Вячаслаў Сасноўскі выказаў своё ўласнае меркаванне наконт пытання «Ці камфортна вам жыць у Смілавічах»

Люди и судьбы

Прачытаўшы адказы сваіх землякоў на пытанне газеты “Ці камфортна вам жыць у Смілавічах?” (№167-169 за 8 верасня), вырашыў выказаць наконт гэтага ўласнае меркаванне.

Само пытанне лічу вельмі актуальным. Па-першае, таму, што ў краіне абвешчаны Год малой радзімы. Па-другое, праз такія пытанні мясцовыя органы ўлады могуць лепш адчуць “пульс жыцця” жыхароў населеных пунктаў раёна, а значыць, больш актыўна вырашаць іх праблемы. Мяркую, падобную практыку апытанняў варта працягваць і пашыраць.

Пачаць мне хочацца з вызначэння паняцця “камфортнасць пражывання”. Калі казаць коратка, гэта сукупнасць бытавых выгод, утульнасць. Калі казаць шырэй, а большасць апытаных у Смілавічах прытрымлівалася якраз такога падыходу, – гэта тое знешняе асяроддзе, якое фарміруе настрой чалавека, яго задаволенасць ці незадаволенасць жыццём.

Маё дзяцінства і маладосць былі звязаны са Смілавічамі. Нават, калі вучыўся і працаваў у Мінску, ніколі не забываўся пра свой родны кут. Цяпер, калі стаў пенсіянерам, зноў вярнуўся сюды дажываць свой век. Нагадваю пра гэта толькі таму, каб сказаць пра тыя станоўчыя змены, што адбыліся ў гарадскім пасёлку за апошнія дзесяцігоддзі.

Смілавічы пашырылі тэрыторыю: пабудавана шмат дамоў, з’явіліся новыя вуліцы. Паселішча стала вельмі прыцягальным для мінчан, жыхароў Чэрвеня, якія будуюць і набываюць тут нерухомасць. Спрыяе гэтаму транспартна-геаграфічнае становішча Смілавічаў: блізкасць не толькі сталіцы з яе неабмежаванымі месцамі працы, чыгуначным вакзалам, установамі адукацыі і культуры, арганізацыямі гандлю, але і Нацыянальнага аэрапорта. Узмацненне сувязяў з Мінскам, раённым цэнтрам адбылося ў значнай ступені дзякуючы рэканструкцыі аўтамагістралі М-4 Мінск-Магілёў і з’яўленнем прыватных перавозчыкаў.

У саміх Смілавічах (як і паўсюдна ў краіне) істотна пашырылася гандлёвая сетка, пабудавана другая агульнаадукацыйная школа, створаны Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі. Па маім меркаванні, арганізацый гандлю сёння тут нават больш, чым трэба. Зразумела, яны ў пэўнай ступені вырашаюць праблему занятасці насельніцтва, аднак не менш важнымі павінны быць аб’екты вытворчасці. А вось тут ганарыцца асабліва няма чым. Пасля закрыцця гарбарнага завода, які даваў працу многім смілаўчанам, адзіным буйным вытворчым аб’ектам гарадскога пасёлка засталася валюшна-лямцавая фабрыка. Але яна сёння наўрад ці здольная вырашыць праблему занятасці мясцовага насельніцтва. Ды і ўмовы працы там непрывабныя для моладзі.

У выніку атрымліваецца, што, акрамя аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры, знайсці працу непасрэдна ў Смілавічах складана. Пакуль ратуе Мінск. Аднак, калі чалавеку за пяцьдзесят, штодня ездзіць туды ўжо цяжкавата, а да пенсіі дапрацаваць трэба. Таму, лічу, максімальнае набліжэнне месцаў працы і паслуг да жыхароў пасёлка павінна стаць важным клопатам мясцовых органаў улады на бліжэйшыя гады.

Зразумела, што не адзіным хлебам жыве чалавек. Для камфорту яму патрэбны яшчэ і відовішчы. На гэтую акалічнасць шмат з апытаных таксама звярталі ўвагу. На маю думку, месцаў для актыўнага адпачынку ў Смілавічах хапае. Ёсць некалькі стадыёнаў. У школах, ліцэі, каледжы працуюць спартыўныя залы. У Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі таксама можна знайсці заняткі не толькі для душы, але і для цела. Пры жаданні можна без праблем з’ездзіць у спартыўны комплекс “Ігумен” у раённым цэнтры. Бяда ў тым, што прыярытэтнымі сёння ў моладзі з’яўляюцца зусім не актыўныя віды заняткаў. Усё большую перавагу яна аддае гульням на камп’ютарах і гаджэтах, што адмоўна адбіваецца на здароўі. І гэта не можа не хваляваць. Магчыма, трэба больш актыўна прапагандаваць здаровы лад жыцця ў сям’і і школе. Чаму б, напрыклад, не правесці на стадыёне ў Смілавічах адзін-два футбольныя матчы з удзелам чэрвеньскага “Коласа” у рамках чэмпіянату вобласці?

Што тычыцца месцаў для пасіўнага адпачынку, то, на маю думку, смілаўчанам тут асабліва няма на што скардзіцца. Хаця былі сярод апытаных і незадаволеныя іх малой колькасцю. Тут усё залежыць ад узросту і фінансавых магчымасцяў жыхароў. Мяне ж найбольш хвалюе сітуацыя з вынасам гарпасялковай бібліятэкі з цэнтра Смілавічаў, практычна поўная адсутнасць вядомых майстроў культуры на сцэнах Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, каледжа, у летнім амфітэатры. Бо наўрад ці адзін музей Хаіма Суціна без арыгіналаў яго карцін выратуе культуру і ператворыць Смілавічы ў турыстычную меку.

Адзін з паказчыкаў камфортнасці пражывання смілаўчан – наяўнасць шэрагу культавых устаноў: праваслаўнай царквы, малітоўнага дома пратэстантаў, мячэці. У гады маёй маладосці пра іх нават марыць не даводзілася. Разам з тым, нельга не адзначыць, што яшчэ ў мінулым стагоддзі на тэрыторыі пасёлка існавала не адна сінагога. Аднак Халакост і масавая міграцыя габрэяў прывялі да таго, што сёння ў пасёлку іх амаль не засталося.

На жаль, даводзіцца казаць і пра тое, што пагаршае ўтульнасць пражывання. Самая балючая праблема Смілавічаў – дарогі. І хаця мясцовыя ўлады робяць захады да паляпшэння іх стану, гэтага недастаткова. Напрыклад на маёй Чырвонаармейскай вуліцы, якая знаходзіцца ў самым цэнтры пасёлка, летам з-за пылу ўтвараецца сапраўдная заслона. А ўвосень пры дажджлівым надвор’і яна ператвараецца ў балота. Не лепшым чынам выглядае праезная частка вуліц Калініна, Сонечнай, Юбілейнай і іншых.

Перакананы, што сітуацыю можна і трэба тэрмінова выпраўляць. На маю думку, вырашэнню дарожнай праблемы паспрыяла б справядлівае размеркаванне бюджэтных сродкаў (з улікам колькасці жыхароў і ўнёску ў бюджэт).

Яшчэ адна праблема пасёлка – адсутнасць водаправода. Без якаснай пітной вады нельга казаць не толькі пра камфортнасць пражывання, але і пра захаванне здароўя людзей. Уласныя свідравіны праблему не вырашаюць. Далёка не кожнай сям’і яны па кішэні. Ды і дзе гарантыя, што вада з іх будзе якаснай? Дык чаму б не аб’яднаць намаганні мясцовай улады і насельніцтва ў вырашэнні гэтай жыццёва важнай праблемы? Бо, як кажуць у народзе, пад ляжачы камень вада не цячэ.

Вячаслаў САСНОЎСКІ,
жыхар г.п. Смілавічы



1 комментарий по теме “Вячаслаў Сасноўскі выказаў своё ўласнае меркаванне наконт пытання «Ці камфортна вам жыць у Смілавічах»

  1. Актуальные проблемы Смилович поднял Вячеслав. Добавлю, что, без строительства крупной водонапорной башни, проблему экологического и доброкачественного водоснабжения населения Смилович не решить. До падения старой водонапорной башни, проблем с водой не было, и вода была качественная и вкусная. Ликвидировали все водоколонки по Смиловичам, негде попить воды, помыть руки, освежить лицо в жаркий день, как это было в советское время. И еще — проблема туалетов. Нет культурного общественного туалета в центре и вокруг. Один захолустный туалет только на территории рынка, и на подворье Церкви.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *