыя Тамара Аляксандраўна Равуцкая, Соф’я Іванаўна Равуцкая і 88-гадовая Таццяна Іванаўна Равуцкая. Багатыя гэтыя жанчыны не толькі на гады, але і на ўнукаў і праўнукаў.

Ветэранам працы, былым працаўніцам гаспадаркі Ганне Канстанцінаўне Сасункевіч, Алене Мікалаеўне Міхневіч, Марыі Іосіфаўне Яблонскай і Тамары Фёдараўне Равуцкай Вольга Тарасік уручыла “Сертыфікаты доўгажырара”. Усе гэтыя жанчыны працавалі даяркамі, у кожнай стаж работы складае больш за трыццаць гадоў. Алена Міхневіч узнагароджана ордэнам Дружбы народов. У Лідзіі Вікенцьеўны Мурашка 39 гадоў працоўнага стажу, з іх 25 – яна адпрацавала тэхнікам па штучнаму асемяненню кароў. Іх справу працягвае Марыя Анатольеўна Пахажай, якая з 17 гадоў працуе даяркай, а яе муж Аляксандр Міхайлавіч Казак – трактарыстам.

Ушанавалі і жыхара вёскі Анатоля Якаўлевіча Біндасава, які больш трыццаці гадоў адпрацаваў у лясной гаспадарцы. Яму ўручаны падарунак ад Чэрвеньскага лясгаса.
У вёсцы ёсць сямейная пара, якая ідзе па жыцці вось ужо 53 гады. Гэта Уладзімір Рыгоравіч і Соф’я Антонаўна Сасункевіч. Яны абодва маюць амаль па сорак гадоў працоўнага стажу. Соф’я Антонаўна працавала ў калгасе даяркай, Уладзімір Рыгоравіч – у лясгасе. Выгадавалі чатырох дачок, маюць шэсць унукаў. Ад гаспадаркі ім уручаны падарунак, а таксама “Сертыфікат якасьці сямейнага жыцця”. “Маладым” дружна крычалі “горка”.

З 65-гадовым днём нараджэння павіншавалі Марыю Аляксандраўну Владыка, старасту вёскі, з 75-гадовым юбілеем — Соф’ю Антонаўну Сасункевіч, а васьмігадовай Верачцы Грыбко ўручылі Дыплом самага малодшага жыхара вескі і падарунак.

Напрыканцы ўрачыстасці Тамара Ігнатовіч адзначыла: “Мы ўсе – адна вялікая сям’я, нас яднае наш агульны дом –вёска. І якой яна будзе, у многім залежыць ад нас».
Завяршылася свята канцэртам. Самадзейныя артысты – ансамбль народнай песні “Крыніца” Раваніцкага Дома кульуры, яго саліст Уладзіслаў Канапелька, спевакі Максім Даброцька, Наталля Гурыновіч парадавалі ўсіх удзельнікаў свята вясёлымі песнямі, пад якія людзі з задавальненнем танцавалі.

 

  • Рыгор Ладуцька.

 

Таццяна МАРЦЬЯНАВА.
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *